Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад Дзяніса Івашына. Такія патрабаванні выстаўленыя ў пазове аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, што падаў у суд Савецкага раёна Мінска спадар Ізраілевіч.

Па меркаванні Ізраілевіча, «рэдакцыяй газеты «Новы час» былі апублікаваныя шэраг артыкулаў, якія істотна парушаюць такія нематэрыяльныя правы, як гонар, годнасць і дзелавая рэпутацыя, якія належаць мне (Ізраілевічу) і ахоўваюцца законам».

Па ягоным меркаванні, артыкулы аўтара Дзяніса Івашына «па сваім змесце ў цэлым і асобныя выказванні аўтара, у прыватнасці, змаляюць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю».

Як кажа Ізраілевіч, са зместу артыкулаў яўна вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» з'яўляюцца канцавым бенефіцыярам будаўніцтва рэстарана ў Курапатах. Ізраілевіч адзначае, што будаўніцтва рэстарана «Паедзем, паядзім» выклікае «супярэчлівыя» водгукі сярод грамадства. «У шэрагу асобаў пасля прачытання артыкулаў склалася ўстойлівае негатыўнае стаўленне да мяне як да бізнесмена, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзела атрымання камерцыйнай выгады», — піша Ізраілевіч.

Ён адзначае, што пасля выхаду артыкулаў на яго старонкі ў сацыяльных сетках «пачалі паступаць скрайне непрыемныя і нават зняважлівыя каментары».

Адначасова Ізраілевіч не хавае, што асабіста знаёмы з бізнесоўцамі — фігурантамі расследавання Івашына, аднак «не маю ніякіх юрыдычных адносінаў да будаўніцтва рэстарана «Паедзем, паядзім» і тым кампаніям, якія пералічаныя ў артыкуле».

Ізраілаевіч падкрэслівае, што ў яго добрая рэпутацыя ў бізнесе, а яго кампанія існуе 26 гадоў, і звяртаецца да пратаколу пасяджэння навукова метадычнай рады па Курапатах №115 ад 20.12.2005 года, сябрам якога быў Аляксей Мартынаў. У гэтым пратаколе Мартынаў быў пазначаны, як галоўны архітэктар «ІВ». «На падставе гэтага Дзяніс Івашын выбудоўвае звязаны са мною карупцыйны падтэкст», — сцвярджае Ізраілевіч і піша, што насамрэч Мартынаў быў звольнены з «ІВ» яшчэ 21.01.2005.

«… Такім чынам, я вымушаны пастаянна апраўдвацца і даказваць сваю недатычнасць да будаўніцтва рэстарана, у цэлым, і да пытанняў прыняцця рашэнняў па гэтым аб'екце, у тым ліку шляхам уцягвання ў гэты працэс службовых асобаў у прыватнасці», — піша бізнесовец.

«Лічу, што апублікаваныя артыкулы прыніжаюць мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю ў грамадскім меркаванні і меркаванні асобных грамадзян з пункту погляду выканання законаў і норм маралі, у сувязі з чым я адчуваю пачуццё крыўды, несправядлівасці, а таксама перажывання з нагоды верагоднасці зніжэння грамадскай ацэнкі маіх маральных і дзелавых якасцяў. Распаўсюджаныя адказчыкамі звесткі ўяўляюць мяне перад іншымі асобамі ў негатыўным святле, з-за чаго я адчуваю моцныя эмацыйныя перажыванні, перыядычна горшае і маё фізічнае самаадчуванне».

На падставе гэтага спадар Ізраілевіч патрабуе абвяржэння звестак, якія, па яго меркаванні, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, і думае, што 40 тысяч рублёў ад «Новага Часу» і тысяча ад Івашына дапамогуць яму перажыць «пачуццё крыўды і несправядлівасці».

Папярэдняе судовае пасяджэнне прызначана на 29 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?