Уладальнікі новай кандытарскай у цэнтры Амстэрдама паабяцалі памяняць назву пасля хвалі крытыкі ў іх адрас, піша Бі-бі-сі.

Назва кандытарскай «Ганна & Франк» (Anne & Frank) адсылае да Ганны Франк — яўрэйскай дзяўчыны, што хавалася разам з сям'ёй ад нацыстаў у акупаваным Амстэрдаме і што стала сімвалам пакут яўрэйскага народа ў часы Халакосту.

Шмат каму падобная сувязь булачнай з ахвярай Халакосту падалася недарэчнай і бестактоўнай.

Дом, у якім сям'я Франкаў хавалася ад нацыстаў, размешчаны непадалёк ад кандытарскай.

Уладальнік булачнай Раберта Борсум, сказаў, што не хацеў закрануць нічые пачуцці, а назву памяняе.

Паводле яго слоў, ён падумаў пра такую назву з-за размяшчэння булачнай. «Мне падалося, што гэта добрая назва, я да яе стаўлюся як да героя», — дадаў ён.

Ганна Франк увайшла ў гісторыю дзякуючы дзённіку, які яна вяла ў акупаваным немцамі Амстэрдаме з чэрвеня 1942 года да жніўня 1944 года, — увесь гэты час сям'я Франкаў хавалася ад нацыстаў у сакрэтным прытулку ў Амстэрдаме. Гестапа паведамілі пра месцазнаходжанне Франкаў, і сям'ю адправілі ў канцлагер.

Ганна Франк памерла ад тыфу ў канцэнтрацыйным лагеры Берген-Бельзэн у Германіі ў лютым ці сакавіку 1945 г. ва ўзросце 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0