23.08.2018 / 15:38

БАТЭ праэкзаменуе «Віцебск», а «Тарпеда» — новага трэнера: пачынаецца дзевятнаццаты тур чэмпіянату Беларусі па футболе 2

Разам з Букмекерскай канторай Марафон раскажам, што цікавага можа адбыцца ў дзевятнаццатым туры чэмпіянату Беларусі па футболе. Усе меней часу застаецца да сканчэння, і ўсё больш жорсткая барацьба пачынаецца за прызавыя месцы.

Некалькі словаў пра еўракубкі. Барысаўскі БАТЭ дома ў драматычнай сустрэчы саступіў галандскаму ПСВ. БАТЭ першым забіў, намаганнямі Ясэ Туомінена, але пасля прапусціў двойчы. За пару хвілін да сканчэння асноўнага часу гульні Аляксандр Глеб зрабіў лік роўным 2:2, але ўжо літаральна ў наступнай атацы галандцы забілі пераможны мяч. Праз тыдзень будзе гульня ў адказ.

Прадстаўнікі Беларусі ў Лізе Еўропы выбылі з турніра. Мінскае «Дынама» зганьбілася ў Санкт-Пецярбурзе. Пасля хатняй перамогі з лікам 4:0 заўзятары справядліва чакалі ад клуба Сяргея Гурэнкі праходу ў наступны раўнд, але здарылася катастрофа ў выглядзе ліку 1:8. Шмат хто гадае, ці магла тая гульня прайсці па дамоўленасці.

Брэсцкае «Дынама» здабыла невялікую сатысфікацыю пасля разгрому на Кіпры (0:4). У хатнім паядынку берасцейцы атрымалі мінімальную перамогу 1:0 над «Апалонам», але ўсё адно пакінулі турнір.

Цяпер пераходзім да анонса тура пад нумарам дзевятнаццаць.

«Мінск» — «Тарпеда-БелАЗ»

Валерый Гарбачык. Фота by.tribuna.com.

«Мінск» усё яшчэ вельмі блізкі ад зоны вылету, хаця цяпер ужо можна ўздыхнуць з палёгкай. У каманду вярнуўся абаронца Юрый Астравух, які апошнія сезоны правёў у «Дынама». Але пасля таго, як у клуб Гурэнкі перайшоў Ігар Шытаў, месца Астравуху ў складзе не хапіла. Гэты трансфер павінен істотна ўмацаваць заднюю лінію гараджан.

Жодзінскае «Тарпеда» прыцягнула да сябе ўвагу трансферам магутнага форварда «Смалявічаў» Валерыя Гарбачыка. Нападаючы ўдарна правёў першы круг, у якім забіў пяць мячоў. Потым ездзіў на прагляд у Швецыю, але ў выніку падпісаўся з «Тарпеда» на тры гады. Ужо ў першай гульні за Жодзінам Гарбачык адзначыўся голам.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда-БелАЗ».

«Гарадзея» — «Іслач»

«Гарадзея» на эмацыйным уздыме. Каманда перамагла ў гасцях не абы-каго, а мінскае «Дынама». Прычым зроблена гэта было ў дэкарацыях адрэстаўраванага стадыёна «Дынама». У гульні адзначыўся сербскі форвард «Гарадзеі» Боян Дубаіч, якога «цукровым» вельмі не хапала ў першай палове першынства.

«Іслач» жа, наадварот, магла атрымаць ад гульні з жодзінскім «Тарпеда» нашмат больш, але абмежавалася нічым. Настаўнік «ваўкоў» сказаў, што прафесійны клуб у гэты момант апусціўся да ўзроўню ДЮСШ. На тыдні многія гульцы «Іслачы» правялі майстар-клас для цяжкіх падлеткаў у Сеніцы. Добрае пачынанне.

Прагноз «НН»: перамога «Гарадзеі».

БАТЭ — «Віцебск»

Шчарбіцкі прапускае гол ад ПСВ. Фота by.tribuna.com.

БАТЭ правёў добры матч з ПСВ, не хапіла канцэнтрацыі. На жаль, не дужа гатовы да паядынка быў абаронца Неманья Мілунавіч, які правёў першы матч пасля траўмы. Парадаваў Аляксандр Глеб, які адзначыўся першым забітым мячом за апошнія тры гады. БАТЭ яшчэ чакае цяжкі выезд у Эйндховен. Цікава, ці паберагуць яны кагосьці ў гэтым матчы.

Гэта цэнтральны матч тура. «Віцебск» падняўся на завоблачныя для сябе вышыні. Каманда ідзе на другім радку, апярэджваючы «Дынама» і «Шахцёр». Сяргей Ясінскі змог стварыць вельмі баявы калектыў. Лідарамі «Віцебска» з’яўляюцца брамнік Андрэй Шчарбакоў, які не прыжыўся ў БАТЭ, і форвард Кірыл Вяргейчык, які аказаўся непатрэбны «Шахцёру».

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Нёман» — «Тарпеда»

«Нёман» згубіў важныя ачкі ў Магілёве, згуляўшы 0:0 з «Дняпром». На 87-й хвіліне паўабаронца «Нёмана» Філіп Рудзік, які праводзіў першы матч пасля цяжкай траўмы, не рэалізаваў пенальці. Тым часам гульцы «Нёмана» запісалі кранальнае відэа на беларускай мове, адрасаванае фанатам. Яны просяць актыўных заўзятараў вярнуцца на трыбуны. Фанаты «Нёмана» байкатуюць гульні праз дзеянні міліцыі.

Сітуацыя ў мінскім «Тарпеда» дастаткова складаная. Зусім нядаўна каманду пакінуў ужо другі галоўны трэнер за год. У адстаўку адпраўлены Леанід Лагун, яго месца зойме іншы былы гулец БАТЭ Уладзімір Нявінскі. Задача перад ім надзвычай простая — не дапусціць вылету «Тарпеда» ў першы дывізіён.

Прагноз «НН»: перамога «Нёмана».

«Смалявічы» — «Дынама» (Брэст)

Эмоцыі берасцейцаў пасля перамогі над «Апалонам». Фота з vk.com.

Настаўнік «Смалявіч» Аляксандр Бразевіч прызнаўся, што быў задаволены нічыйным вынікам у матчы з «Мінскам». «Смалявічы» разумеюць свой не дужа зайздросны лёс у вышэйшай лізе. Для іх галоўнае — не вылецець ужо ў першы сезон.

Усё яшчэ невядома, калі Дыега Марадона прыедзе працаваць у Беларусь. І ці прыедзе ўвогуле. Тым часам скандалы не пакідаюць горад на Бугам. «Дынама» пакінуў малады форвард Багдан Садоўскі. Аказалася, што гэтага юнака публічна абразіў Арцём Мілеўскі, калі трэнер выпусціў Садоўскага на замену. Цяпер хлопец сышоў у першую лігу ў «Энергетык-БДУ».

Прагноз «НН»: перамога «Дынама» з розніцай, большай за адзін гол.

«Шахцёр» — «Дняпро»

«Шахцёр» усё бліжэй і бліжэй падбіраецца да тройкі лідараў. У апошнім туры каманда Ташуева здабыла вельмі важную перамогу над «Слуцкам». Перамога над «Дняпром» у гэтым туры, мабыць, не выклікае ні ў каго сумневаў.

Украінскі настаўнік «Дняпра» Сяргей Літоўчанка правёў за стырном каманды ўсяго толькі адзін матч, а ўжо паспеў трапіць у скандал. У адным з інтэрв’ю ён сказаў, што футбалісты «Дняпра» не раўня гульцам кіеўскага «Арсенала». Пасля ён стаў апраўдвацца, што яго не так зразумелі, але асадачак застаўся.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра» з розніцай, большай за адзін гол.

«Гомель» — «Дынама» (Мінск)

Мікіта Корзун быў адным з найлепшых у гульнях з «Зенітам». Фота з vk.com.

У «Гомеля» нарэшце пачалі наладжвацца справы. Каманда ўжо ўзнялася ў турнірнай табліцы аж на дзявяты радок, а, здаецца, зусім нядаўна была ў зоне вылету. У добрым стылі гамельчукі ўзялі верх над «Тарпеда». У першым матчы ў «бела-зялёнай» форме голам адзначыўся ўкраінскі легіянер Бадры Абукардзія.

Паразу ад «Зеніта» «Дынама» забудуць няхутка. Усё ж такі лік бывае не кожны дзень. 1:8 — гэта самая буйная параза беларускіх клубаў у еўракубках. На гульню з «Гарадзеяй», якую «Дынама» бяздарна прайграла, не выйшаў цэлы шэраг лідараў каманды — Гарбуноў, Шытаў, Хвашчынскі. Што будзе на гэты раз?

Прагноз «НН»: «Гомель» не саступіць.

«Слуцк» — «Прамень»

«Слуцк» усё яшчэ знаходзіцца ў першай палове турнірнай табліцы. І каб працягнуць гэтую тэндэнцыю камандзе трэба абавязкова перамагаць «Прамень». Іншага выніку матча заўзятары не зразумеюць.

«Прамень» на дадзены момант найгоршая каманда чэмпіянату. І, шчыра кажучы, малаверагодна, што нешта можа змяніцца найбліжэйшым часам. «Прамень» рушыць у правільным кірунку — з кожным турам набліжаецца да першай лігі.

Прагноз «НН»: перамога «Слуцка».

Прыемнага прагляду! Каб было яшчэ цікавей сачыць за футболам, зрабі стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Зміцер Панкавец

2
Пціч / Адказаць
23.08.2018 / 20:24
... дай Віцебску павагу, сілу і веліч веры ...
1
радашковец / Адказаць
24.08.2018 / 08:41
Гэтак жа,як ПСВ праэкзаменаваў
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру