Воўк-адзінец з Белавежскай пушчы па мянушцы Руды ўвосень 2017 года быў пазначаны ашыйнікам з перадатчыкам, які дазваляе сачыць за перамяшчэннямі звера.

Малады драпежнік, пабадзяўшыся па пушчы, у студзені пакінуў яе. Магчыма, таму што не змог знайсці сабе самку або быў устурбаваны паляўнічымі. А можа, воўк увогуле быў не мясцовы, а проста часова забрыў на тэрыторыю пушчы?

У любым разе, у студзені Руды пераплыў раку Нараў і збег у Польшчу. За два дні ён прайшоў 50 кіламетраў. Урэшце Руды асеў у лясах на ўскраіне Мазавецкага ваяводства, на паўдарозе да Варшавы.

У Польшчы паляванне на ваўкоў забароненае, таму там Руды можа пачувацца вальней.

Нядаўна стала вядома, што Руды больш не адзінец.

Вучоныя з міжнароднай асацыяцыі CEwolf, якая займаецца даследаваннямі генетыкі папуляцый ваўкоў у Цэнтральнай Еўропе, знайшлі логава Рудога.

Даследчык Мацей Шэўчык пабываў на месцах, з якіх Руды «дасылаў» найбольш сігналаў (а значыць, дзе ён праводзіў найболей часу).

Тут Мацей знайшоў незавершанае воўчае логава. А потым наводдаль знайшоў яшчэ адно.

Яно знаходзілася ўсярэдзіне маленькага яловага зарасніку, аточанага высокім і светлым сасновым борам.

Вучоны мяркуе, што тут, магчыма, нарадзіліся ваўчаняты, таму што з гэтага месца прыходзіла найбольш сігналаў у канцы красавіка і пачатку траўня.

У чэрвені і ліпені сігналы актыўна прыходзілі з іншага месца, дзе Мацей знайшоў яшчэ адно логава.

Вакол яго густа раслі хвоі. Тут Мацей знайшоў шмат ваўчынага памёту, у тым ліку такога, які хутчэй за ўсё належаў ваўчанятам. «Гэта, верагодна, месца рандэву ваўкоў, — кажа Мацей. — Побач я ўсталяваў камеру, якая будзе сачыць за логавам. Будзем спадзявацца, што нам пашчасціць запісаць Рудога і яго зграю».

Пакуль дакладна невядома, Руды бацька ваўчанят ці іншы воўк са зграі, да якой ён мог далучыцца. Адказ дасць генетычны аналіз.

Усяго ў Белавежскай пушчы ў лістападзе 2017 года GPS-ашыйнікамі былі пазначаныя 5 ваўкоў. Акрамя Рудага, за мяжу збег яшчэ адзін самец-адзінец — воўк з мянушкай Міхась. Ён падаўся ва Украіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?