08.09.2018 / 09:19

Што рабіць, калі вы згубілі (або ў вас скралі) пашпарт за мяжой 8

Застацца без пашпарта за мяжой? Непрыемна, але не катастрофа. Галоўнае, не нервуйцеся: дадому вярнуцца вы зможаце. Хіба што выдаткуеце крыху часу на разрульванне гэтай праблемы. Ніжэй знаёмім вас з алгарытмам дзеянняў, апрабаваным на ўласным досведзе.

Найперш вам патрэбна звярнуцца ў мясцовую паліцыю. Там вы напішаце заяву аб крадзяжы ці страце з указаннем дэталяў, а наўзамен вам выдадуць даведку аб страце пашпарта.

Далей вам спатрэбяцца дзве фатаграфіі. Памеры здымкаў — як у пашпарце, 3,5х4,5 см. Калі пры сабе фота не маеце, давядзецца рабіць па месцы знаходжання. У еўрапейскіх краінах фотабудкі звычайна ёсць у падземных пераходах, у іх камплект патрэбных вам фатаграфій будзе каштаваць каля 5 еўра.

Цяпер трэба звярнуцца ў амбасаду або консульства Беларусі. Калі такога няма, то ў беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва адной з сумежных краін. Звычайна амбасады працуюць у першай палове дня. Пералік айчынных прадстаўніцтваў можаце глядзець тут.

Прыхапіце з сабой выдадзеную ў паліцыі даведку аб страце пашпарта, 2 фота (3,5х4,5 см), 20 еўра (іх спаганяе консульства за падрыхтоўку паперкі, з якой вы ў перспектыве зможаце вярнуцца на радзіму) і копіі вашага пашпарта або іншых дакументаў. Не маеце — папрасіце ў сваякоў выслаць сканы.
Так супрацоўнікі амбасады ці консульства змогуць у самы кароткі тэрмін вызначыць вашу асобу, а калі дакументаў у вас няма, то на гэта пойдзе некалькі дзён.

У пасольстве вам выдадуць пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь, якое будзе дзейнічаць паўгода. Вырабляецца яно да 1 месяца, але са сканамі дакументаў звычайна не болей за дзень. З гэтым дакументам вы зможаце пакінуць краіну і заехаць у Беларусь. Тым часам ваш згублены пашпарт анулююць, каб ім ніхто болей не змог скарыстацца.

Цягам аднаго месяца пасля прыезду вам трэба звярнуцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі і здаць пасведчанне на вяртанне. Пазней, праз два тыдні ці месяц (у залежнасці ад таго, ці будзеце даплочваць за тэрміновасць вырабу), зможаце атрымаць новы пашпарт.

Звярніце ўвагу!

Калі ў вас скралі не толькі пашпарт, але і грошы, і вы не можаце заплаціць консульству 20 еўра, то ёсць два варыянты выйсця: пазычыць або папрасіць сваякоў зрабіць перавод Western Union. Пазычыць можна ў кагосьці з мясцовых, а пасля пераслаць выплату. Або можаце паспрабаваць «пазычыць» у консульства, пісьмова патлумачыўшы сітуацыю. У такім выпадку грошы вярнуць трэба будзе ўжо пасля вяртання ў краіну.

Асабліва пільна варта паставіцца да зваротнага маршруту. Справа ў тым, што пасведчанне на вяртанне дае вам права толькі заехаць у сваю краіну, але не адмяняе неабходнасць візаў у іншых дзяржавах. Такім чынам, калі вы апынуліся без пашпарта ва ўмоўнай Італіі, з якой зручна лаўкостамі ляцець у Беларусь праз Вільню або Варшаву, то вы, па законе, не можаце гэтага правярнуць, бо ў Літву ці Польшчу патрэбная шэнген-віза. Таму давядзецца ляцець або наўпрост у Мінск-2, або транзітам праз Кіеў / Маскву. Ці можна прыехаць загадзя ў мясцовы аэрапорт і спрабаваць дамовіцца, каб вас пусцілі ў самалёт без пашпарта. Імавернасць станоўчага адказу малая, але на ўласным досведзе паведамляем, што ўсё рэальна. Нам, праўда, спатрэбілася каля чатырох гадзін, каб дамовіцца з кіраўніцтвам аэрапорта пра падобную аперацыю.

Калі вы паведаміце ў консульства пра страту пашпарта, яго анулююць. Але здараецца такое, што праз пэўны час пашпарт нехта знаходзіць ды ён апынаецца ў консульстве краіны, дзе быў вамі страчаны. Тады вам могуць прыслаць яго ў Беларусь. І гэта асабліва каштоўна, калі ў вашым пашпарце засталіся дзейсныя візы і вам шкада іх губляць. Таму раім папярэдне, падчас візіту ў консульства за пасведчаннем на вяртанне, папрасіць супрацоўнікаў не ануляваць усе старонкі: пашпарт можна ануляваць і часткова. І калі ў вас застануцца сапраўдныя старонкі з візамі і будзе на руках новы пашпарт, вы зможаце з двума пашпартамі выязджаць за мяжу, пакуль візы не перастануць дзейнічаць.

Прыемных вам падарожжаў і будзьце пільныя!

Ганна Клімовіч

17
Ігар / Адказаць
08.09.2018 / 10:11
Цікавы здымак: пашпарт беларуса (дарослы мужчына, з грамадзянскімі правамі і абавязкамі) і пашпарт беларусачкі (бездапаможнай і прыгожанькай дзяўчыначкі, а не дарослай кабеты). Такі вось недарэчны прыклад сэксізму ў галаве і стваральнікаў, і пакупнікоў - усіх беларусаў і беларусачак.
1
Жорик / Адказаць
08.09.2018 / 10:34
На паспорт вроде фото 4 на 5 см, а 3,5 на 4,5 - это только на визы...
0
1 / Адказаць
08.09.2018 / 10:46
Што рабіць, што рабіць: заставайся, хлопчык, з намі -- будзеш нашым каралём!
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру