Мы ўжо расказвалі пра канцэпцыю патэнцыйнага закона ад МУС, які можа быць прыняты ўжо ў 2019 годзе, і падрабязна апісвалі яго асноўныя прарыўныя пункты.
У прыватнасці, канцэпцыя прадугледжвае пашыранае азначэнне хатняга гвалту і яго ўдзельнікаў, забарону на біццё дзяцей і іншае.
Аднак прасямейныя арганізацыі кшталту «Выратавання немаўлят», «Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Мамалета», «Бацькоўства», «Горад без наркотыкаў», «Адкрытыя сэрцы», «Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакрова», прадстаўнікі Аб'яднанай царквы ХВЕ ў Беларусі, прадстаўнікі царквы ЕХБ
лічаць, што гэты закон «парушае іерархію ў сям’і, і такім чынам робіць з яе псеўдасям’ю»; ставіць дзяцей вышэй за сваіх бацькоў (што дазваляе дзецям «патрабаваць грошы на кішэнныя выдаткі, пагражаць сваім бацькам»); «прывядзе да фактычнага прызнання гендарнай роўнасці (сцірання межаў паміж жанчынай і мужчынам), прызнання розных нетрадыцыйных палоў і палавой ненармальнасці».
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ic.pics.livejournal.com.
Прадстаўнікі згаданых арганізацый збіраюць подпісы ад усіх зацікаўленых грамадзян з фармулёўкай «у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў». На іх погляд, абараняць гэтыя каштоўнасці варта не дадатковай працай з агрэсарамі, а змаганннем з сапраўднай праблемай: «узровень гвалту нарастае з прычыны ўплыву масавай культуры, разрыву сямейных традыцый, высокага ўзроўню спажывання алкаголю на душу насельніцтва, а таксама высокага ўзроўню агрэсіі ў СМІ, рэкламе, кіна- і відэапрадукцыі, інтэрнэце». Іх яны плануюць разаслаць ва ўсе падведамасныя арганізацыі.
Другой партыяй лісты паляцяць на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Колькі подпісаў удалося сабраць?
Мы датэлефанаваліся ў некалькі арганізацый, каб распытаць, колькі подпісаў супраць яны ўжо сабралі і колькі плануюць. Адказы пераважна былі расплывістыя:
«Нельга сказаць пра агульную колькасць. Няважна колькі, галоўнае, каб людзі бачылі, што нам не ўсё роўна».
У якасці каардынатара гэтай ініцыятывы нам назвалі старшыню арганізацыі «Горад без наркотыкаў» Пятро Шапко, які паралельна прасоўвае ідэі казацтва ў Беларусі.
Пятро Шапко справа.
«Мы мяркуем першым этапам адправіць 1500-2000 лістоў па зацікаўленых ведамствах. А на імя прэзідэнта пойдзе больш», — коратка распавёў «НН» Пятро, але расказаць нешта падрабязней не змог.
На справе кожная з арганізацый збірае нешта сама, ніякай агульнай каардынацыі дзеянняў пакуль няма.
Што тычыцца актыўнасцяў з падпісным лістом у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, то на сёння яго спампавалі ўсяго 153 разы.
Чытайце таксама: