Для пачатку працэдуры памілавання Алег Сянцоў павінен самастойна звярнуцца да Уладзіміра Пуціна з такой просьбай. Пра гэта гаворыцца ў адказе маці рэжысёра ад упраўлення па забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзян пры адміністрацыі прэзідэнта Расіі, перадае «Громадське».
Папярэдняе рашэнне аб памілаванні прымае камісія па пытаннях памілавання і кіраўнік суб'екта. Канчатковае рашэнне прымае прэзідэнт, падкрэсліваецца ў дакуменце.
Маці Сянцова звярнулася да Пуціна з просьбай аб ягоным памілаванні 13 ліпеня. «Не буду Вас пераконваць у невінаватасці Алега, хоць сама ў гэта веру. Проста скажу, што ён нікога не забіваў. Ён ужо адседзеў чатыры гады ў турме. Яго чакаюць дзеці, малодшы сын пакутуе ад аўтызму. Ім кепска без яго. Яны ніколі не будуць шчаслівымі без бацькі», — напісала яна.