8 год таму журналіст «Свабоды» Зьміцер Бартосік пабываў у вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёну. Тых самых Бабровічах, што набылі агульнанацыянальную вядомасьць на мінулым тыдні, пасьля таго як вясковец пачаў страляць па міліцыянтах. Адным з герояў праграмы «Падарожжы з Бартосікам» васьмігадовай даўнасьці аказаўся вясковец Сяргей, супраць якога цяпер Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за забойства міліцыянта. Аўтар «Свабоды» выправіўся ў глыбіню Палесься ізноў, каб супаставіць пачутае і пабачанае тады з трагедыяй, якая здарылася тут цяпер.

Вёска Бабровічы

Вёска Бабровічы.

У вёсцы Бабровічы жыхар па імені Сяргей на сваім панадворку страляў па міліцыянтах, якія прыйшлі правяраць законнасьць захоўваньня зброі. Аднаго забіў, другога параніў. Звычайная гісторыя. Для паваеннай Беларусі. Дзе супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі гінулі як ад былых паліцыянтаў, што не пасьпелі ўцячы на Захад, так і ад беларускіх нацыяналістаў, што не прымалі савецкую ўладу. Але каб у нашы спакойныя ды стабільныя часы…

Інтэрвію з будучым забойцам

Вёску Бабровічы, куды я езьдзіў увосень 2010 году, забыць немагчыма. Бо гэта сапраўдны край сьвету. Ад мястэчка Целяханы дарога спачатку ідзе ўздоўж закінутага Агінскага каналу, затым праз густы сасновы лес і сканчаецца тут, у Бабровічах. За вёскай раскінулася абкружанае лесам Бабровіцкае возера. Стоячы на ягоным беразе ды пазіраючы на пясчанае дно ў празрыстай вадзе, менш за ўсё хочацца думаць пра сьмерць.

Заінтрыгаваны, я праслухаў свой стары матэрыял пра Бабровічы. Тады пажылая жанчына скардзілася на жыцьцё.

«Не даюць лавіць рыбакам. То ж рыбакі лавілі, набіралі. А цяперака не дазваляюць. А ў нас работы няма. Хоць рыбакамі былі. Работы ж няма. А каля старых жыве сын ці дачка. Калгас раскідаўся. Людзі паразьяжджаліся. Засяляюцца чужыя. Дачнікі».

Сяргей на фота

Сяргей на фота.

А яе сын Сяргей ніяк ня мог звыкнуцца з думкай, што ў возеры ўжо не паловіш рыбу сеткай. Як раней, за саветамі.

«Не даюць. А лодкі зганяюць туды, дзе людзі не жывуць. На той хутар. Абрываюць ланцугі гвалтам, — казаў мне Сяргей. — Мы жывем на беразе возера — рыбы ня бачым. Ідзі на вудачку сядзі. А што з той вудачкі? Нам не дазваляюць сеткамі лавіць. Нам, мясцовым жыхарам, калі нам сядзець з той вудачкай? Неяк жа мы павінны харчавацца рыбай? Нам трэба сена касіць, гароды, гаспадарка. Калі нам сядзець з гэтай вудачкай? Калгаса ў нас ня стала. Развалілі калгас. Фэрму развалілі, зьнесьлі. Працы ня стала. Ні ў суседняй вёсцы, ні ў нас. Як хочаш, так і жыві. Я цэлае лета хаджу, журавіны зьбіраю. Каб пражыць. Трэба плыць пяць кілямэтраў па возеры ў любое надвор’е, каб сабраць журавіны. На сваёй драўлянай лодцы».

Той Сяргей зарабляў на журавінах мільён рублёў у месяц за сэзон. Што раўнялася пяцістам далярам. Тады ж у мяне адбыўся вясёлы дыялёг з інспэктарамі рыбнагляду, якія вярталіся з возера пасьля службы.

Інспэктар: «Спачатку абілецьцеся — і лавіце, ніякіх пытаньняў ніхто ня ставіць».

Карэспандэнт: «А раней можна было сеткамі лавіць…»

Інспэктар: «Дык можна і зараз, пакуль мы тут. Паможам вам дастаць. І дастаць, і палічыць».

Карэспандэнт: «Толькі за саветамі штраф быў 20 рублёў, а зараз — мільёнаў дзесяць».

Інспэктар: «Гэта гледзячы колькі наловіце. Трэба заўжды многа лавіць».

Карэспандэнт: «Раскідаўся калгас. Маладым мужыкам работы няма. Яны з гэтай рыбы жылі. Пасьля ўвялі дзікія штрафы. І што ім рабіць? Сьпівацца. Правільна?»

Інспэктар: «Можна і вудачкай налавіць, каб сабе паесьці. Кожны дзень па пяць кіляграм лаві. Усе яны жывуць побач. Пайшоў, злавіў пяць кіляграм. Занёс дахаты — і зноў лаві пяць кіляграм. Але ж ня хочуць. А сядзяць, ловяць 10, 15 кіляграм».

Ля возера ў Бабровічах

Ля возера ў Бабровічах.

Я некалькі разоў праслухаў стужку. Цяжка было паверыць, што я тады гутарыў з будучым забойцам. Я гаварыў з абсалютна адэкватным, мяркуючы па голасе, чалавекам. Няўжо гэта зрабіў ён? З такім пытаньнем я паехаў у Бабровічы цяпер.

Асаблівы сьвет

Той стары матэрыял называўся «Палесьсе — асаблівы сьвет». Гэта словы жыхара Бабровічаў Веніяміна Бычкоўскага. Былога інструктара па турызьме, ураджэнца Расеі, які вярнуўся жыць на зямлю дзядоў.

Веніямін ля царквы

Веніямін ля царквы.

Веніямін стварыў у Бабровічах музэй матэрыяльнай палескай культуры і адзін пабудаваў невялікую царкву. Я перш-наперш накіраваўся да яго. За гэтыя гады музэй папоўніўся новымі манэтамі і ручнікамі. Але мяне цікавіла найперш старое інтэрвію. Я ўключыў тую перадачу. І пачуў ад суразмоўцы цьвёрдае: «Так. Гэта ён». І далей ціхім ды спакойным голасам Веніямін разбураў ідылічнасьць навакольнага краявіду.

— Калі я задумваюся, вакол чаго гэта ўсё адбылося, адказ адзін. Вакол жывата. Тым патрэбная рыба і дзічына. Егерам і набліжаным. І гэтым трэба тое самае. І дайшло да забойства. Вакол дзічыны, рыбы і ягад ідзе вайна. Жыхарам не падабаецца, што ім перакрылі браканьерства. А гэтыя — гаспадары. Яны як паны сталі. Ім можна больш. Бо яны ж кормяць статусных людзей. Гэты канфлікт — як нарыў. Выйшаў гной, але сам нарыў застаўся. І ў тым ці іншым выглядзе гэта будзе працягвацца. Не ў прамым сэнсе будуць страляць. Але людзі ў такой нянавісьці жывуць. Вайна мірных жыхароў зь людзьмі пры ўладзе.

— Я заўжды ўспрымаў фразу пра стрэльбу на сьцяне як літаратурны штамп. Ну вісіць яна і вісіць. І ніколі можа ня стрэліць.

— Страляе. Я разумею ягоныя эмоцыі. Але забіваць чалавека… І невядома, як з другім будзе. Бо ён сур’ёзна яго параніў. Сяргей — прафэсійны паляўнічы. І ён пра гэта любіў расказваць. Паляўнічы — гэта патэнцыйны забойца. Паляўнічыя вельмі прыгожа і жывапісна апісваюць сваё паляваньне. У мяне недалёка яма, куды я выкідаю адкіды. І часта прыходзяць туды казулі, ласі. Я з вакна гляджу на іх. У казулі дзіцячыя вочы. Як гэта можна забіваць і смакаваць пасьля? А тут гэта было паўсюль. Цяпер вёска апусьцела. А раней амаль кожны бабровец ставіў петлі на казуль. Гэта было нормай. Ва ўсіх была на стале дзічына. І калі трапляе стрэльба ў рукі, спрацоўвае інстынкт паляўнічага.

Веніямін

Веніямін.

— Але ж мне ён падаўся адэкватным і здаровым чалавекам.

— А як вы думаеце, ці далі б яму дазвол на зброю, калі б ён быў неадэкватны? Я вам больш скажу, ён вельмі адэкватны і абдумвае ўчынкі.

«Чокнуты»

Старыя кабеты ў вясковых хустках здалёку глядзяцца амаль аднолькава. Але варта падыйсьці бліжэй, паглядзець у зморшчаны твар, і ўжо гэтую асобу ніколі ні з кім ня зблытаеш.

Суседка Сяргея, 90-гадовая Наста бядуе, абыякава гледзячы перад сабой. Нібы сьляпая. Яна нядаўна пахавала сына, што памёр ад анкалёгіі. Але расказала сёе-тое пра круты нораў Сяргея. Той стрэл быў кульмінацыяй вельмі даўняга канфлікту.

Наста

Наста.

«Ён ужо даўно быў чокнуты. Калісьці на паляваньні біўся зь егерамі. Яму там і галаву прадзяўблі. У яго была жонка. І дачка ёсьць. Разышліся. Тая дачка паехала ў Менск, як дарослая стала. Выйшла замуж. У іх свая крама была. Гандлявалі. А бацьку ўзяла ахоўнікам у тую краму. Дык ён там нядоўга прарабіў. Камусьці па патыліцы даў. Наскандаліў. Дачка не захацела зь ім справы мець. Вярнуўся сюды. Быў такі, што ні да кога», — кажа суседка.

Хата Сяргея ў Бабровічах

Хата Сяргея ў Бабровічах.

Канфлікт вяскоўца зь міліцыянтам

Аляксандра Андронаўна, маці Сяргея, у той фатальны дзень была ў дачкі ў Івацэвічах. І пра тое, што адбылося, ведае са словаў суседзяў. 

Аляксандра Андронаўна, маці Сяргея

Аляксандра Андронаўна, маці Сяргея.

Сяргей доўгі час атрымліваў грашовую дапамогу ад дзяржавы за тое, што глядзеў старую маці. За некалькі месяцаў да трагедыі яго гэтай дапамогі пазбавілі. Што не дадало лагоднасьці ў адносінах да прадстаўнікоў улады.

— Аднялі ў яго догляд за мною. Бо я не была часам дома. Уколы мне дочка рабіла. І забралі тую дапамогу. А майго за сэрца ўзяло. Без капеечкі ходзіць такая сіла. Ня злодзей, не курэц, ня п’яніца. А поўзай па лесе і шукай ягаду. А тыя жаруць рыбу, і ім воля! Я б у старцы лепш пайшла, каб толькі гэтага не было. А цяпер што? Турма майму сыну? — кажа Сяргеева маці.

У хаце Сяргея

У хаце Сяргея.

— А яго накіравалі да ўрача-псыхіятра па даведку. Ён пайшоў. Там усе дакумэнты былі ў райсабесе. А ўрач ня даў. Вось якое гора. Таму зямля сырая, а мой сынок у турме будзе гніць. Усё лапатачкай перакапаў, усё падвор’е. Тут клубніцы, там бульба.

Гарод тут сапраўды дагледжаны. А яшчэ Сяргей зрабіў раскошны кветнік. І сярод кветак паставіў высачэзны праваслаўны крыж. Дастаткова зірнуць у ягоны пакой зь безьліччу ікон, каб зразумець, што гаспадар вельмі рэлігійны. Але рэлігійнасьць не засьцерагла ад забойства. Словы міліцыянта Сяргей успрыняў, відаць, усур’ёз. І ехаць ад сваіх кветак ды ікон у вар’ятню яму было як пагроза жыцьцю. Інспэктар Лукашэвіч зваліўся проста ў кветкі. У цень праваслаўнага крыжа. Карціна для Стывэна Кінга.

«Ці была карта памяці?»

Пляменьнік Сяргея Сямён — з тых людзей, каго можна назваць сьвядомымі вяскоўцамі. Ён, народжаны ў суседняй вёсцы, большую частку жыцьця пражыў у горадзе. Але вырашыў жыць у Бабровічах. Прычым жыць незалежна ад калгасных начальнікаў.

Сямён гадуе баранчыкаў. А яшчэ мае свой ют’юб-канал. На якім распавядае пра ўсё, што яго цікавіць у жыцьці. У сувязі з гэтай трагедыяй гледачоў у яго паболела.

Пляменьнік Сяргея Сямён

Пляменьнік Сяргея Сямён.

Ягоная літаратурная мова мяне не зьдзіўляе. Сямён кажа, што Сяргей пісаў скаргі на міліцыю. Цікава, ці будуць тыя скаргі фігураваць у судзе?

І яшчэ адна дэталь. Усе ведаюць пра канфлікт на возеры. Але ці была ў Сяргея з сабой камэра?

«У фотаапараце, які ляжыць у хаце, няма карты памяці, — кажа Сямён. — Хутчэй за ўсё, яны яе забралі. І калі яны прыяжджалі правакаваць Сяргея, яны ж павінны былі правакаваць на відэафіксатар. У міліцыі павінен быць запіс усяго. Хай грамадзтва дамагаецца, што там. Каб не было суду закрытага. Каб людзі бачылі, што там было. У афіцыйных СМІ казалі, што з ружжом хадзіў па вёсцы, тэрарызаваў усю вёску. Ужо хлусьня нейкая. Калі яго затрымалі, па БТ не сказалі, што ён сам здаўся. Што ён выкінуў стрэльбу на вуліцу. «Алмаз» бліскуча правёў апэрацыю. Мне амапавец сказаў, што Сяргей сам выскачыў на вуліцу і крыкнуў «Здаюся!».

Канал Сямёна называецца «Цар гары». Тыя камэнтары, што пішуцца там цяпер, зусім не на карысьць палеглага інспэктара.

«У камэнтарах людзі вельмі злыя на міліцыю. Настолькі злыя! Запісваю трэцяе відэа і кажу, што так нельга. Я толькі цяпер зразумеў, наколькі людзі злыя на міліцыю», — дзеліцца Сямён.

Калі я сканчаў матэрыял, даведаўся, што Сямёну ўжо пачынаюць пагражаць у сацсетках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?