24.08.2018 / 13:22

«Ездзілі ў КДБ, каб аддаць пашпарты» — сям’я хрысціян з-пад Дрыбіна адмовілася ад дабротаў цывілізацыі і дачыненняў з дзяржавай  89

Андрэй і Ларыса Гуляшовы жывуць у вёсцы Кароўчына. Гэта Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці. Сем гадоў таму Гуляшовы ўжо былі героямі публікацыі «Нашай Нівы» — тады яны спрабавалі займацца фермерствам і змагаліся з мясцовымі чыноўнікамі. Але прайшоў час, і Гуляшовы вырашылі пайсці іншым шляхам.

Цяпер яны з дарослым сынам, непаўналетняй дачкой і аднавяскоўкай хочуць адмовіцца ад усякага дачынення да дзяржавы і дабротаў цывілізацыі.

Андрэй Гуляшоў, фота 2011 года

Самі сябе Андрэй і Ларыса называюць проста хрысціянамі. Падкрэсліваюць — ані да якай хрысціянскай плыні ці секты яны дачынення не маюць.

«Мы ані праваслаўныя, ані баптысты, ані Сведкі Іеговы. Проста жывём па запаветах Хрыста. Вучні Хрыстовы. У царкву ніякую не ходзім. Хадзілі ў мясцовую, але нас адтуль выгналі — надта шмат мы пытанняў задавалі, — распавяла «Нашай Ніве» Ларыса Гуляшова.

Тэхнікай Гуляшовы не карыстаюцца. Тэлефонаў не маюць, тэлебачання таксама. 23 жніўня адмовіліся і ад электрычнасці.

«Нічога страшнага. Проста жывеш і ўсё», — смяецца Ларыса Гуляшова.

Кажуць, хочуць жыць самі па сабе. Есці плануюць тое, што вырасце на сваёй зямлі. І не хочуць мець кантактаў ані з іншымі людзьмі, ані з дзяржавай.

«Дзяржава — форма арганізаванага гвалту. У хрысціян з дзяржавай не можа быць нічога агульнага», — упэўненая Ларыса Гуляшова.

Цяпер Гуляшовы ўжо жывуць толькі са сваёй гаспадаркі і са сваёй зямлі. Часам штосьці купляюць у крамах, але хочуць перастаць набываць нават вопратку, запалкі і соль.

Ларысе і Андрэю па 45 гадоў. Разам з імі развітацца з дзяржавай і грамадствам плануюць двое іх дзяцей. Старэйшы сын, якому 23 гады, ужо заявіў, што таксама будзе жыць з бацькамі і працаваць на зямлі. Тое ж, па словах Ларысы Гуляшовай, плануе і іх 15-гадовая дачка. У школу сёлета яна не пойдзе.

«Школа перастала быць структурай, дзе атрымліваюць веды. Там вучаць прынцыпу паводзінаў у грамадстве: селі, ўсталі, падпарадкоўвайцеся таму, што кажуць. Сёння без рэпетытара ніякае дзіця нікуды не паступіць пасля школы. Што гэта за сістэма? — кажа Ларыса Гуляшова. — Калі адмяняюць заняткі, каб пайсці ў кіно ці падрыхтаваць канцэрт падчас урокаў, то гэта не адукацыя».

Але што будуць рабіць Гуляшовы, калі да іх прыйдуць сацыяльныя службы?

«Ведаю, што могуць прыехаць. Будзе відаць, што дасць бог. На ўсё воля божая. Як яны змогуць забраць дзіця, калі яно не захоча да іх ісці? Сілай? Ёй не 5 гадоў. Дачка разумее, што за ёй могуць прыехаць. Але ў яе перакананні, іх нельга зламаць», — тлумачыць Ларыса.

Сярэдні сын Гуляшовых іх не падтрымлівае, жыве асобна. Але да Гуляшовых далучылася іх «сястра ў Хрысце» — жыхарка Кароўчына Тамара Уладзіміраўна.

«Мы бачым, як улада ставіцца да людзей. Высокамаральнаму і шчыраму чалавеку месца няма, на такіх людзей і закон не разлічаны. У іншую краіну пераязджаць не будзем. Не хочам мець дачыненне ні да якой дзяржавы. Хочам жыць тут на зямлі пад божай воляй ціхенька. Кавалак зямлі — і больш нам нічога не патрэбна», — тлумачыць сваю пазіцыю Ларыса Гуляшова.

Але ж калі спатрэбіцца медыцынская дапамога? Што будуць рабіць Гуляшовы тады?

«Вы ж ведаеце, што калі богу заўгодна, то памрэце. А калі не — то будзеце жыць. Калі будзе ў вас вера, то з вамі не здарыцца тое, чаго не трэба. Калі здарыцца штосьці з дачкой? Ці паедзем у бальніцу? На ўсё воля божая, паглядзім што і як будзе. Пакуль нічога такога не здаралася»

Таксама Андрэй і Ларыса задаюцца пытаннем — а што рабіць з пашпартамі?

«Мы паехалі ў КДБ у Магілёў. Хацелі аддаць пашпарты, але іх ніхто не хоча браць. Нас адправілі ў райвыканкам у аддзел зваротаў грамадзян. Там таксама кажуць, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Да Лукашэнкі нам не дагрукацца. Вось раней цары былі, якія выслухаюць цябе. Цяпер цары іншыя», — кажа Ларыса Гуляшова.

Акрамя таго Гуляшовы падрыхтавалі зварот да Лукашэнкі:

«У сувязі з супрацьлегласцямі ладу жыцця і прынцыпаў яго ладу ў дзяржаве з нашымі рэлігійнымі перакананнямі мы больш не можам выконваць грамадзянскія абавязкі і ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы. Мы адмаўляемся ад грамадзянства і аб’яўляем свой нейтралітэт і непрыналежнасць да дзяржаў, суполак, сектаў і гэтак далей. Мы адмаўляемся ад цывілізацыі і яе дабротаў праз перакананне, што лад жыцця, які вядзе чалавецтва, — гэта прамое знішчэнне свайго асяроддзя пражывання, разбурэнне духоўнага і маральнага жыцця чалавека. Мы хочам жыць і працаваць на зямлі ціха і мірна, сваімі рукамі, паклаўшы ў аснову свайго жыцця закон бога. У ім сапраўднае жыццё і свабода. Нельга служыць двум гаспадарам і мы аддаёмся ва ўладу бога і адмаўляемся ад улады дзяржаўнай».

«Ведаю Гуляшовых. Працавітыя. Але своеасаблівая сям’я, можна сказаць дзікая… — распавёў «Нашай Ніве» Міхаіл Іўкін, старшыня Першамайскага сельсавета, у які ўваходзіць Кароўчына. — Гуляшовы жывуць у сваім свеце, нікога ў яго не пускаюць. Нават у дом ніхто чужы не зойдзе. Ні з кім зносінаў не маюць, сяброў не маюць. Але не п’юць».

Але што ж будзе рабіць Іўкін, калі Гуляшовы прынясуць яму свае пашпарты?

«Ну пакуль яны да мяне не звярталіся. Але ў маёй практыцы такога не было яшчэ. Будзем высвятляць, што рабіць з гэтым пытаннем», — кажа Іўкін.

Прыкладна гэтаксама ахарактарызаваў сям’ю і мясцовы ўчастковы міліцыянт. Кажа, жывуць самі па сабе, але ціха. Праблем з імі не ўзнікала.

Інна Пачко, дырэктарка мясцовай школы, кажа пра Гуляшовых тое ж, што іншыя:

«Сям’я працавітая, добрыя работнікі. Але жывуць адасоблена. І пастаянна ў іх прэтэнзіі і да школы, і да дзяржавы».

Пачко прызнае, што калі дачка Гуляшовых не прыйдзе ў школу ў верасні, то прыйдзецца падключаць раённы аддзел адукацыі і штосьці рабіць. Вось толькі што менавіта, дырэктарка пакуль і сама не ведае.

Па словах дырэктаркі, дачка Гуляшовых мусіць ісці ў верасні ў 9 клас. Раней сям'я папярэджвала, што не плануюць адпраўляць дачку на вучобу.

«Але я думала, што ў нашай дзяржаве такое немагчыма і не ўспрыняла іх словы ўсур’ёз», — прызнаецца Пачко.

«Наша Ніва» пацікавілася, а сапраўды, ці магчыма такое? Куды ж несці пашпарты і ці могуць Гуляшовы рэалізаваць свой план?

У дэпартаменце па грамадзянству і міграцыі МУС «Нашай Ніве» паведамілі, што вяскоўцы могуць напісаць пісьмовы зварот да іх. Але атрымаюць адказ, што кожны грамадзянін Беларусі абавязаны мець пашпарт. Калі чалавек выкіне ці спаліць дакумент, то яго чакае штраф.

Адмовіцца ад грамадзянства Гуляшовы таксама не могуць. Па законе, такое магчыма толькі калі чалавек мае грамадзянства іншай краіны ці гарантыі прадастаўлення такога грамадзянства. У такім разе трэба пісаць асабісты зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі. А той вырашыць, ці пазбаўляць чалавека грамадзянства.

Улад Швядовіч

2
Галава / Адказаць
24.08.2018 / 10:55
Нагадвае фільм "Таямнічы лес"
6
ввп / Адказаць
24.08.2018 / 10:55
замучили людей
20
Хуткая / Адказаць
24.08.2018 / 10:55
Навошта ХАЙП тады? Жыве гэткіх ціхенька шмат і не "заносіцца".
Не ўпадайце ў "прэлесць", хрысціяне.
Паказаць усе каментары/ 89 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру