У 2017 годзе беларусы выпілі 76,4 мільёна літраў пладова-ягаднага віна. Гэта па 8 літраў «чарніла» на чалавека, уключна з немаўлятамі і кормячымі маці. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў статыстычным зборніку «Балансы таварных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь», апублікаваным Нацыянальным статыстычным камітэтам, піша Еўрарадыё.

Пры гэтым за 2017 год выпіта на 7,7 мільёна літраў «чарніла» менш, чым у 2016 годзе. За апошнія пяць гадоў спажыванне і вытворчасць пладова-ягаднага віна зменшылася амаль што ўдвая. Яно не ідзе на экспарт — гэта напой выключна для ўнутранага спажывання.

Колькі іншага алкаголю беларусы выпілі ў 2017 годзе?

Піва ў 2017 годзе выпілі на 9,4 мільёна літраў больш, чым ў 2016-м. І на кожнага беларуса ў сярэднім атрымалася каля 46 літраў піва. 439,9 мільёна літраў выпітага піва — гэта як 154 аквапарка «Лябяжы», калі ўлічыць усе наяўныя там басейны. Вытворчасць піва планамерна павялічваецца амаль штогод.

Гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў беларусы выпілі за 2017 год у сярэднім па 11,4 літра на чалавека. Гэта па літры за 11 месяцаў года і адзін разгрузачны месяц. Увогуле, за 2017 год беларусы выпілі 108,5 літра гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Гэта на 3,8 мільёна літраў больш, чым у 2016 годзе.

Вінаграднага віна за 2017 год было выпіта 39,3 мільёна літраў. Усяго па 4 літры віна на кожнага беларуса. Вытворчасць вінаградных він павялічваецца, за прошлы год яна склала 31,3 літра.

Пеністага віна ў 2017-м было выпіта на 530 тысяч літраў больш, чым у 2016 годзе. Ці па 1,6 літра на кожнага беларуса. У нас стала больш нагод для радасці? Можа, больш вяселляў, а можа, больш памінак… Ці паўлітра на дзень нараджэння, паўлітра на Новы год і паўлітра ў заначцы на асаблівы выпадак?

Менш за ўсё беларусы п'юць каньяку і брэндзі. Усяго па паўлітра ў год. Верагодна, гэта на выпадак сустрэчы са старымі сябрамі, якіх не бачыў пару гадоў. Ці для вясёлых пасядзелак у «Цэнтральным». Усяго за 2017 год было выпіта 5,3 мільёна літраў брэндзі і каньяку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?