29.08.2018 / 10:16

«Версия»: Масква ставіць тоўсты крыж на Аляксандру Лукашэнку — але не на Саюзнай дзяржаве 43

Расійскі таблоід «Версия» выпусціў чарговы артыкул на беларускую тэматыку. Выданне адзначае, што сочынскія перамовы скончыліся для Мінска поўным фіяска. Справа ідзе да вострага крызісу, і шанцы на пераабранне ў Лукашэнкі нібыта становяцца прывіднымі.

Калаж: Версия.

«Версия» звяртае ўвагу на тое, што ў дзень сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін яшчэ сустракаўся з прэзідэнтам Фінляндыі і нават паклікаў яго на сваю яхту. Лукашэнка ж такой павагі не атрымаў. Кіраўнік Беларусі нават не прыйшоў на турнір па самба, што з'яўляецца яшчэ адным індыкатарам праблем гэтай сустрэчы.

Успамінае выданне і аб прызначэнні Румаса прэм'ерам, а таксама пра тое, што калі Румас быў віцэ-прэм'ерам, у Беларусі адбылася вялікая дэвальвацыя. Тое ж самае пагражае Беларусі і цяпер, лічыць «Версия».

Газета паведамляе, што нібыта «Лукашэнка стаў занадта часта пляваць у руку, якая яго корміць»:

— Для пачатку адкрыў у аднабаковым парадку межы для грамадзян 80 краін, і тыя неадкладна рушылі транзітам у Расію. А чаму б і не — ні табе віз, ні праверак спецслужбаў! Вас, замежныя шпіёны, цікавяць расійскія закрытыя прадпрыемствы, але няма магчымасці пратачыцца праз мяжу? Не парцеся, едзьце на цягніку праз Мінск — у вас нават пашпарт на мяжы не спытаюць,

— сцвярджае «Версия».

Нагадвае выданне і пра праблемы з прыёмам новага пасла Расіі Міхаіла Бабіча, а таксама сітуацыю з «Уралкаліем».

Па версіі расійскага выдання, у 2014 году кіраўніка «Уралкалія» Баумгертнера арыштавалі ў Беларусі для таго, каб выкруціць рукі расійскаму мільярдэру Сулейману Керымаву, які кантраляваў «Уралкалій», вымусіўшы прадаць яго частку пакета акцый (каля 20%):

«У выніку на сёння прыкладна 40% акцый (а можа, нават больш) кантралююць беларускі грамадзянін Дзмітрый Лабяк і ўраджэнец Мінска Дзмітрый Мазепін»,

— паведамляе «Версия».

Выданне запэўнівае, што пасля гэтай гісторыі Лукашэнку ў Маскве сталі ўспрымаць як таксічнага.

Абвінавачвае «Версія» Лукашэнку і ў тым, што ён нібыта «пераканаў прызнаць вынікі ўкраінскіх выбараў», а таксама «адмяніць ваенную аперацыю па прымушэнні Кіева да міру»:

«Свайго сяброўства з Пятром Парашэнкам беларускі прэзідэнт ніколі не хаваў — шле таму ў зону баявых дзеянняў грузавыя караваны з тушонкай, а адначасна узбройвае ўкраінскіх ваенных беларускай зброяй, ды яшчэ і ў крэдыт»,

— піша выданне.

Нагадвае расійская газета і аб падатковым манеўры. Вольніца з расійскім палівам, лічыць выданне, для Мінска сканчаецца. А яшчэ Масква пачынаючы з чацвёртага квартала гэтага года мае намер зрэзаць пастаўкі ў Беларусь звадкаванага газу і нафтапрадуктаў:

«Дзірка ў беларускім бюджэце, такім чынам, складзе ад 2 мільярдаў долараў і больш — у залежнасці ад таго, ці ўдасца адкласці да лепшых часоў выплаты па знешніх пазыках. А 2019-ы — год выбараў прэзідэнта і парламента Беларусі. У такі год небяспечна садзіцца на галодны паёк»,

— піша «Версия».

Расійскі таблоід таксама палохае расіян беларускімі ваеннымі вучэннямі, у якіх будуць задзейнічаныя 7500 вайскоўцаў і 260 адзінак бранятанкавай тэхнікі — акурат ля самай расійскай мяжы:

— Нас што, спрабуюць спалохаць? Шантажуюць, беручы на мушку? <…> І неяк усё гэта трывожна, ведаеце.

ММ

5
bane / Адказаць
29.08.2018 / 10:24
Лухта !
8
Гость / Адказаць
29.08.2018 / 10:25
Паспорт спросят не на границе, а при покупке билета на поезд.
5
LMI / Адказаць
29.08.2018 / 10:36
Ну навошта перадрукоўваць і перакладаць трызьненьне псіхаў? Дэбіламі руская зямля поўніцца - ведама тое.
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру