фота pixabay.com

фота pixabay.com

Як толькі дзіцяці з гета (тэрмін афіцыйна выкарыстоўваецца дацкімі ўладамі) спаўняецца 1 год, яно будзе абавязана наведваць такія заняткі мінімум 25 гадзін на тыдзень. У першую чаргу на ўроках «дацкіх каштоўнасцей» дзеці будуць вывучаць мову і культуру краіны, у тым ліку хрысціянскія святы, такія як Каляды і Вялікдзень. Калі бацькі-мігранты адмовяцца адпраўляць дзяцей на такія заняткі, іх могуць пазбавіць усіх сацыяльных выплат.

Гэтае рашэнне дацкага ўрада — не проста адзінкавая мера, накіраваная на хуткую інтэграцыю мігрантаў, а частка шырокай ініцыятывы, мэта якой — ліквідацыя ўсіх мігранцкіх гета ў краіне да 2030 года.

У рамках гэтай ініцыятывы ўрад таксама спрабуе знішчыць гета пры дапамозе эканамічных стымулаў. Напрыклад, этнічных датчан будуць стымуляваць перасяляцца ў раёны былых гета, а мігрантаў з гета будуць рассяляць у раёны са значным дамінаваннем карэннага насельніцтва. Таксама нядаўна ўрад забараніў жанчынам насіць буркі і іншую вопратку, якая засланяе твар. За парушэнне — штраф да $1600. Некаторыя найбольш радыкальныя дэпутаты прапаноўвалі пайсці яшчэ далей: аўтаматычна падвойваць пакаранні за здзейсненыя ў гета злачынствы, а таксама чапляць на дзяцей з гета спецыяльныя бранзалеты, аднак гэтыя прапановы пакуль не былі прынятыя.

Гета — не проста абстрактная назва, а вызначаны ў дацкім заканадаўстве тэрмін, які павінен адпавядаць як мінімум двум з гэтых трох крытэраў:

  • як мінімум 50% насельніцтва — мігранты з незаходніх краін;
  • як мінімум 40% насельніцтва — беспрацоўныя;
  • як мінімум 2,7% насельніцтва здзяйснялі крымінальныя злачынствы.

Усяго ў такіх гета жыве каля 60 тысяч чалавек — пад 1% насельніцтва Даніі. У першую чаргу гэта выхадцы з Турцыі, Сірыі, Ірака, Лівана, Пакістана і Самалі.

Пазіцыя цяперашніх улад наконт будучыні гета выразная. Прэм'ер-міністр Даніі Ларс Лёке Расмусэн сказаў:

«Гета павінны знікнуць… Нам трэба кардынальна змяніць метад вырашэння гэтых праблем».

Цікава, што такія жорсткія законы ў Даніі былі прынятыя пры супрацоўніцтве лібералаў і нацыяналістаў. Ліберальная партыя Даніі, якая ўзначальвае кіроўную кааліцыю, вызнае кансерватыўны лібералізм, і ў адрозненне ад сацыял-лібералаў, выступае за больш строгі кантроль нелегальнай міграцыі і скептычна ставіцца да мультыкультуралізму.

Падтрымала законы і кансерватыўная нацыяналістычная Народная партыя Даніі, якая на апошніх парламенцкіх выбарах дамаглася вялікіх поспехаў і набрала 21,1% галасоў выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?