23.08.2018 / 15:08

Як перад Алімпіядай-1980 таямніча згарэла старажытная драўляная царква на трасе каля Баранавічаў 12

Сёння мала хто ведае, што калісьці на могілках каля скрыжавання шашы Мінск — Баранавічы з дарогай да Навагрудка стаяла царква. Храм адносіўся да колішняй вёскі Вялікая Каўпеніца. Нічым адметным помнік народнага дойлідства канца XVIII стагоддзя не вызначаўся, а бліжэй да Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве і ўвогуле згарэў. Але той пажар 40-гадовай даўнасці і да гэтых дзён мясцовыя жыхары лічаць загадкавым і зусім не выпадковым. Піша intex-press.by.

«Да вайны каля царквы ладзілі фэсты, а людзі збіраліся з усіх ваколіц»

Царква, якая знаходзілася паміж дзвюма Каўпеніцамі — Малой і Вялікай, — не дажыла да свайго 200-годдзя некалькі гадоў. Храм, які пабудавалі ў 1781 годзе, застаў яшчэ часы Рэчы Паспалітай, яе апошнія гады і падзелы. Нягледзячы на тое, што пік барацьбы з рэлігіяй у Савецкім Саюзе быў пройдзены, і ў Вялікай, і ў Малой Каўпеніцы дагэтуль лічаць, што мясцовыя ўлады маюць непасрэднае дачыненне да знішчэння храма…

Свята-Іаана-Прадцечанская царква ўзводзілася на сродкі віленскага рымска-каталіцкага духавенства. Каля храма мелася і званіца. Сёння, дзякуючы намаганням зацікаўленых асобаў, вядомыя нават імёны святароў царквы за пэўныя перыяды.

Паступова каля царквы пачалі хаваць людзей, а дворык пры храме ператварыўся ў цвінтар. Трэба адзначыць, што ў культавую пабудову ў Каўпеніцы нярэдка завітвалі і жыхары Баранавіч. Аб гэтым сведчыць протадыякан Андрэй Гарбуноў у сваёй кнізе «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы». Ён спасылаецца на заключэнне камісіі па справе аб увядзенні Гарадавога палажэння 1892 года, якое датуецца 1903 годам. У палажэнні адзначаецца, што ў Баранавічах не было ні патрэбнага храма, ні могілак, і пазней нябожчыкаў з мястэчка хавалі ўжо таксама тут.

У 1913 годзе царкву асвяцілі ў гонар раства Іаана Прадцечы (ці Яна Хрысціцеля). У той жа год храм капітальна адрамантавалі.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны.

Вядома, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў царкве спынілі набажэнствы, а сам храм канчаткова закрылі. Мясцовыя старажылы памятаюць і могуць распавесці пра тыя гады, калі царква яшчэ функцыянавала.

Жыхарка былой Вялікай Каўпеніцы і сённяшняй Вялікакаўпеніцкай вуліцы Яўгенія Ляйко, якой зараз 93 гады, прыгадвае, як калісьці каля царквы ладзілі фэсты:

— Заўсёды на свята Яна Хрысціцеля каля царквы збіралася шмат людзей. Не памятаю дакладна калі, але, здаецца, гэта здзяйснялася 6 ці 7 ліпеня. Было вельмі цікава, адбываўся гандаль. А на кірмаш людзі збіраліся з усіх ваколіц, з Баранавіч таксама. У царкве ішлі набажэнствы. Ды і ўвогуле, прыход жа тут быў вялікі.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкім здымку часоў Першай сусветнай вайны.

У сваіх успамінах Яўгенія Альбінаўна ўзгадвае і званіцу, што знаходзілася каля царквы:

— На Яна Купалу ці Вялікдзень званілі цэлы дзень. Але гэта ўсё адбывалася яшчэ да вайны. Шмат чаго ўжо пазабывалася, хоць памятаю, як пасля вайны з нашай царквы некаторыя іконы мы адпраўлялі ў сталовіцкі храм. Гэтым займаліся я і супрацоўніца ЗАГСа.

Яўгенія Альбінаўна кажа, што дамоў, якія зараз стаяць каля могілак, раней не было: «Іх будавалі пазней там, дзе было царкоўнае поле».

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

На месцы царквы цяпер знаходзяцца пахаванні. Фота: Сяргей Саланкевіч

У царкве ладзілі танцы і бадзяўся кожны, хто хацеў

У апошнія гады свайго існавання храм быў у занядбаным стане. Аб гэтым кажа і мая суразмоўца Яўгенія Ляйко. Набажэнстваў не было, царква стаяла замкнёная, пакуль нехта не зламаў дзверы:

— Моладзь у царкве пачала ладзіць вечарыны, там адбываліся танцы і розныя непрыстойнасці. Так усё і ішло, пакуль царква не згарэла. Пажар пачаўся пасля абеду, бліжэй да вечара. З-за чаго — ніхто дакладна не ведае. Спалілі, ды і ўсё. Не пускалі, не дазвалялі нават тушыць гэтую царкву. Можа, баяліся, што пойдзе далей гарэць. Міліцыя не з’ехала, пакуль усё не дагарэла і людзі не разышліся.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны.

Віктар Астрога, які жыве таксама на Каўпеніцкай вуліцы, добра памятае і саму царкву, і той самы дзень, калі яна згарэла. Кажа, што тады вучыўся ў школе. У яго сваё меркаванне наконт пажару:

— Здаецца, быў 78-мы ці 79-ты год. Гэта адбылося тады, калі з’явіўся загад рэстаўраваць царкву. І яна адразу згарэла, а раней нікому не была патрэбная, стаяла ды стаяла сабе. Ніякай службы не вялося. Але дзверы ж выламалі, бадзяліся ўсе, хто хацеў. Пажар быў бачны здалёк. За 15 метраў ад храма нават дрэвы згарэлі. Памятаю, што пажарныя нічога не тушылі. Мы ж усе бачылі гэта. Мусіць, таму мясцовыя і думалі, што царкву спалілі спецыяльна. Хто гэта ўчыніў? А хто яго ведае, ва ўлады трэба пытаць. Бо тады меркавалі, што гэта менавіта ўлада арганізавала падпал. Лягчэй спаліць, чым рэстаўраваць.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны.

Чаму ж ахопленую полымем царкву ніхто не тушыў?

Жыхары Малой Каўпеніцы таксама памятаюць той пажар. Ад могілак, дзе раней стаяла царква, да вёскі вельмі блізка — храм на горцы быў бачны з большасці падворкаў.

Ганна Ліхач, гаспадыня адной з сядзіб, ахвотна падзялілася сваімі ўспамінамі:

— Царква, канечне, была прыгожая, старая. Казалі, што адбудавалі з дрэва без адзінага цвіка. Памятаю яе з дзяцінства, як мы туды з бабуляй хадзілі. Потым, калі вучылася ў школе, таксама наведвала, але тады ўжо быў іншы час. Нас ганялі, настаўнікі дзяжурылі на ўваходзе, каб угледзець, хто з вучняў у царкву ходзіць. Мне тады было гадоў дванаццаць. Іду з мамай на ўсяночную перад Вялікаднем і баюся. Калі настаўнік зловіць, то ўсё: потым пачнуць перад усімі ў школе выгаворваць. Ганялі, ды яшчэ як!

У сваёй гісторыі Ганна Фёдараўна кранае і пытанне занядбанасці царквы:

— Сама не бачыла танцаў у царкве, але аб гэтым людзі казалі. Я працавала ў горадзе, па вечарах ішла дадому, у вёску. Шлях заўсёды вёў каля царквы, дык праходзіць каля яе было крыху страшна. Бязладдзе там, канечне, было. Памятаю, што згарэў храм прыкладна перад Алімпіядай у Маскве. Спалілі яго, так і пішыце! У дзень пажару я была на працы. Але полымя бачыла з горада, бо царква ж стаяла на пагорку. Думала, што ж там такое гарыць. Пачала шукаць месца, каб дзе-небудзь падняцца вышэй, паглядзець, а мне адзін працоўны кажа: «Не хвалюйся ты. Гэта не Каўпеніца твая гарыць, а царква». Ведаю, што агонь ніхто не тушыў. Гаварылі, быццам нікога не пускалі.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Выгляд царквы ў 1975 годзе. Фота: 1871.by

Ганна Ліхач дадае:

— Распавядалі, што адзін з мясцовых (не памятаю прозвішча) ламаў і зварочваў у царкве штосьці, насмешліва кажучы: «Няхай мяне Бог пакарае». А праз нейкі час забіўся, едучы на матацыкле. Чула такое, але не ведаю, праўда ці не.

Потым пачалі хаваць людзей на месцы царквы. А цяпер увогуле там нічога не знайсці, адны магілы, падсумоўвае Ганна Фёдараўна.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны.

У пошуках цікавых фактаў, інфармацыі аб апошніх гадах каўпеніцкай царквы і тым дні, калі яна згарэла, давялося пагутарыць з шэрагам мясцовых жыхароў. Амаль усе яны звярталі ўвагу на адны і тыя ж моманты.

Па-першае, занядбаны стан царквы, выламаныя дзверы, танцы і надпісы на сценах. Па-другое, кажуць пра нейкі загад аб рэстаўрацыі і раптоўны пажар ў перыяд 1978—1979 гадоў.

Трэці адметны момант у тым, што царкву падчас пажару проста ачапілі і не дазвалялі тушыць полымя. Пажарныя таксама бяздзейнічалі. Называюць розныя прычыны: ад таго, што немагчыма было падступіцца, да простага загаду даць царкве згарэць. Таксама мяркуюць, што падпал быў наўмысны, але гэта ўжо немагчыма даказаць.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкім здымку 1916 года. Фота: 1871.by

Дзякуючы падказкам людзей нам удалося знайсці аднаго важнага сведку той гісторыі, які паведаміў, магчыма, ключавую інфармацыю. Гэта жыхарка Малой Каўпеніцы, якая працавала дыспетчаркай пажарнай службы ў Баранавічах. Даведаўшыся, з якой мэтай распытваюць аб тым пажары, папрасіла не называць яе імя. Распавяла яна наступнае:

— Дакладна год, калі здарыўся той пажар, не скажу, але памятаю, што гэта было перад Алімпіядай. Жыла ў горадзе, у Малой Каўпеніцы жылі бацькі. Я якраз працавала ў той дзень. Быў званок, маўляў, што ў Каўпеніцы гарыць царква, і пажарныя туды паехалі. Калі нашыя хлопцы вярнуліся з пажара, то тады ўжо паведамілі: было ўказанне — не тушыць. Пажарныя выехалі, але ўсё было зроблена так, каб ніхто агню не тушыў. Самі пажарныя рабілі выгляд, што тушаць. Царкву трэба было зносіць або рэстаўраваць. Уладам гэта было ці па якой-небудзь прычыне нязручна, ці фінансава нявыгадна.

Царква згарэла — і ўсё. Так, размовы ішлі, што яе нехта падпаліў спецыяльна. Дакладна я нічога не ведаю. Мая справа была простая — адправіць разлік на месца здарэння.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Царква на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны.

Звон ва ўрочышчы «Гай»

Сёння можна разважаць колькі заўгодна аб тым, што і як адбывалася сорак гадоў таму. Але ад Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы застаўся толькі звон, які стаў адным з элементаў мемарыяльнага комплексу «Урочышча «Гай». Гэта на старонках сваёй кнігі адзначае протадыякан Андрэй Гарбуноў, спасылаючыся на мясцовых жыхароў. Гэта ў размовах пацвярджаюць некаторыя нашы суразмоўцы. Але цікава, што комплекс адкрылі ў 1972-м, а царква згарэла толькі 78-м ці 79-м гадах. Ці звон быў зняты ў храме раней, а потым трапіў на вока пры будаўніцтве комплексу, ці падзеі пайшлі па нейкім іншым сцэнарыі, невядома. У нашай гісторыі гэтае пытанне таксама застаецца без адказу.

Невядомая баранавіцкая гісторыя. Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы ў Каўпеніцы — Intex-press. Последние новости города Барановичи, Беларуси и Мира

Звон на помніку ва ўрочышчы «Гай», магчыма, паходзіць з каўпеніцкай царквы. Фота: Сяргей Саланекевіч

0
Ок / Адказаць
23.08.2018 / 15:36
Коммунистов царствования время, дикое и страшное. Хотя мало что и сейчас изменилось
24
шлёма / Адказаць
23.08.2018 / 19:30
А зачем Бог допустил такое, чтобы церковь - Его храм /Божий/ сгорел?
1
Ок / Адказаць
23.08.2018 / 20:15
шлёма, Бог дал человеку свободную волю: творить зло и добро и отвечать за это. Но тебе этого не понять.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру