Рауль, аўтар трох мячоў у вароты баскаў. Але гэтага не хапіла для перамогі. Фота realmadrid.com
У першым матчы, нагадаем, баскі перамаглі — 3:2, таму за кошт мячу, праведзенага на апошняй хвіліне ўчорашняга матчу, менавіта яны выйшлі ў 1/8 фіналу Каралеўскага кубку.
Ва ўчорашнім матчы каманда трэцяга гішпанскага дывізіёна двойчы вяла ў ліку — 1:0, і 2:1, але галактыкас забілі потым тры галы запар, лік стаў 4:2, і, здавалася, мадрыдцы ў наступным этапе. Але гол Энэка Ромы на апошняй хвіліне вывеў каманду з Краіны баскаў у 1/8 фіналу.
У мадрыдзкага «Рэала» хет‑трык на рахунку Рауля. Яшчэ адзін мяч забіў Альбэрта Буэна.
Кастыльскі клюб выйшаў на поле ў наступным складзе: Дудэк, Мічэ Сальгада, Мэтцэльдэр, Марсэла, Фабіё Канавара (Хаві Гарсія, 47), Снайдэр, Гаго, Ван дэр Ваарт, Дрэнтэ (Буэна, 62), Рауль, Савіёла (Ігуаін, 82).
***
Сёньня будзе згуляна 13 матчаў Каралеўскага кубку. «Барсэлёна», за якую выступае Аляксандар Глеб, згуляе з «Бэнідормам» — таксама клюбам трэцяга гішпанскага дывізіёна. Два тыдні таму каталёнскі клюб выйграў у гасьцях 1:0.
***
Нагадаем, што 25 лістапада «Рэал» правядзе ў Менску матч Лігі чэмпіёнаў з барысаўскім БАТЭ.
Наступны матч чэмпіянату Гішпаніі «Рэал» правядзе ў гасьцях супраць «Вальядаліду» (15 лістапада), а 23 лістапада, напярэдадні паездзкі ў Менск, ‑‑ дома супраць «Рэкрэатыва», што займае цяпер 18-е месца.
Ці спрацуе зноў закон супернікаў БАТЭ?
Г.зн. наш супернік так гуляў з барысаўскім клюбам у Лізе чэмпіёнаў, як напярэдадні ў сваім чэмпіянаце.
«Зэніт» згуляў 18 кастрычніка ўнічыю са «Спартаком» з Нальчыку (2:2) — і праз тры дні унічыю з БАТЭ ў Санкт‑Пецярбургу, выйграў 1 лістапада ў «Хімак» (1:0) — перамог 5 лістапада ў Менску.
«Ювэнтус» 27 верасьня згуляў з «Сампдорыяй» унічыю (0:0), 30 верасьня -- 2:2 з БАТЭ.
Мадрыдзкі «Рэал» 14 верасьня перамог «Нумансію» (4:3), 17 верасьня выйграў на «Санцьяга Бэрнабэў» у БАТЭ (2:0).
***
15:52
Што да БАТЭ, то ён сёньня згуляў прапушчаны матч 25-га туру з «Савітам», які пакідае вышэйшую лігу. Барысаўскі клюб выйграў у Магілёве зь лікам 1:0 (на 36-й хвіліне з пэнальці вызначыўся Сівакоў).
Апошні, 30 тур, пройдзе ў нядзелю. БАТЭ дома згуляе зь «Віцебскам».