У працы ўрада не можа быць дробязяў, заявіла Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава сёння на прадстаўленні новага складу ўрада супрацоўнікам Апарату Савета міністраў, піша БелТА.

Нагадаем, што прэм'ер-міністрам Беларусі прызначаны Сяргей Румас. Першым намеснікам прэм'ер-міністра стаў Аляксандр Турчын. Намеснікамі прэм'ер-міністра прызначаныя Ігар Ляшэнка, Уладзімір Кухараў, Ігар Петрышэнка. На пасадзе віцэ-прэм'ера застаецца Міхаіл Русы. Размеркаванне абавязкаў паміж віцэ-прэм'ерамі будзе замацавана на гэтым тыдні ў адпаведным дакуменце ўрада.

«Думаю, што Сяргей Мікалаевіч (Румас) яшчэ ўважліва вывучыць структуру ўрада, функцыянальныя абавязкі кожнага. Кіраўнік дзяржавы паставіў такую задачу — разабрацца з функцыяналам. Магчыма, будуць нейкія іншыя змены, пра гэта кіраўнік урада паставіць у вядомасць, калі будуць прынятыя такія рашэнні», - сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што Адміністрацыя прэзідэнта і ўрад працуюць ва ўзаемадзеянні, і гэта павінна быць сапраўды эфектыўная сумесная плённая дзейнасць. Гэта, перш за ўсё, выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, пазначаных у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў гэтым годзе, задачы, пастаўленыя на пятым Усебеларускім народным сходзе, на нарадах у Лукашэнкі.

«Усе пастаўленыя задачы павінны выконвацца, - падкрэсліла Наталля Качанава. — Самае галоўнае — гэта народ, людзі. Гэта галоўная ідэалогія і палітыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0