Увечары 22 жніўня амерыканец Майкл Хатчысан пасміхаўся поўнай залі мінскага «Прайм-Холла» бездакорнай беласнежнай усмешкай. Ён расказваў пра радасці жыцця і свае мэты, галоўная з якіх — рабіць людзей шчаслівымі. «Я хачу, каб жыццё людзей стала добрым», — казаў ён. Але галоўным жаданнем амерыканца, хутчэй за ўсё, было іншае — каб кожны з прысутных уступіў у так званы «круізны клуб InCruises», і, такім чынам, зрабіў самога Хатчысана яшчэ трошачкі багацейшым.

Майкл Хатчысан (у чорным касцюме справа) выступае ў Мінску

Майкл Хатчысан (у чорным касцюме справа) выступае ў Мінску

Што такое ІnCruises

Адназначна на гэтае пытанне адказаць нельга. Па вялікім рахунку, гэта амерыканская кампанія. Вось толькі вызначыць канкрэтна, чым яна займаецца, даволі праблематычна. Можна сказаць, яна прадае даверлівым людзям па ўсім свеце мару аб прыгожым адпачынку на белым акіянскім лайнеры. Можна сказаць, што прапануе сумнеўную, але, пры пэўных абставінах, прыбытковую бізнэс-схему. А можна сказаць, што майстарскі разводзіць недалёкіх аматараў «халявы». І, напэўна, кожны варыянт будзе хаця б часткова праўдзівым.

Працуе InCruises з пачатку 2016 года. Кампанія зарэгістравана ў штаце Дэлавэр. Чаму там? Бо ў Дэлавэры самыя нізкія падаткі ў ЗША.

Заснаваў InCruises амерыканец Майкл Хатчысан. Чалавек шматлікіх талентаў: адзін з сайтаў яго прыхільнікаў паведамляе, што Хатчысан і прадпрымальнік, і матывацыйны спікер, і фінансавы адвакат, і «ўладар аўтарытэтнай рэпутацыі міжнароднага Лідара», аўтар і вядучы вэб- і ТБ-шоу, інвестар і нават пісьменнік.

Майкл Хатчысан

Майкл Хатчысан

Як пацверджанне сусветнай вядомасці Хатчысана на сайце прыводзіцца яго фота з Білам Клінтанам. І рэзюмэ — «як бачыце, гэтаму чалавеку можна давяраць».

Але мы б не рэкамендавалі. І зараз патлумачым чаму.

Як гэта працуе

Людзі, якія ўжо трапілі ў InCruises, настойваюць — гэта ніякая не фінансавая піраміда, а сеткавы маркецінг накшталт Гербалайфа. Маўляў, прыводзіш у фірму людзей, яны пасля прыводзяць яшчэ людзей, тыя — яшчэ… Трохі ўзгадваецца Сяргей Маўродзі, не? Але ладна, пытанне наконт тэрмінаў пакуль пакінем адкрытым. Пацікавімся, а што прадае гэты «круізны клуб»? Няўжо круізы на акіянскіх лайнерах?

І так, і не.

Круізныя піраміды — гэта асобны від бізнэса. Галоўнае ў ім — кампанія прадае вам не круіз, а членства ў кампаніі. І каштуе яно — прынамсі, па беларускіх мерках — нямала. Але яго можна і перапрадаваць іншым, зарабляючы грошы і бясплатныя падарожжы, якія вельмі актыўна рэкламуе «круізны клуб».

Тлумачым. Існуе тры варыянты, як стаць удзельнікам «клуба».

Першы варыянт — членства.

Член клуба абавязаны штомесяц плаціць 100 даляраў. Іх InCruises пераводзіць у так званыя «круізныя даляры» і падвойвае суму. То бок на віртуальным рахунку члена клуба аказваецца 200 «круізных даляраў». У наступным месяцы — 400, ну і гэтак далей.

Тут важна патлумачыць, што такое «круізныя даляры». Гэта — нішто. Гэта не грошы, не тавары, іх нельга зняць. Гэта проста нейкая ўмоўная адзінка вымярэння, выдуманая Хатчысанам і таварышамі. Адзіны спосаб выкарыстаць «круізныя даляры» — набыць за іх круіз праз InCruises.

Скрыншот пагаднення «члена клуба»

Скрыншот пагаднення «члена клуба»

Але ёсць нюансы. У першы год членства можна патраціць не больш за 60% сваіх круізных даляраў. У другі — да 70%. У трэці — да 80%. Адпаведна, у чацвёрты — да 90%, а ў пяты, нарэшце, — 100%.

Праўда, важна памятаць, што кампанія пакуль існуе толькі 2 гады. Ці дажыве яна да пятага? Хм…

Прычым нават калі тур будзе аплачаны бясплатнымі «круізнымі далярамі», карыстальнік усё роўна паспее аплаціць яго сваімі кроўнымі сапраўднымі грашыма.

Схема простая. За першы год чалавек прыносіць у кампанію 1200 рэальных даляраў. Адпаведна, на яго рахунку 2400 «круізных», выкарыстаць з якіх ён можа не больш за 1440. То бок на 240 больш, чым ён аддаў. Але што калі круіз набываецца загадзя, як звычайна і бывае? Калі забраніраваць круіз за тры месяцы да паездкі, то гэтыя 240 (і 60 даляраў зверху) карыстальнік паспявае аддаць «клубу».

Здавалася б, дык «зарабіў» за год трошачкі, набыў круіз — і да пабачэння. Але не атрымаецца. Штомесячныя 100-даляравыя ўнёскі трэба плаціць InCruises да моманту пасадкі на лайнер. Інакш «клуб» мае права ануляваць паездку. І ніякай кампенсацыі «член клуба» не атрымае.

А плаціць трэба пастаянна. Прапусціў плацеж — усё, ваша членства неактыўнае. Як і вашыя грошы, ха-ха. Хочаце аднавіць? Ок, але спачатку пагасіце «доўг». Больш не хочаце плаціць? Да пабачэння, прыемна было мець з вамі справы. Грошы застаюцца ў «клубе», вы не атрымліваеце нічога. Зусім.

Увогуле, кампенсацый «членам клубу» не будзе ні ў якім выпадку. Гэта шмат разоў прапісана і на сайце, і ў дамове ўдзельніка.

Скрыншот пагаднення «члена клуба». Звярніце ўвагу — «InCruises» яшчэ і пакідае за сабой права выкарыстоўваць вашу прыватную інфармацыю

Скрыншот пагаднення «члена клуба». Звярніце ўвагу — «InCruises» яшчэ і пакідае за сабой права выкарыстоўваць вашу прыватную інфармацыю

«InCruises» не нясе адказнасці ні за што. Яна не прадае паслугі і не прадае туры. Яна не адказвае за вашу паездку. Яна не адказвае нават за вашы грошы.

Скрыншот пагаднення «члена клуба»

Скрыншот пагаднення «члена клуба»

«Клуб» разам з вашымі грашыма можа проста знікнуць у любы момант і вам адкрыта пра гэта кажуць.

Скрыншот з сайта InCruises

Скрыншот з сайта InCruises

Кампанія амерыканская, з беларускімі юрыдычнымі ці фізічнымі асобамі дамовы не заключаюцца. А каб судзіцца, трэба будзе ехаць у Фларыду, прычым пацярпелы загадзя адмаўляецца ад суду прысяжных (якія, канечне б, сталі на яго бок). Так, пра Фларыду і прысяжных таксама прапісана ў членскім пагадненні.

Яшчэ хочацца ў круізны клуб?

Бясплатна — гэта калі плацяць іншыя

Другі варыянт удзелу ў InCruises — так званае партнёрства. Гэта і ёсць той самы «сеткавы» ці «шматузроўневы» маркетынг. За 195 даляраў «партнёр» набывае гадавую франшызу (у другі і наступныя гады франшыза каштуе ўжо толькі 95 даляраў). Пасля «партнёр» мусіць угаварыць мінімум 5 чалавек на месяц уступіць у клуб — стаць партнёрам ці членам. У такім выпадку, за першага «партнёр» атрымлівае 50 даляраў, за другога — 60, за трэцяга — 70 і гэтак далей, да 150 даляраў максімум. Гэта адзінаразовы плацёж, у наступным месяцы трэба шукаць новых «кліентаў». Але, калі «партнёры» якіх прыводзіце вы, самі пачынаюць прыводзіць людзей у InCruises, і кампанія зарабляе на гэтым, то грошы капаюць і вам таксама, па розных схемах з прыгожымі назвамі. Усё залежыць ад колькасці людзей, ад таго, ці плацяць яны і ці прыцягваюць новых «кліентаў».

Пры гэтым партнёр не плаціць за ўдзел у клубе, адпаведна, не атрымлівае «круізных даляраў» і «круізаў са зніжкамі». Ён нібыта толькі зарабляе.

А зарабіць рэальна да 55 тысяч даляраў на месяц, абяцае InCruises. Галоўнае — стварыць сетку з «членаў» і «партнёраў», якую «клуб» будзе паспяхова даіць.

Фота са старонкі аднаго з казахскіх «партнёраў» InCruises. «Клуб» дзейнічае па ўсім СНД, большасць тых, хто вядзецца на прапановы — звычайныя, простыя людзі

Фота са старонкі аднаго з казахскіх «партнёраў» InCruises. «Клуб» дзейнічае па ўсім СНД, большасць тых, хто вядзецца на прапановы — звычайныя, простыя людзі

Важны момант — грошы могуць перавесці на вашу беларускую карту. Але большасць «партнёраў» выбірае картку плацёжнай сістэмы Payoneer.

«InCruises прысылае картку ў звычайным канверце. Тут мы яе актывуем. Яна працуе ў любым беларускім банкамаце. Грошы прысылаюць у валюце, іх не бачыць аніякая падатковая», — распавялі «Нашай Ніве» дзве жанчыны з Гродна. Яны адмыслова прыехалі ў Мінск на сустрэчу з Майклам Хатчысанам. Абедзве намагаюцца і рыбку з’есці, і на лайнер сесці: зарабіць грошы ды яшчэ і атрымаць зніжкі на круіз. Жанчыны — «партнёркі+члены клуба». Гэта трэці, найбольш выгадны для «InCruises», варыянт удзелу.

«Партнёры+члены» — гэта тыя, хто і займаецца прыцягненнем новых «кліентаў», і плаціць штомесяц 100 даляраў, якія «клуб» пераводзіць у свае «круізныя» 200. Такім чынам, жанчыны спадзяюцца яшчэ і зганяць у круіз са зніжкай. Тым больш, што InCruises абяцае пернік актыўным «партнёрам+членам». Калі хаця б пяць чалавек уступяць у клуб і будуць спраўна плаціць, то той, хто іх запрасіў, атрымлівае бясплатнае членства і можа выкарыстоўваць усе 100% круізных даляраў, то бок 2400 ў год. Іх будзе «дарыць» такому паспяховаму «партнёру і члену» сам InCruises.

«І вы зможаце падарожнічаць бясплатна!», — радасна паведамляюць апалагеты «клуба», не звяртаючы ўвагі на матэматыку і здаровы сэнс. Бо паміж «бясплатна» і «за грошы ўцягнутых вамі людзей» існуе вялікая розніца. 5 чалавек, якія будуць плаціць унёскі год, прынясуць кампаніі 6000 рэальных даляраў. І часткай іх InCruises падзеліцца з вамі. Нават не падзеліцца — дазволіць вам набыць у яе круіз.

Выдатная схема. Схема Понцы?

«Тут няма нават ніякага намёку на круізны адпачынак. Ёсць жорсткая схема па прыцягненні новых лохаў. За кожнага лоха яны атрымаюць грошы. Нелегальна», — лічыць Дзмітрый Івановіч, эканамічны журналіст і фінансавы аналітык праекту «Кошт Урада». На яго думку, InCruises вельмі падобны на класічную «піраміду Понцы», схему, якая гарантуе прыбытак першым інвестарам за кошт новых членаў. Вось толькі ў такой схеме ёсць нюанс — калі новыя людзі перастануць прыходзіць і прыносіць грошы, піраміда абрынецца.

«Як хутка накрыецца схема? А хто ж яго ведае», — кажа Івановіч.

«Нармальная сітуацыя ў сучасным свеце»

Але каго цікавяць схемы? Прынамсі наведнікам «Прайм-хола», якія сабраліся 22 жніўня, не да схемаў. Пра іх ніхто і не кажа. Гучаць іншыя словы: мары, шчасце, падарожжы, каханне…

Візуальна большасць наведнікаў — жанчыны. Шмат хто ў вечаровых сукенках ці дзелавых касцюмах. Гэта і не дзіўна, круізы ўвогуле адпачынак не для бедных, а аддаваць штомесяц сотку даляраў можа дазволіць сабе не кожны беларус.

Пакуль народ запаўняе «Прайм-хол», атрымліваецца пагутарыць з некаторымі наведнікамі. Яны адрозніваюцца бранзалетамі — «члены» і «партнёры» маюць блакітныя, на два дні мерапрыемства. «Госці», то бок тыя, хто толькі раздумвае, ці варта ўступаць у InCruises, носяць бранзалеты ружовага колеру. У іх доступ на адзін дзень.

Прычым, InCruises няблага зарабіў і на сваіх удзельніках. Уваход для «членаў» і «партнёраў» каштаваў 30 рублёў, для «гасцей» — толькі 5 рублёў. Яно і не дзіўна. Галоўнае для «клуба» — новыя члены, а значыць, і новыя грошы. А свае могуць і даплаціць.

Выступ Хатчысана ў Мінску

Выступ Хатчысана ў Мінску

На пытанні «госці» адказваюць не вельмі ахвотна. Усё ж 1990-я не прайшлі дарма, шмат у каго заўважная надзея на цуд, але і сумнеў таксама. Але некаторыя ўжо думаюць пра будучыню. Адна з жанчын намагаецца высветліць, што будзе з яе грашыма, якія яна заробіць праз InCruises, у выпадку яе смерці. Пры гэтым яна прызнаецца, што і дамову яшчэ не чытала. На папярэджанне ад асцярожных, што дамова неадназначная і кампанія нічога не гарантуе, жанчына толькі паціскае плячыма і кажа: «Нармальная сітуацыя ў сучасным свеце».

Нарэшце ўсе крэслы занятыя. Перад сцэнай — адмысловыя месцы для тых, хто паспяхова працуе на InCruises. Гэтыя людзі найбольш актыўна фатаграфуюць сцэну і адзін аднаго ды гучна апладыруюць выступоўцам. Якія, дарэчы, прыехалі з усяго СНД і не толькі. У залі ёсць удзельнікі і «госці» як з усёй Беларусі, так і з Украіны і Расіі.

«Мінск!.. Паставы!.. Гродна!.. Ліда!.. Чалябінск!.. Разань!.. Варонеж!.. Кіеў!.. Днепрапетроўск!..», — праводзіць пераклічку вядоўца. Людзі адказваюць апладысментамі. Пасля нечаканасць — кароткі час публіку забаўляе народнымі спевамі і танцамі ансамбль «Сваякі» з Валожына.

Затым выступаюць спікеры. У іх прыгожыя «тытулы», напрыклад, 67-гадовая Любоў Яфрэмава з Расіі не проста бабуля, а «Нацыянальны дырэктар». Юлія Мазніца з Дняпра — нейкі там «Лідар».

Юлія Мазніца выступае ў Мінску

Юлія Мазніца выступае ў Мінску

Усе спікеры расказваюць пра падарожжы, пра свае ўражанні, пра эмоцыі, пра поспех і мары. Расказваюць, як упершыню ўбачылі беласнежны лайнер, як баяліся «заняцца бізнесам», але рызыкнулі і зараз паспяхова зарабляюць і ездзяць па свеце… Адна з жанчын прыехала на сустрэчу з Афін, іншы спікер, Раман Дрыга з Данецка, — толькі што быў на Канарскіх выспах… А падчас кожнай прамовы на вялікім экране паказваюць тэзісы выступоўцы і яго фотаздымкі на лайнеры ці проста падчас адпачынку. Ніхто не кажа пра ўнёскі і грошы, хаця менавіта яны ў гэтай гісторыі самае галоўнае.

«Ах, дзяўчаты, сваякі — душыцелі нашых мараў!.. — уздыхае са сцэны Юлія Мазніца. — Я па сабе ведаю! Прыйдзеце вы дахаты, раскажаце сваякам ці мужу пра лайнеры і бізнэс, а вам адкажуць: «Не прыдумвай і ідзі на нармальную працу!..»

Хочацца дадаць — і правільна зробяць.

Арганізатар сустрэчы — мінчанка Ірына Ціўнова. Па яе словах, спачатку мерапрыемства планавалася ў Доме ветэранаў, затым у канферэнц-залі гатэля, але ў выніку перанеслі ў «Прайм-хол». Прычына — завялікая колькасць ахвотных. Ціўнова казала, іх больш за 600.

Ірына Ціўнова

Ірына Ціўнова

Ірына Ціўнова — дырэктар сталічнай турфірмы Planet Travel. Яна запэўнівае «Нашу Ніву» — бізнес з InCruises на 100% легальны. Калі хтосьці і не плаціць падаткі — гэта на яго сумленні. А кампанія не бярэ на сябе рызыку, «таму што гэта па амерыканскіх законах».

Увогуле, Ціўнова заўважае, што часу ў яе не вельмі шмат і замест пытанняў лепш пайсці і паслухаць Майкла Хатчысана.

Сказана — зроблена.

Хатчысана сустракаюць авацыяй стоячы. Ён адразу сыходзіць у залу, пасміхаецца, фатаграфуецца з некаторымі, радасна распавядае, што нядаўна другі раз стаў дзедам. Расказвае пра сваё бачанне бізнэсу, якое складаецца ў тым, каб рабіць людзей шчаслівымі… Бясконцыя прыгожыя абцякальныя фармулёўкі.

Ну, па меншай меры, аднаго чалавека InCruises усё ж робіць шчаслівым. Ва ўсякім выпадку, па Майклу Хатчысану не заўважна, каб ён сумаваў.

Майкл Хатчысан. Фота з сацсетак

Майкл Хатчысан. Фота з сацсетак

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?