29.08.2018 / 12:57

Фестываль «Камяніца» абвясціў поўную праграму: Вольскі, Вайцюшкевіч, «Стары Ольса» 1

1 верасня на юбілейным фестывалі «Камяніца з Банкам БелВЭБ» будзе тры музычныя сцэны, шмат майстар-класаў і людзей у народных строях. У дзень мерапрыемства да 13.00 квіткі будуць прадавацца па папярэдніх коштах.

«У 2009 годзе, калі пачынаўся фестываль, мы разлічвалі на два-тры гады, але «Камяніца» дагэтуль жыве і з’яўляецца адной з галоўных пляцовак для тых, каго цікавіць культура Беларусі і суседніх краін. Мы запрашаем усіх на вялікае свята музыкі, творчасці і жывых традыцый», — кажа вядоўца фестывалю Алег Хаменка.

Агульны расклад

У 11.00 пачынаюць працаваць фестывальная пляцоўка, пункты харчавання. Адкрываецца забаўляльная праграма.

У 12.00 стартуе інтэрактыўная сцэна «Традыцыя», дзе можна будзе заспяваць і патанчыць разам з выканаўцамі.

У 14.30 — галоўная сцэна, дзе выступіць зорны склад беларускіх і замежных музыкаў.

У 15.30 распачне працу сцэна ў царкве, дзе адбудзецца выступ вакальнага гурта «Мярэжа» і ўнікальны канцэрт майстроў колавай ліры — сёння рэдкага, але гістарычна аднаго з найбольш папулярных інструментаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі на працягу некалькіх стагоддзяў.

Галоўная сцэна

14.30 — 15.10 — гурт «Стары Ольса»

15.30 — 16.10 — Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra

16.40 — 17.20 — Joryj Kloc (Украіна)

17.50 — 18.30 — этна-трыа «Троіца»

19.00 — 19.40 — гурт «Тесто» (Расія)

20.00 — 20.30 — Лявон Вольскі & Павел Аракелян

21.00 — 21.40 — гурт Trollwald

Інтэрактыўная сцэна

12:00 — 13:00 — фолк-гурт «Чарот», «Любанскія музыкі», Патрыцыя Свіціна, этна-студыя Кetri, фолк-гурт «Гаманіна», праект «Спеўны сход»

13.00 — 13.50 — капэла «Коліснія», мужчынскі гурт «Кудмень»

13.50 — 14.20 / 15.10 — 15.25 — Палескія спевы: дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі (Драгічынскі раён), гурт «Таняжанка» (Лельчыцкі раён)

16.10 — 16.35 / 17.20 — 17.45 — «Любанскія музыкі» і традыцыйныя танцы ад Сяргея Выскваркі

18.30 — 18.55 — Дударскі клуб

19.40 — 19.55 — Фолк-джэм

Сцэна ў царкве

15.30 — 16.00 — гурт «Мярэжа»

16.00 — 17.30 — канцэрт «Лірніцкі пагост»: Алесь Лось, Дзяніс Сухі, Алесь Чумакоў, Сяргей Чубрык, Каця Радзівілава, Васіль Грынь, Алесь Жукоўскі

Забавы і майстар-класы

З 11.00 на фестывалі гледачоў чакае вялікая зона забаў ад прасторы Quvalda: настольныя і электронныя гульні, манетны атракцыён, віртуальная рэальнасць, атракцыён з металашукачом. А таксама катанне на конях, лучны і арбалетны цір, «Бульбамёт», «Яшчарка» (беларускі «Кракадзіл»), футбольная зона ад ФК «Тарпеда Мінск» ды іншыя забавы. Побач з фестывальнай пляцоўкай будзе вялікі кірмаш народных майстроў. А каля сцэн — выстава Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна.

З 12.00 да 15.00 побач з інтэрактыўнай сцэнай будуць адбывацца майстар-класы па традыцыйных рамёствах: пляценні пасталоў і прадзенні на кудзелі, выцінанцы і вырабе лялек-абярэгаў, выкарыстанні зёлкаў і прыгатаванні духмяных гарбатак.

Дзецям

Дзіцячая пляцоўка пачне сваю працу ў 11.00. Цэнтр «Крочым разам» прапануе гульні, творчыя майстэрні і зону для адпачынку, а таксама кірмаш дзіцячых вырабаў, дзе кожнае дзіця зможа размясціць і прадаць свае вырабы, зробленыя на фэсце. Акрамя гэтага будзе зона беларускіх настольных гульняў.

У 13.00 маленькіх гледачоў чакае дзіцячы спектакль з элементамі батлейкі і інтэрактыву ад вандроўнага тэатрыка «Варгін». У 14.00 і 15.00 — дзіцячыя гульні, казкі і забавы ад Ларысы Рыжковай і гурта «Калыханка».

Немагчыма ўявіць сабе «Камяніцу» без снапоў сена, у якіх любяць бавіць час усе гледачы фестывалю. Дарэчы, кожны маленькі глядач на ўваходзе атрымае адмысловы папяровы бранзалет, на якім будзе напісаны тэлефон бацькоў.

Транспарт

Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо — 4 кіламетры ад МКАД за аўтарынак «Малінаўка». Даехаць можна на асабістым аўто, ровары і аўтобусах.

Бясплатны фестывальны аўтобус будзе курсіраваць ад метро «Малінаўка» да музея і назад з 11.45 (першы ад «Малінаўкі») да 22.30 (апошні з музея). Акрамя таго «Мінсктранс» ладзіць дадатковыя рэйсы платных аўтобусаў №203Э праз прыпынак «Малінаўка». Расклад на сайце etna.by.

Квіткі

Квіткі на «Камяніцу» ў папярэднім продажы і ў першую гадзіну фестывалю каштуюць: 15 рублёў (дарослыя), 10,5 рубля (школьнікі і студэнты).

Пасля 13.00 1 верасня кошты складуць: 20 рублёў (дарослы) і 15 рублёў (школьнікі і студэнты). Продаж на сайце і ў касах Kvitki.by.

Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209-41-63.

Гледачам у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) — уваход бясплатны.

Генеральны партнёр фестывалю — ААТ «Банк БелВЭБ».

Партнёрскі матэрыял, фота Яўгена Ерчака

4
Поэт / Адказаць
29.08.2018 / 16:53
Хотя бы месяц по Саше подождали... Тоже мне друзья-коллеги.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру