Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў некарэктным паведамленні СМІ пра адмову Крамля ў памілаванні ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.
Пра гэта Пяскоў сказаў у размове з журналістамі, адказваючы на пытанне, ці звязана гэтая адмова з адсутнасцю асабістага звароту рэжысёра, хоць у сітуацыі з памілаваннем Надзеі Саўчанка, асуджанай у Расіі за дачыненне да гібелі расійскіх журналістаў на Данбасе, асабістага звароту таксама не было.
«Мне па-ранейшаму няма чаго дадаць па [Алегу] Сянцову, вы ведаеце, што ёсць дзеючае заканадаўства», — заявіў Пяскоў. Прэс-сакратар прэзідэнта адзначыў, што ўжыванне фразы «Крэмль адмовіў у памілаванні» з юрыдычнага пункту гледжання з'яўляецца некарэктным, бо самой просьбы аб памілаванні з боку рэжысёра не было.
«У цэлым мне дадаць няма чаго», — сказаў Пяскоў.
У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што маці Сянцова, асуджанага па абвінавачванні ў тэрарызме да 20 гадоў, звярнулася да расійскага прэзідэнта з просьбай памілаваць яе сына.