Момант галасаваньня. У цэнтры — Анатоль Лябедзька, справа — Яраслаў Раманчук.

Фота Юліі Дарашкевіч

Плюс 8 – памежная тэмпэратура для жыцьця неапранутага чалавека. Плюс 8 – з такой перавагай Аляксандар Мілінкевіч выйграў у Анатоля Лябедзькі на кастрычніцкім Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Стаўленьне значнай часткі сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі да кампаніі адзінага кандыдата было параўнальным са станам чалавека на мяжы замярзаньня.

Ад нядзельнага Х зьезду АГП чакалі добрага скандалу. Дзяржаўныя СМІ, што дружным натоўпам ламануліся па акрэдытацыю, не пралічыліся. Толькі прадбачлівая адмова дзяржаўным тэлеканалам не зрабіла мерапрыемства цьвіком этэру.

Ціхія крыўды пачалі выказвацца яшчэ пры рэгістрацыі дэлегатаў і гасьцей. Нікога зь VIP-пэрсонаў кааліцыі не было, затое прыехаў намесьнік Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк. Пазьней А.Лябедзька патлумачыў, што памяшканьне далі запозна і шмат каго зь лідэраў немагчыма было знайсьці. У кулюарах гаварылі адваротнае: ніхто асабліва шукаць і не імкнуўся.

Напярэдадні зьезду адзін з намесьнікаў старшыні АГП супакойваў: «Нікога ён «мачыць» ня будзе. Справаздача будзе спакойнай». Назваўшы сябе «аптымістам з крытычным ухілам», А.Лябедзька сапраўды ўжываў пугу і пернік як для сваіх, так і для чужых. «Я расчараваны шмат у кім: у сабе, часткова ў сваіх намесьніках, у сябрах партыі. Але я не расчараваны ў стратэгіі аб’яднаньня, якую мы ў свой час прапанавалі. Я не зьбіраюся быць Іванам Жахлівым, які забівае сваё ўласнае дзіця. Адны мы страцім ня толькі твар, але і саму партыю», – заявіў А.Лябедзька. Сваю партыю ён назваў «адказным партнэрам і галоўным інвэстарам працэсу кансалідацыі».

Паміж іншым, як адзначыў палітык, з «кааліцыйных структураў» дагэтуль не прагучаў «аб’ектыўны аналіз» працы падчас прэзыдэнцкай гонкі – «на лічбах, на фактах». «Як заўсёды: добры той, хто прыемны, і нядобры той, хто мае сваю пазыцыю», – заўважыў А.Лябедзька.

Найбольш жорсткай да лідэраў кааліцыі была тая частка прамовы, дзе вялося пра падзеі ў дзень выбараў: «Самае слабое месца – 19 сакавіка. Нізы чакалі, што рабіць, вярхі ня ведалі, што рабіць. Наверсе, відаць, спрацаваў інстынкт самазахаваньня, і гэта трэба прызнаць». Амаль нічога, паводле Лябедзькі, ня зроблена для інфармаваньня грамадзкасьці пра падзеі 19–25 сакавіка і дзеля «дэлегітымізацыі вынікаў выбараў». А запіс грамадзянаў у Мілінкевічавы рух «За свабоду» Лябедзька лічыць «прамой падставай», бо могуць прыцягнуць да адказнасьці за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У той жа час лідэр АГП параіў не разглядаць яго палітыку як «працу з рыдлёўкай, што капае пад манумэнт». Ён выказаўся за правядзеньне новага Кангрэсу дэмсілаў, што было адлюстранавана і ў рэзалюцыі Х зьезду. «Калі Кангрэс вылучыў адзінага кандыдата, трэба зрабіць і справаздачу. Трэба ўлічваць і фактар Казуліна, за якога магла прагаласаваць траціна прыхільнікаў Мілінкевіча ў выпадку адсутнасьці апошняга. Выйдзе ён з турмы і скажа: яны ж нас не паклікалі. На НКДС трэба 50–60 прыхільнікаў Казуліна і 100–120 чалавек з Майдану. Гэта новая, жывая, неангажаваная кроў», – падкрэсьліў Лябедзька.

Напружанасьць у дыскусіі паводле справаздачы ўзрастала. «Людзі, што ўвайшлі ў аргкамітэт НКДС ад АГП, бязьдзейнічалі і не заміналі прамым фальсыфікацыям з боку канкурэнта. Мілінкевіч выклаўся ў кампаніі настолькі, наколькі гэта неабходна ў Польшчы альбо ЗША, і дзякуй Казуліну за тое, што ён зьявіўся» (Юры Істомін). «Штаб адзінага кандыдата пасьля выбараў не зьбіраецца і не вырашае аніякіх пытаньняў» (Алена Залеская). «Жаночы рух у кааліцыі рэпрэзэнтаваны Валянцінай Матусевіч, за якой няма аніводнага чалавека» (Людміла Пеціна). «Намі скарысталіся, за наш кошт зьнялі вяршкі, АГП страціла свой аўтарытэт, і яе кіраўніцтва павінна сысьці ў адстаўку» (Марына Багдановіч). «Мілінкевіч ужо амаль пэнсіянэр, яму хутка 60 год. Анатоль Лябедзька – наш прэзыдэнт!» Апошнія словы з выступу Ніны Ермалінскай з Салiгорску былі апагеем фронды. Галасоў у падтрымку кааліцыі было няшмат, у асноўным з боку тых, хто ў ёй і працаваў. Віктара Карняенку, Аляксандра Дабравольскага і Людмілу Гразнову сустракалі без фанатызму. Калі Карняенка змучана запытаўся, дык што ж трэба было рабіць 19-га, з залі пачуўся адказ: «Ставіць намёты!»

У заключным слове Лябедзька імкнуўся гуляць ролю добрага ката Леапольда, але кадравыя рашэньні зьезду (з пасадаў намесьнікаў сышлі сябры кааліцыі Аляксандар Дабравольскі і Сяргей Альфер, на іх месцы абраныя прыхільнікі партыйнага сувэрэнітэту Ігар Шынкарык і Ўладзімер Чырвоненка) пацьвердзілі, што структура АГП будзе дрэйфаваць у бок Казуліна. Нездарма ж вітальны выступ Нісьцюка сарваў ці ня самыя гучныя воплескі.