Леанід Томчын (каля мікрафона) з'яўляецца старшынёй Віцебскай іудзейскай абшчыны. У мінулым годзе пры яго значным удзеле адкрылася першая сінагога, пабудаваная ў Віцебску пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года. Фота: Ігара Мацвеева
У панядзелак праваахоўныя органы затрымалі па «справе медыкаў» яшчэ аднаго буйнога бізнэсмэна, старшыню рады дырэктараў найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына. Пра гэта TUT.BY паведамілі тры не звязаныя адна з адной крыніцы.
«Затрымалі Леаніда па падазрэнні ў дачы хабару. Гэта было ў панядзелак, зараз ён арыштаваны», — распавяла крыніца.
У КДБ Беларусі інфармацыю аб затрыманні Томчына пакуль не пракаментавалі.
Тэлефон Томчына адключаны. У кампаніі паведамілі, што Леаніда Альбертавіча на месцы няма і не хацелі адказаць на пытанне, ці бачылі яго ў офісе з панядзелка.
Леанід Томчын займае 33 пазіцыю ў топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсменаў паводле версіі «Ежедневника».
Холдынг «Аптэка груп» зарадзіўся больш за 20 гадоў таму ў Віцебску. У 1995 годзе кампанія «Фарммаркет» занялася пастаўкамі лекавых прэпаратаў у Беларусь і адкрыла першыя чатыры аптэкі ў горадзе над Дзвіной.
Цяпер у складзе холдынгу 260 аптэк, пад брэндамі ADEL і «Добрыя лекi» працуе 201 гандлёвы аб'ект. Каля 60 аптэк знаходзіцца пад кіраўніцтвам «Аптэка груп».