Мужчыну, які 18 гадоў таму забіў 19-гадовую дзяўчыну, вынесены прысуд. Ён асуджаны на 23 гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу, ён можа быць апратэставаны і абскарджаны, паведамляецца на сайце Генпракуратуры.

19-гадовую дзяўчыну ў жніўні 2000 года моцна збілі і згвалцілі, ад атрыманых траўмаў яна памерла на месцы. Цела знайшлі недалёка ад базы адпачынку «Купалінка» ў Гродне.

Шмат гадоў істотных зачэпак у справе не было. У 2017 годзе міліцыя адабрала біялагічныя ўзоры ў раней судзімых за цяжкія злачынствы. Так знайшлося супадзенне з аналізам 51-гадовага жыхара Гродна, які ўжо сядзеў за забойства.

У 1994 годзе ён атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі, вызваліўся ўмоўна-датэрмінова ў чэрвені 1999 года. А потым забіў дзяўчыну.

З моманту здзяйснення злачынства і да выяўлення яго дачынення да забойства ён вёў звычайны лад жыцця.

Улічваючы цяжар зробленага, суд не ўбачыў падстаў для вызвалення абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці.

Прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суда мужчына быў прызнаны вінаватым у наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю, спалучаным з згвалтаваннем, асобай, якая раней учынiла наўмыснае забойства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0