Кірыл Баранаў, Аляксандр Куршаў і Яўген Пічугін каля сваёй работы. Фота: Алесь Дастанка

Кірыл Баранаў, Аляксандр Куршаў і Яўген Пічугін каля сваёй работы. Фота: Алесь Дастанка

Трое случчакоў зрабілі помнік салдатам і афіцэрам Рускай імператарскай арміі, якія загінулі ў баях Першай сусветнай вайны. Яны ўсталююць яго да 1 верасня на месцы палявога шпіталя і могілак тых часоў, якія знаходзяцца ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, паведамляе kurjer.info.

Ідэя ўшанаваць памяць загінулых з'явілася ў жыхара Слуцка Яўгена Пічугіна чатыры гады таму. Рэалізаваць яе ўдалося толькі сёлета дзякуючы сябрам Аляксандру Куршаву і Кірылу Баранаву. Усе яны «калегі па цэху» — займаюцца продажам, усталяваннем помнікаў і добраўпарадкаваннем пахаванняў. Мужчыны сталі рабіць помнік у траўні, а завяршылі толькі цяпер. Агулам на стварэнне памятнага знака (яго вага каля 200 кг) сышло 10 дзён.

«У мяне ў Ляхавіцкім раёне знаходзіцца дача. На маім баку стаяць нямецкія доты, а праз рэчку знаходзіліся рускія пазіцыі. Тут два з паловай гады стаяў фронт. І вяліся баявыя дзеянні. І на рускім баку быў палявы шпіталь — побач з сельскімі могілкамі, — распавёў Яўген Пічугін. — Могілкі ўжо практычна зніклі, зараслі, засталіся страшэнныя дрэвы. Падыходзіш да кустоў і нагамі адчуваеш: на нешта наступіў. Глядзіш — а там помнік, праходзіш наперад — яшчэ адзін выглядае з-пад зямлі».

Яўген распытаў мясцовых жыхароў, што яны ведаюць пра падзеі таго часу, пачытаў літаратуру на гэтую тэму, паглядзеў старыя і сучасныя карты. Случчакі патрацілі свае грошы, каб зрабіць помнік салдатам і афіцэрам Першай сусветнай вайны

На помніку намаляваны Георгіеўскі крыж. Як кажа Яўген, гэта асноўная ўзнагарода салдат і афіцэраў у Першую сусветную вайну. Яна давалася за баявыя заслугі і за адвагу, праяўленую супраць ворага. Фота: Алесь Дастанка

На помніку намаляваны Георгіеўскі крыж. Як кажа Яўген, гэта асноўная ўзнагарода салдат і афіцэраў у Першую сусветную вайну. Яна давалася за баявыя заслугі і за адвагу, праяўленую супраць ворага. Фота: Алесь Дастанка

Яўген Пічугін захапляецца гісторыяй. Ён стварыў сайт predki.by, прысвечаны гісторыі воінскіх пахаванняў, у прыватнасці апрацоўцы камянёў. Ахвотныя падзяліцца інфармацыяй на гэтую тэму могуць звязацца з ім праз зваротную сувязь на сайце.

Паводле яго слоў, на стварэнне помніка сышло $250. Мастак Аляксандр Куршаў займаўся літарамі. Спачатку ён глыбока выбіў літары, потым нанёс клей, грунтоўкі і мінеральнае золата. Адна літара, зробленая па такой тэхналогіі, звычайна абыходзіцца ў $1,5. Кошт усяго надпісу, калі б яго рабілі для заказчыка, — каля $150.

Акрамя гэтага, Яўген цікавіцца ўзнагародамі таго часу. Паводле яго слоў, дзякуючы ім ён адкрыў для сябе шмат паходаў рускага войска, пра якія не расказвалі ў школе. Жыхар Слуцка лічыць, што Першая сусветная вайна забытая, а ўся ўвага надаецца Другой. Меркаванне Яўгена падтрымлівае і Кірыл: «Першая сусветная была яшчэ страшнейшай, чым Другая. Тады з'явіліся зародкі нацызму, упершыню пайшлі ў бой танкі і выкарыстоўвалася хімічная зброя… Людзі змагаліся на роднай зямлі гэтак жа самааддана, як і ў часы Другой сусветнай. Нельга забываць подзвіг продкаў. Бо ў тых, хто не памятае мінулага, няма будучыні», — адзначыў Кірыл, распавядаючы пра матывы свайго ўдзелу ў праекце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?