Гучны канфлікт адбыўся ў Пінску: пешаход палез у бойку з даішнікам. Міліцыянт у адказ заламаў яго, ад удушальнага прыёма мужчына страціў прытомнасць.
Жонка мужчыны распавяла «Нашай Ніве», што мужа адвезлі ў бальніцу, пасля забралі ці то ў міліцыю, ці то ў Следчы камітэт. Яна ўпэўненая — муж ні ў чым не вінаваты.
Пінскае ДАІ сітуацыю не каментуе.
Следчы камітэт Брэсцкай вобласці паведамляе, што пінчука падазраюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
«Па дадзеных следства, 26 жніўня прыкладна ў 14:50, 46-гадовы жыхар Пінска, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ужыў гвалт у дачыненні да інспектара ДПС АДАІ Пінскага ГАУС, які знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў і ажыццяўляў вядзенне адміністрацыйнага працэсу», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік СК па Брэсцкай вобласці Дзмітры Іванюк.
Мужчыну праверылі на алкаголь — паказала 1,07 праміле. На яго завялі крымінальную справу за напад на міліцыянта. Цяпер пінчуку пагражае да 6 гадоў калоніі. Пакуль ён затрыманы, знаходзіцца пад вартай. Раней ён ужо быў судзімы.