фота firstpeople.us

фота firstpeople.us

Воўк у народнай культуры мае падвоеную сiмволiку: з аднаго боку ён увасабляе зло i жорсткасць, а з другога — мужнасць, перамогу i клапатлiвасць пра сваiх нашчадкаў.

Шматлiкiя апавяданнi пра вядзьмарак, якiя пераўтварылiся ў ваўчыц, i пра мужчын, якiя сталi ваўкамi‑ваўкалакамi, надалi гэтай жывёлiне магчымасць сувязi з «тым», д’ябальскiм, светам. Аднак у духоўнай спадчыне старажытных скандынаваў цi грэкаў воўк — татэмная жывёла i сiмвал непераможнасцi, а ваўчыца, якая выкармiла Ромула i Рэма — заснавальнiкаў Рыма, стала сiмвалам пяшчотнай мацярынскай любовi i ахвярнасцi (для параўн.: для беларусаў татэмнай жывёлай лiчыцца мядзведзь).

У славянскiх народаў вобраз ваўка звязаны з пераходнымi, памежнымi, пераломнымi момантамi: смерцю (ён суправаджае душы ў паслясмяротным жыццi); вяселлем («ваўком» называлi жанiха, якi прыехаў знайсцi сабе «цялушку» цi «авечку»); з некаторымi каляндарнымi датамi (Каляды — запрашэнне продкаў у выглядзе ваўка за святочны калядны стол); з «пераходнымi» зiмовым цi вясновым перыядамi.

Драпежная жывёлiна — воўк — заўсёды пагражае чалавеку i яго хатняй гаспадарцы. Воўк — хiтры, каварны, можа загрызцi ўвесь статак, з якога ў спажыванне возьме 1‑2 жывёлiны. Суцiшыць ваўка мог цудадзейным спосабам толькi Георгiй Перамаганосец — «воўчы пастар»: «што ў ваўка ў зубах — то Ягорый даў».

Аднак у славянскага народа смелы i разумны воўк, акрамя страхаў, выклiкае сiмпатыю. У казках пра Івана Царэвiча шэры воўк становiцца станоўчым персанажам — можа размаўляць, вельмi мудры, мае крылы, з дапамогай якiх можа пераляцець з аднаго свету ў другi. Так здавён вялося — калi дарогу перабяжыць воўк, гэта прынясе шчасце (у адрозненне ад лiсы, вавёркi цi зайца).

Згодна з народнымi ўяўленнямi, з ваўком можна заўсёды знайсцi агульную мову, калi звярнуцца да яго з добрым словам: «Добрыя моладцы! Вам свой бок, мне свой». Воўк нiколi не кране вандроўнiка цi хатнюю жывёлу, калi перад дарогай цi перад выганам хатняй жывёлы ў поле прачытаць замову.

Iснавала пэўная сiмвалiчная сувязь памiж ваўком i прыладамi ткацтва. На кроснах ткалi «абярэгi» ад нападу ваўкоў. Паўсюдна апiсаны выпадкi нападаў ваўкоў на тых, хто пераносiў прылады ткацтва з адной вёскi ў другую, не выканаўшы пры гэтым пэўных ахоўных дзеянняў.

Паводле народных павер’яў, ваўка пужаюць полымя i званы. Таму на вупраж коням заўсёды вешалi шмат званочкаў.

Перад тым, як жывёлу першы раз выганялi ў поле, выконвалi цэлы шэраг магiчных дзеянняў, накiраваных у першую чаргу на тое, каб засцерагчы яе ад зубоў ваўка: абносiлi жывёлу чацвярговай соллю, грамнiчнай соллю, святой хрышчэнскай вадой, спасавым макам, чыталi малiтвы i замовы.

Моцным абярэгам статку ад ваўка лiчылася яйка, знесенае чорнай курыцай.

У народзе лiчылi: калi ваўкi падыходзiлi зусiм блiзка да хат, збiралiся зграямi i вылi — чакай халадоў i няўроду, вайны цi iншых няшчасцяў.

Пачынаючы з 9 снежня (дзень святога Юрая, якi ў народзе носiць назву халодны), ваўкi пачынаюць падыходзiць да людскiх паселiшчаў,
i таму небяспечна пакiдаць вёску.

Перыяд з 22 снежня (дзень святой Ганны) i да 19 студзеня (Хрышчэнне) у народзе называлi воўчымi святамi або вяселлямi. У гэты час ваўкi збiраюцца ў зграi i становяцца вельмi небяспечнымi.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0