Ураджэнец Гомеля Генадзь Караткевіч перамог на міжнародных спаборніцтвах па праграмаванні Google Code Jam у Таронта. Ён стаў першым пяціразовым чэмпіёнам, піша Dev.by.
Google Code Jam праводзяць з 2003 года. Спаборніцтвы з'яўляюцца адным з самых масавых і прэстыжных чэмпіянатаў па праграмаванні ў свеце.
У гэтым годзе колькасць удзельнікаў перавысіла 60 тысяч чалавек. Па ўмовах спаборніцтва, кандыдаты на перамогу павінны былі рашыць пяць задач за чатыры гадзіны. Заданні разбітыя на дзве часткі — «простую» і «складаную». У гэтым годзе была і асаблівасць: калі раней праграмісты маглі выбіраць АС, у якой будуць працаваць, то ў 2018-м на ўсіх спаборніцкіх ПК стаяў толькі Linux.
Беларус набраў 104 балы, якіх было дастаткова, каб атрымаць галоўны прыз у 15 тысяч даляраў.
Караткевіч плануе працягнуць навучанне ў аспірантуры ў Санкт-Пецярбургу. Больш за тое, адзін з уступных экзаменаў ён здаў дыстанцыйна з Таронта.
23-гадовы Генадзь Караткевіч — адзін з самых тытулаваных спартыўных праграмістаў у свеце. Акрамя Google Code Jam, за яго плячыма дзве перамогі на міжнародным чэмпіянаце па праграмаванні ACM ICPC і пяць перамог у «Яндэкс.Алгарытме».