25 мая ў Еўрасаюзе прынялі новы закон аб персанальных даных. Згодна з ім, кожны грамадзянін ЕС можа запытаць у адпаведных структур і сэрвісаў усю інфармацыю пра сябе, якую тыя маюць.

Грамадзяне Беларусі і Расіі такой магчымасці не маюць. Але беларус Крысціян Шынкевіч, што жыве ў Польшчы, вырашыў пацікавіцца, якія даныя пра яго мае Укантакце.

Крысціян Шынкевіч.

Крысціян Шынкевіч.

Калі атрымаў адказ, кажа Шынкевіч, то быў шакаваны.

«Яны захоўваюць на мяне:

  • усю гісторыю змены імя і прозвішча на маёй старонцы;
  • якія групы адмініў / ці адміню цяпер;
  • якія файлы загружаў у VK, з якога ip-адраса, горада; захоўваюцца нават выдаленыя файлы;
  • галасавыя паведамленні з выдаленых перапісак таксама захоўваюцца;
  • адрасы ўсіх фота, прычым прысылаюць спасылкі, па якіх можна паглядзець фота нават без рэгістрацыі ў VK;
  • усе гісторыі ўсіх перапісак, нават выдаленых, з усімі файламі, якія калі-небудзь дадаваліся, нават калі пасля файлы выдаляў;
  • гісторыя пароляў да старонкі;
  • усе допісы старонкі і ўсе каментары да іх, нават выдаленыя»,

— паведамляе Шынкевіч.

Ён упэўнены — яму даслалі яшчэ не ўсю інфармацыю.

«Афіцыйная мабільная праграма збірае інфармацыю аб геалакацыі карыстальніка, нумары сім-картак. Гэтага яны мне не даслалі, — кажа Шынкевіч. — Плюс там шмат яшчэ чаго не выслалі: мае каментары да чужых пастоў, лайкі, якія я ставіў… Я ўпэўнены, што ўсё гэта захоўваецца».

Крысціян абурыўся тым, што Укантакце захоўвае кожны крок, нават выдаленую інфармацыю — і, значыць, пры патрэбе выдае гэта ўсё спецслужбам. Ён апублікаваў пост у сваім фэйсбуку пра гэта, які разышоўся і па расійскіх СМІ.

Пасля хлопец напісаў новы ліст да адмінаў Укантакце, каб яму выслалі рэшту дадзеных. У адказ яго заблакавалі ў сацыяльнай сетцы і перасталі адказваць на лісты электроннай пошты.

«Укантакце паведамляе, што гэта абмежаванне доступу ў сувязі з падазрэннем, што мая старонка была скрадзеная або прададзеная. Але для мяне яны заблакавалі доступ да сайта, а не яе бачнасць, бо яны заўсёды блакуюць/абмяжоўваюць старонкі з-за такіх прычын (з мёртвым сабакам на здымку профілю і надпісам, што ўліковы запіс адключаны з-за падазронай актыўнасці). Заблакавана нават магчымасць аднавіць пароль да свайго ўліковага запісу», — кажа Шынкевіч.

Таксама ён абураецца, што інфармацыю яму даслалі з парушэннем бяспекі. Калі трэцяя асоба перахопіць файл, які накіраваў яму Укантакце, каб паглядзець выдаленыя фотаздымкі, нават не трэба будзе рэгістравацца ў VK — усё працуе і адкрываецца па спасылках.

У пачатку чэрвеня Шынкевіч змяніў імя і прозвішча на сваёй старонцы ў VK. Але кампанія вырашыла, што яго старонку маглі скрасці толькі праз 35 дзён — пасля таго ён выклаў пост з абурэннямі ў Фэйсбуку. Раней у VK падазрэнняў чамусьці не ўзнікала.

Пасля таго, як яго заблакавалі і перасталі рэагаваць на лісты, Шынкевіч напісаў скаргу ва Упраўленне па абароне персанальных даных у Польшчы. Адказ яшчэ не прыйшоў.

Еўрапейскае заканадаўства надзвычай строгае — за парушэнне «Укантакце» можа атрымаць штраф памерам да 20 мільёнаў еўра альбо 4% ад гадавога абароту. І ўсё за тое, што кампанія не прадаставіла Шынкевічу ўсю інфармацыю, якая захоўваецца на серверах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?