Дзяніс Івашын на судзе

Дзяніс Івашын на судзе

Асноўнае паседжаньне паводле пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць газэты «Новы час» прызначанае на 10 верасьня, піша Радыё Свабода.

У судзе Савецкага раёну Менску 29 жніўня прайшло першае паседжаньне паводле пазову, але яно хутка завяршылася — сам пазоўнік не прыйшоў. Суд пастанавіў абавязаць Аркадзя Ізраілевіча прысутнічаць і да 4 верасьня ўдакладніць патрабаваньні ў пазове.

Ад «Новага часу» на працэсе прысутнічалі рэдактарка Аксана Колб, журналіст Дзяніс Івашын ды іхныя абаронцы. Усе абвінавачаньні на свой адрас яны адкідаюць.

Пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі Ізраілевіч падаў на пачатку жніўня. Ён патрабуе ад незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына, аўтара расьсьледаваньня пра незаконную забудову ў Курапатах.

Як лічыць Ізраілевіч, з газэтных артыкулаў вынікае, што ягонае ТАА «ІВ» зьяўляецца бэнэфіцыярам будаўніцтва побач зь месцам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты.

Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць зьняпраўджаньне — інфармацыю пра сваю недатычнасьць да рэалізацыі камэрцыйнага праекту, а таксама дамагаецца матэрыяльнай кампэнсацыі за «эмацыйныя перажываньні і пагаршэньне фізычнага стану».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?