Грамадзянін Расіі затрыманы ў Берліне па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту з прымяненнем выбухоўкі. Паведамленне пра гэта размешчана на сайце генпракуратуры ФРГ.
Падазраванаму Магамеду-Алі С. 31 год, паліцыя правяла ператрус у яго кватэры.
Генпракуратура удакладняе, што затрыманы «падазраецца ў падрыхтоўцы цяжкага злачынства супраць дзяржавы і злачынства з выкарыстаннем выбуховых рэчываў».
Расследаванне звязана з затрыманнем у Францыі Клемента Б., арыштаванага ў Марсэлі ў красавіку 2017 года, гаворыцца ў паведамленні.
«У ходзе расследавання ў Францыі ўзніклі падазрэнні супраць Магамеда-Алі С., якія і прывялі да сённяшняга арышту», - удакладняе генпракуратура.
Следчыя прыйшлі да высновы, што Магамед-Алі С. захоўваў значную колькасць выбуховага рэчыва трыцыклапераксід ацэтону (TATP) у кватэры ў Берліне.
Ён і Клемент Б. мелі намер сабраць самаробнае выбуховае прыстасаванне і прывесці яго ў дзеянне ў Германіі, «каб забіць і параніць максімальна магчымую колькасць людзей», удакладняе пракуратура.
Аднак падрыхтоўка тэракту была сарваная ў кастрычніку 2016 года «прэвентыўнымі» мерамі паліцыі, таму зламыснікі падзяліліся - Магамед-Алі С. застаўся ў Берліне, а Клемент Б. адправіўся ў Францыю праз нямецкі горад Ахен. Яго арыштавалі 18 красавіка 2017 года. Месцазнаходжанне выбухоўкі праваахоўным органам невядома.