Пра што ж новая казка? Пра тое, што здарылася з літарай Ў і яе сябрамі ўлетку і ўвосень.

Пасля таго, як злы чараўнік Зюзя быў пераможаны і надышла Вясна, а потым і Лета. Ярыла-Сонца саграваў зямлю, прырода і людзі цешыліся.

Але перасталі людзі Ярылу паважаць, сталі казаць, што непатрэбен Ярыла, ды і наогул духі беларускай зямлі, ды і сама Беларусь з яе культурай, мовай і старадаўнімі звычаямі, а сонца і так свяціць будзе.

Спрабавала Літара «Ў» утрымаць людзей, але яны не слухалі. Больш за тое — сказалі, што літары такой не ведаюць і ведаць не хочуць. Толькі беларускія дзеці ўсё зразумелі — але што ж яны, малыя, могуць зрабіць?..

Разумная Літара «Ў» вырашыла Ярылу ратаваць…

Гэта трэці спектакль серыі. Паказы дзвюх папярэдніх казак пра прыгоды літары Ў і яе сяброў — «Як літара Ў уратавала Каляды» і «Як літара Ў вясну гукала» з поспехам прайшлі ў Мінску, а таксама ў Ашмянах, Гальшанах, Астраўцы.

«Нечакана мы зразумелі, што такога праекту папросту няма на рынку» — кажа аўтар праекта, музыка і прадусар Раман Арлоў, які піша да цыкла казак музыку, тэксты і лібрэта.

Рэжысёрам ды выканаўцай галоўнай ролі выступае Кацярына Поцюс. У фае гледачы пабачаць аутэнтычныя народныя песні і танцы ад школы традыцыйнага мастацтва Вікторыі Міхна.

Казку «Як літара Ў Ярылу-Сонца ў вырай выпраўляла» пакажуць 22 верасня, (субота) у Маладзёжным тэатры эстрады (вул.Маскоўская, 18а). Пачатак а 16:00.

Падчас спектаклю ўсе дзеці атрымаюць салодкі пачастунак ад сталага партнёра праекта — кампаніі «Айс Кінг».

Квіткі ўжо з'явіліся ў продажы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0