15.08.2018 / 14:48

Хто можа стаць наступным прэм’ер-міністрам Беларусі? 68

Падчас нарады па комплексным развіцці Оршы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу ўрада, які, па ягоных словах, «па-пафігісцку ставіцца да даручэнняў прэзідэнта».

«На гэтым тыдні ўнесці прапановы па змене ўсяго кіраўніцтва ўрада, усёй вярхушкі. Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім цяжка, як ім складана», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнічкі Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Такім чынам, ужо найбліжэйшым часам можна чакаць вялікіх кадравых перастановак, уключаючы кіраўніка ўрада. Андрэй Кабякоў займае сваю пасаду ад снежня 2014 года.

«НН» прапануе агляд магчымых кандыдатаў на дадзенае месца. За часы Лукашэнкі прэм’ерамі пабывала ўжо сямёра чалавек. І ўсе яны былі, як прынята казаць, «моцнымі гаспадарнікамі». Таму варыянты, што ўрад узначаліць Ігар Шуневіч, Уладзімір Макей ці Валерый Вакульчык, былі б вялікай навацыяй. 

Натуральна, што ніякай гарантыі таго, што менавіта нехта з нашага спісу стане асобай №2 у краіне, няма. Тым не менш казаць аб пэўных кандыдатах можна.

Андрэй Кабякоў

Фота Сяргея Гудзіліна.

Лукашэнка ўсё ж перадумвае і не адпраўляе Кабякова старшынёй Рагачоўскага райвыканкама. Такі ж варыянт абсалютна імаверны. Ну пагарачыўся, сказаў на эмоцыях, заўтра ўсе забудуцца. А Кабякоў рупліва робіць сваю працу. Гэтага чалавека зусім не западозрыш у палітычных амбіцыях, ён блякне нават на фоне двух іншых папярэдніх прэм’ераў Сідорскага і Мясніковіча. Кабякоў, які папрацаваў паслом у Маскве, добра ведае расійскія парадкі. Як дамовіцца з Крамлём па тым ці іншым пытанні. На Захад прэм’ер не дужа глядзіць, але для гэтага ў Лукашэнкі ёсць Макей.

Васіль Мацюшэўскі

Фота Сяргея Гудзіліна.

Першы віцэ-прэм’ер родам з той самай Оршы, якая, магчыма, будзе каштаваць месца прэм’ера Кабякову. Мацюшэўскі адпавядае духу часу ў сваіх манерах, адзенні, размовах. Ён умее падбіраць модныя пінжакі і туфлі, ідэальна размаўляе па-англійску. Структурныя рэформы ад Мацюшэўскага праводзяцца вельмі паволі. І тут пытанне вось у чым: ці не дазволілі, ці віцэ-прэм’ер сам збаяўся, палічыўшы за лепшае праводзіць невялікія змены, не ламаючы ўсю сістэму цалкам.

Кірыл Руды

Фота Сяргея Гудзіліна.

А гэта акурат мог бы быць радыкальны варыянт. Пасол Беларусі ў Кітаі ўжо даўно заклікае кіраўніцтва краіны сесці на «фінансавую дыету», каб аздаравіць эканоміку. Напрыклад, Руды прапануе вывесці прадпрыемствы з падначалення міністэрстваў, каб яны самастойна акунуліся ў канкурэнтнае асяроддзе. На ягоную думку, пакуль у краіне не з’явіцца шырокі пласт уласнікаў, у эканоміцы не з’явяцца правільныя стымулы для развіцця. Ідэі Рудага ў свой час для Лукашэнкі аказаліся занадта рэвалюцыйныя, таму яго саслалі паслом у Кітай. Магчыма, цяпер пасьянс ляжа па-іншаму.

Бяда ў тым, што Руды ніколі не меў у падначаленні вялікай колькасці людзей. А Лукашэнку ўсё ж трэба вопытны гаспадарнік.

Сяргей Румас

Фота Сяргея Гудзіліна.

На час віцэ-прэм’ерства Сяргея Румаса прыпаў фінансавы крызіс 2011 года. Сам віцэ-прэм’ер запомніўся некаторымі сваімі рынкавымі прапановамі, а таксама перапалкай з памочнікам прэзідэнта па эканоміцы Сяргеем Ткачовым. Утрымацца доўга на пасадзе Румас не змог. Яго адправілі ў дастаткова спакойнае крэсла старшыні праўлення Банка развіцця, а таксама ён застаўся кіраваць Беларускай федэрацый футбола. Румас мог бы стварыць пазітыўны вобраз новага ўрада, ён абаяльны і ўмее трымацца перад камерай. Пры гэтым ён не падобны да чалавека, які гатовы праводзіць «шокавую тэрапію».

Мікалай Снапкоў

Фота Сяргея Гудзіліна.

Магілёўскі эканаміст Снапкоў вельмі даўно ў кіроўчай абойме. Ён перажыў шматлікія кадравыя ператрусы. Снапкоў быў міністрам эканомікі, цяпер адказвае за гэты напрамак у Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта разумны чыноўнік, які мае рэпутацыю асцярожнага ліберала. На пярэдні край Снапкоў не імкнецца высоўвацца. Палітычных заяваў не робіць ніколі. Снапкоў ідэальны вінцік гэтай сістэмы. Працу на чале ўрада ён бы яўна не запароў, але ці быў бы ён прэм’ерам росту, сказаць вельмі складана.

Аляксандр Косінец

Фота kp.by.

Цяпер Косінец займае хоць і не дужа публічную, але дастаткова важную пазіцыю памочніка прэзідэнта. Медык па адукацыі, Косінец шмат гадоў кіраваў Віцебскай вобласцю. Ён быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта і віцэ-прэм’ерам. Здаецца, што Косінец быў бы гатовы ўзяцца за любую працу і верна служыць кіраўніцтву.

Сяргей Сідорскі

Фота souzveche.ru.

Давайце разгледзім і такія варыянты. Тым больш, што апошнім часам цыркулююць чуткі, што Сідорскі дапрацоўвае апошнія дні міністрам прамысловасці Еўразійскай эканамічнай камісіі. Ну, прызначалі некалі Мальцава двойчы міністрам абароны, а Русага — двойчы міністрам сельскай гаспадаркі. Чаму б і з прэм’ерам не паўтарыць такі фокус? Сідорскі, мабыць, яшчэ не забыўся на старую працу і хутка змог бы ўвайсці ў старую баразну.

Анатоль Ісачэнка

Фота pravo.by.

Сярод «губернатараў» цяпер няма яркіх асоб калібру Сямёна Шапіры ці Барыса Батуры. Нават цяжка сходу ўзгадаць, хто ж там кіруе Брэсцкай ці Віцебскай вобласцю. Адзначыць хіба можна старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачэнку. Гэты чалавек узначальваў лукашэнкаўскі саўгас «Гарадзец». Шмат працаваў на розных пасадах у Магілёўскай вобласці. Такія кадры любіць Лукашэнка. Адметна, што менавіта з Ісачэнкам сустрэўся Лукашэнка пасля «інсульту», які прыпісалі яму расійскія СМІ.

Згаданы вышэй Шапіра, можа, і пацягнуў бы ўрад, але ўжо доўга сядзіць зусім без працы.

Алена Кудравец

Фота kp.by.

Адміністрацыяй прэзідэнта жанчына кіруе дастаткова бадзёра. Працай Качанавай Лукашэнка публічна не абураўся. Чаму не зрабіць і прэм’ерам прадстаўніцу найлепшай паловы чалавецтва? Мабыць, на такую пасаду магла падысці кіраўнічка Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец. Досведу яна ўжо набралася, цяпер можа ісці на павышэнне.

Зміцер Панкавец

28
Тимур / Адказаць
15.08.2018 / 14:53
Незыгарь сообщил, что будет либо Матюшевский либо Рудый.
1
Гыгы / Адказаць
15.08.2018 / 15:02
Всё это пустое-пока глвного члена не поменяешь...

1
Андрей / Адказаць
15.08.2018 / 15:03
Какая разница кто?
Паказаць усе каментары/ 68 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру