16.08.2018 / 16:47

«Бесапатам»: усе найлепшыя творы Юрыя Станкевіча ў адной кнізе 3

На гэтым тыдні ў выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга «Бесапатам» празаіка Юрыя Станкевіча. Кнігу складаюць напісаныя ў розныя гады раман «Любіць ноч — права пацукоў», аповесці «Апладненне ёлупа», «Лавец святла поўні», «Бесапатам», а таксама некалькі апавяданняў.

Кнігі аўтара выклікаюць чытацкі розглас і вострыя спрэчкі. Для твораў Юрыя Станкевіча характэрныя напружаны сюжэт, алегарычнасць, няпростыя, часам шокавыя сітуацыі і развагі пра будучыню.

Праблемы, якія ставіць аўтар, выходзяць далёка за ўнутрыбеларускі кантэкст і тычацца лёсу еўрапейскай цывілізацыі.

«Гэтая рэч [»Любіць ноч — права пацукоў»] — шыкоўная. Яе атмасфера зацягвае з першых радкоў, трымае так, што і перапыніцца няма на чым. І спыняўся часам толькі таму, што задушвала — ну немагчыма было столькі трываць. Хоць належнае трэба майстру аддаць — наколькі Юрый Станкевіч малюе чорнае з першых радкоў, настолькі ж выразна бачны шлях да святла», — кажа пісьменнік Валер Гапееў.

Набыць кнігу можна на сайце і ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 47). Яе кошт — 15,8 рублёў.

«Галіяфы» — незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2007. Спецыялізуецца на выданні мастацкай літаратуры сучасных аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове і кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь. 

Сачыце за навінамі выдавецтва ў фэйсбуку, укантакце і інстаграме.

0
папагена / Адказаць
16.08.2018 / 17:07
Здорава, абавязкова куплю, але хочацца новы раман. Ці хаця б некалькі апавяданняў. Спадар Юры, будзьце ласкавы, чакаем!
0
Кропкабай / Адказаць
16.08.2018 / 18:08
Выдатная навіна! "Любіць ноч - права пацукоў" чытаў у студэнцтве, зрабіла на мяне вялікае ўражанне. А потым кніжка знікла, напэўна, нехта ўзяў пачытаць. Шукаў некалькі год у крамах, каб перачытаць, і вось нарэшце яна з'явілася! Абавязкова набуду.
0
Чытач / Адказаць
16.08.2018 / 20:43
Выдатная навіна! Даўно чакалі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру