15.08.2018 / 09:13

Італьянская ўсмешка і поўны давер: памяці Мікалая Кірычэнкі 6

Вечар, калі я школьнікам глядзеў у Купалаўскім тэатры «Князя Вітаўта», я запомню назаўжды.

Нам дасталіся танныя квіткі трэцяга шэрагу балкона, у спектаклі сцэна была пасунутая ў залу, і калі артысты выходзілі ўглыб, то прыходзілася глядзець стоячы. Было нешта асаблівае ў тым, каб стоячы ўглядацца ў палітычныя перыпетыі стасункаў князя Вітаўта і Ягайлы, я прынамсі не памятаю, каб мы былі незадаволеныя. Палітычны трылер, «гульні прэстолаў», падлеткаў лёгка гэтым купіць.

Тады мне, вядома, быў больш сімпатычны Вітаўт у выкананні Генадзя Давыдзькі, але ўзнаўляючы спектакль па памяці разумею, што менавіта Мікалай Кірычэнка, выконваючы Ягайлу, зрабіў гэты спектакль настолькі напружаным і цікавым. Не цяжка сыграць подлага і хітрага інтрыгана, складана сыграць моцнага ўладара, які гатовы да смерці, каб плён яго спраў не быў разбураны… Ці шчырыя мы ў сваім раскаянні? Маладымі мы шкадавалі, што Вітаўт захаваў Ягайлу жыццё. Хіба цяпер я разумею, што выбар стаяў зусім не так… Ягайла (прынамсі ў п'есе Дударава, менавіта так яго сыграў Кірычэнка) даў магчымасць Вітаўту не забіваць сябе і такім чынам спыніць братазабойную вайну.

Успамінаючы калізіі гэтага спектакля хіба магчыма забыцца на манеру Мікалая Міхайлавіча, размаўляючы, увесь час пранізліва ўглядацца. Ніколі нельга было быць пэўным, што ён ухваляе твае словы, але ў нейкі час Кірычэнка адорваў цябе сваёй італьянскай усмешкай і ўвесь недавер нібыта раставаў. Калі гэта і быў хітрык, то зусім нейкі просты, двуххадовы. Пераадолеўшы гэтую першасную праверку, ты мог прэтэндаваць на яго поўны давер. У Беларусі гэта настолькі рэдкі і каштоўны рэсурс, што мала хто ўмеў ім карыстацца належным чынам.

Адзін з самых пранізлівых спектакляў купалаўцаў апошніх дзесяцігоддзяў - гэта «Вечар», таксама твор Аляксея Дударава.

П'еса гралася так, як быццам даўным-даўно зрабілася класікай, хаця напісана адносна нядаўна. Вёска, прырода, прадметы побыту ў спектаклі ўспрымаліся абстракцыяй у вакууме, быццам у нейкай колбе часу. І самымі жывымі ў гэтым спектаклі аказваліся артысты. Цудоўная ідэя Валера Раеўскага спарадзіла адзін з самых шыкоўных спектакляў «старога, добрага Купалаўскага», бо менавіта на артыстах ён заўсёды трымаўся. Кірычэнка вельмі свабодна трымаўся на сцэне, ён ведаў, што яму не трэба граць, яго характарная знешнасць адразу стварала ў гледача прадузятасць, і ён не імкнуўся гледача наўмысна пераўпэўніваць. Мікалай Міхайлавіч карыстаўся раскошай уважліва слухаць партнёра, і часам незаўважна для ўсіх раскрываў у сваім персанажы сапраўдныя чалавечыя ноткі, і гэтым вобраз атрымліваўся насуперак гэтай самай прадузятасці. Гастрыт у «Вечары» напісаны цалкам адмоўным персанажам, у Кірычэнкі атрымліваўся герой, які дбае пра справядлівасць і атрымлівае яе за сконам. Над ім сказаны словы малітвы, якой сканчваецца п'еса:

«Прыйшла яго ноч, прыйшоў наш вечар…»

…Але менавіта праз гэтую малітву ў п'есе на самым яе канцы прыходзіць надзея, што чортава кола будзе разарванае…

Я шмат кантактаваў з Мікалаем Кірычэнкам падчас працы ў дырэкцыі тэатральнага форуму ТЭАРТ. Ён дбаў пра тое, каб яго вучні былі сярод валанцёраў форуму і актыўна ўдзельнічалі ў яго праектах. Цікавы прыклад, як Кірычэнка ўмеў даверыцца, звязаны з маладым італьянскім рэжысёрам Матэа Сп'яцы. Я прапанаваў, каб той, нікому невядомы, прыехаў і даў майстар-клас камедыі дэль артэ для студэнтаў. Кірычэнка паверыў на слова, не папрасіў ні рэзюмэ, ні відэа, даў доступ у аўдыторыю і загадаў студэнтам слухацца цэлы тыдзень. За тыдзень Сп'яцы зрабіў са студэнтамі такую смешную камедыю, што адразу атрымаў прапанову ад Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага. Хросным бацькам цудоўных спектакляў Матэа Сп'яцы ў Мінску застанецца Мікалай Міхайлавіч Кірычэнка.

Ён быў улюбёны ў сваю прафесію, жыў праз магчымасць выходзіць на сцэну, рэпетаваць і граць спектаклі, радаваўся добраму слову пра сваю працу, цікавіўся навінкамі, спрачаўся пра спектаклі, не саромеўся пры гэтым карыстацца сваёй акцёрскай абаяльнасцю, каб быць у гэтых спрэчках больш пераканаўчым. Верыў у маладых, у сваіх вучняў, клапаціўся пра іх, сачыў за іх поспехамі…

Узімку я бачыў Кірычэнку ў прэм'еры спектакля «Зямля Эльзы», дзе ён сыграў закаханага старэчу. Пранізлівую гісторыю перадсмяротнага кахання ён граў проста і мужна. У сталым веку ты кахаеш і ў твайго шчасця няма будучага, а ёсць толькі цяпер.

Неяк так ён і жыў.

Аляксей Стрэльнікаў

2
На Дзень Волі 1996-га / Адказаць
15.08.2018 / 09:40
калі па праспекце, тады яшчэ Скарыны, у бок плошчы Перамогі ішла дэманстрацыя з дзясяткаў тысяч людзей, я бачыў Кірычэнку. Ён выйшаў ад Купалаўскага - мо на рэпетыцыі быў - да праспекта, стаяў і глядзеў. Гэта ўспрымалася як большая падтрымка, чым калі б ён пайшоў з дэманстрацыяй. Так яго магла бачыць большая колькасць людзей.
14
сік / Адказаць
15.08.2018 / 09:41
Стары тэатральеы планктон, для яго тэатр і беларусчына былі месцам здабывання сродкаў на існаванне. Заўжды ладзіў з любой ўладай, і ніколі з ёй не канфліктаваў. Беларусь страціла аднаго з грамадзянаў, ні болей, ні меней. Не трэба рабіць з памерлага выдатнага актора, і тым болей сумленнага беларуса. Давайце без захапляльнага ляманту. Проста памаўчым па звычайнаму нябожчыку.
3
Антон / Адказаць
15.08.2018 / 10:07
Тоже в школе смотрел Вітаўта . Хоть Ягайла был и неприятен по сюжету, но запомнил именно его. И подсел на Купаловский благодаря ему, Светлая память
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру