Кіраўнікі прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік атрымалі па 4 гады хатняй «хіміі» без канфіскацыі маёмасці. Такі прысуд 24 жніўня вынес суд Савецкага раёна Мінска. Пасяджэнне праходзіла ў Доме правасуддзя.

Суд прызнаў кіраўнікоў прафсаюза вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле версіі следства, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступілі грашовыя сродкі ў замежнай валюце — 140 тысяч еўра і 18 тысяч даляраў. У далейшым гэтыя грошы ў далярах і еўра здымаліся з рахунку Комліка і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу. У выніку чаго Фядыніч і Комлік не заплацілі падаткаў на 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі.

Да пачатку суда Фядыніч сказаў, што чакае, што суд падтрымае просьбу пракурора і прызначыць 5 гадоў хатняй «хіміі».

- Цудаў не бывае, - сказаў кіраўнік прафсаюза.

Згодна з артыкулам 48-1 Крымінальна-выканаўчага Кодэкса пры прызначэнні пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны абавязаны з'яўляцца па выкліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі, у вольны ад працы, вучобы час пастаянна знаходзiцца ў сваiм жыллi або на прыдамавой тэрыторыі, не адыходзячы ад жылля далей за адлегласць, вызначаную крымінальна-выканаўчай інспекцыяй, а з дзевятнаццаці да шасці гадзін - у сваім жыллі і г.д. Супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі маюць права выклікаць асуджанага для правядзення гутарак, наведвання выхаваўчых мерапрыемстваў, уваходзіць у любы час сутак у жыллё асуджанага, наведваць асуджанага па месцы яго працы, вучобы і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?