2300 беларусаў удзельнічалі ў сустрэчы з Папам у Варшаве – гэта зьвесткі польскае памежнае службы. Сапраўды, на пляцы Пілсудзкага скрозь былі бел-чырвона-белыя сьцягі. Як відна, беларусы моцна прывязаліся да сваіх нацыянальных колераў. Беларуская мова была адной з трох, якія ўжываліся на варшаўскім набажэнстве. Акрамя яе, малітвы гучалі па-польску і па-ангельску. Выкарыстаньне беларускай мовы Касьцёлам стае добраю традыцыяю. Гэта важная азнака яе адраджэньня.

Але ня гэта прыцягнула найбольшую ўвагу падчас першага вялікага візыту Папы.

Малітву на беларускай мове прачытаў беларускі студэнт з Варшавы Зьміцер Гурневіч -- былы палітвязень менскай турмы на вуліцы Акрэсьціна. З папскага алтара па-беларуску прагучаў заклік маліцца за свабоду і чалавечую годнасьць: «Памятаючы пра тое, што людзі розных расаў, нацыянальнасьцей і народаў зьяўляюцца адной сям’ёй, молімся за свабоду і пашану годнасьці кожнага чалавека, асабліва ў тых краінах, дзе парушаюцца і абмяжоўваюцца грамадзянскія правы – каб ніхто не цярпеў ад прымусу, дыскрымінацыі і прычыненай крыўды».

Выбар Зьмітра Гурневіча быў зроблены калі не самымі беларускімі біскупамі, дык зь іхнага ведама, а таму ня можа быць выпадковым.

Дагэтуль улады з Касьцёлам лічыліся і на канфлікт не ішлі, калі ня браць пад увагу шавіністычных штучак кшталту падручніка гісторыі Трашчанка. А Касьцёл быў асьцярожны і ўнікаў тэмы палітычных свабодаў і правоў чалавека. Цяпер з боку Касьцёлу прагучала выразнае пасланьне салідарнасьці і пратэсту. Касьцёл зрабіў яго ў стрыманай і непалітызаванай форме. Пасьля выбараў, а ня перад імі. Пасьля Плошчы, дзе некаторыя ксяндзы вырашылі заставацца з сваімі вернікамі.

У сілу гістарычных абставінаў, беларускі Касьцёл ня можа быць па-за ўплывам польскага ўспрыманьня сытуацыі ў Беларусі. Але дарма сьпісваць настроі ў ім толькі на замежны ўплыў. Гэта таксама адбітак прыхільнасьцяў малодшага пакаленьня беларускіх ксяндзоў і сьвецкага актыву, з пакаленьня незалежнасьці. Касьцёл чуйна прыслухоўваецца да сьвету. І лічыць сябе досыць кансалідаваным, каб не баяцца рэакцыі ўладаў кшталту той, якая напаткала Саюз палякаў ці меншыя пратэстанцкія цэрквы.

Усё шырэйшыя слаі патрабуюць дэмакратычных рэформаў і грамадзянскіх свабодаў. На сустрэчы з Бэнэдыктам прагучала недвухсэнсоўнае пасланьне Касьцёлу, і ўладам Беларусі варта над ім задумацца.