Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі "Нашай Нівы". Вільня, 1914 год.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі "Нашай Нівы". Вільня, 1914 год.

«Ранай майго жыцьця ёсьць нястача сыстэматычнай асьветы», — пісаў Вацлаў Ластоўскі ў дакумэнце, пра які тут пойдзе гаворка. На жаль, часам такую характарыстыку можна даць і дасьледчыкам ягонай спадчыны. Аднак усё па парадку. Да 125‑годзьдзя Ластоўскага піша Язэп Янушкевіч.

Акурат на 120‑годзьдзе Власта «Беларускі гістарычны часопіс» (2003, №3) выдрукаваў найкаштоўнейшы матэрыял: жыцьцяпіс В.Ластоўскага: (В.Зубко. «Currіculum vіtae» Вацлава Ластоўскага і Тамаша Грыба).

Накінуўшыся на публікацыю зь непадробнай цікаўнасьцю, я смакаваў і шкадаваў, што не дацягнуўся да тых дакумэнтаў, калі пісаў свайго «Неадменнага сакратара Адраджэньня». Ці потым, складаючы том спадчыны Ластоўскага для выдавецтва «Беларускі Кнігазбор».

Той Currіculum vіtae Ластоўскі складаў у 1925 годзе для дзеяча ўкраінскай эміграцыі Мікіты Шапавала, кіраўніка Ўкраінскага Сацыялягічнага інстытуту ў Празе, які прапанаваў Ластоўскаму стаць членам‑карэспандэнтам. Дакумэнт па‑свойму сэнсацыйны, бо ён… старыць Власта амаль на год. Калі б В.Зубко апублікавала яго раней і калі б не адшукалася ў 1990‑я хросная мэтрыка Ластоўскага, мы мелі б іншую дату народзінаў Власта — 24 сьнежня 1882 г. І быў бы ён у нашым уяўленьні аднагодкам Купалы і Коласа. Жыцьцяпіс Ластоўскага, а таксама ягоны ліст да Шапавала, захаваліся ў Цэнтральным дзяржаўным архіве найвышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны ў Кіеве, дзе знаходзіцца ўвесь праскі архіў украінскай эміграцыі.

Але вельмі хутка маё смакаваньне зьмянілася прыкрасьцю й гаркатою. Бо, вывучыўшы, наколькі было мажліва ў архівах Беларусі і Літвы, навуковыя фонды пра гісторыка, пісьменьніка, крытыка‑публіцыста, аднаго з ідэолягаў беларускага руху, ня верылася, што Ластоўскі ў такім значным дакумэнце, як уласны жыцьцяпіс мог нарабіць гэтулькі памылак! Так, за плячыма ў Власта было 4 клясы пачатковай школкі, ён ня мог замест «засьценку» пісаць «застценку», замест «зьбіты з тропу» — «зьбыты з тропу».

Учытваючыся, заўважыў проста нейкую сыстэму памылак. Таму публікацыйная заўвага («увесь тэкст падаецца на мове арыгіналу») у мяне спарадзіла вялікі сумнеў. Каб разабрацца, належала дацягнуцца да арыгіналу, што і стала магчымым нядаўна не без спрыяньня ўкраінскага пасольства ў Беларусі, якую ачольвае найсымпатычнейшы пасол Ігар Ліхавы (былы міністар культуры ў сябе на радзіме).

І толькі пабачыўшы і вывучыўшы ўрэшце архіўныя матэрыялы, магу даць выйсьце эмоцыям, якія стрымліваліся не адзін месяц‑год у чаканьні знаёмства. У маёй нябеднай археаграфічнай практыцы такое нядбальства сустрэў упершыню. Каб на 8500 публікацыйных сымбаляў‑знакаў улупіць больш за 200 абдруковак, памылак, няслушных скаротаў, пропускаў, уласнай фантазіі, нерасчытаных слоўцаў, якія пры мінімальным веданьні мовы лёгкачытэльныя (амаль пасьлядоўна ў В.Зубко ідзе блытаніна мяккага знаку «ь» і літары «т») — гэта ўжо занадта. Больш за тое — шкодна! Уявіце, калі такое пойдзе гуляць па сьвеце навуковым. Пэўна, не прабачае аўтарку і малады век (яна скончыла Віньніцкі дзяржунівэрсытэт у 1998 годзе).

Новую дату народзінаў Ластоўскага, 24 сьнежня 1882 г., пададзеную ў публікацыі, я спачатку таксама залічваў да памылак аўтаркі публікацыі. Аднак дзіва: так стаіць і ў арыгінале. Чаму Ластоўскі памыліўся? І ці памыліўся? Ці гэтая спроба састарыць сябе на год — адна зь містыфікацыяў Власта? Бо ў адшуканай у сярэдзіне 1990‑х хроснай мэтрыцы пазначаныя дата нараджэньня — 8 лістапада (27 кастрычніка па старым стылі) 1883 г. і дата хросту — 26 сьнежня 1883 г. Цяжка адказаць. Чапляе іншае: у публікацыі сярэдзіны 2003 г. падаецца новая дата нараджэньня аднаго з найзначнейшых гістарычных дзеячоў ХХ стагодзьдзя — і ніхто з гісторыкаў на гэта не рэагуе. Кожны займаецца сваім, надрукаванае калегамі нікога не хвалюе.

Таму й прапаную паасобныя разьдзельчыкі з таго праска‑кіеўскага архіву — трэба думаць, не дасьледаванага яшчэ як сьлед беларускімі гісторыкамі.

Язэп Янушкевіч

* * *

«Curriculum vitae» Вацлава Ластоўскага.

Радзiўся я ў засьценку Калесьнiках на пагранiччы Дзiсенскага пав. (Вiленск. губ.) i Лепельскага пав. (Вiцеб. губ.) з бацькi Юстына, сына Юзафата i маткi Ганны з дому Жвiрблеўскай, у 1882 годзе 24 ХII. Хрышчоны у Задарожжы, 20 Х 1883 г. па рыма‑каталіцкім абрадзе.

Бацькi мае былi безьзямельнымi хлебаробамi, i, як у нас кажуць «хадзiлi па арэндзе», г. зн. што другi‑трэцьцi год перекачоўвалi на новую арэндную сялiбу, пераносячыся ня раз з аднаго ў другi, суседнi павет.

У сям’i ў нас былi ўнiяцкiя традыцыi i немаль да 1905 году ўвесь наш род судзiўся за апорнасьць у унiяцтве. Род наш выдаваў шмат мiстыкаў.

Праўдападобна у зьвязку зь мiстычным настроем вялося, што ў нашым родзе, з бацькi на сына, з пакаленьня ў пакаленьня, займалiся лечаньнем; з гэтай прычыны мы ў Дзiсеншчыне больш ведамы пад прыдомкам «Дактаронкi».

Сям'я наша ў сваiм акружаньнi слыла iнтэлiгентамi, бо бацька мой праходзiў павятовую школу, шмат падарожнiчаў па сьвеце i ў моладасьцi быў 10 гадоў практыкантам у доктара, але скончыўшы практыку i атрымаўшы пасведчаньне на права лячэньня, практыкай не займаўся.

Згодна гэтым сямейным традыцыям, пасьля акончаньня мной народнай школы, бацька паслаў мяне да свайго брата, Францiша Ластоўскага, вучыцца лекарскага ўмецтва, якi распачаў маю адукацыю ад навукi лацiны. Лекцыi адбывалiся практычна: мы iшлi ў поле i на кветках вучыў мяне дзядзька найперш лацiнскай назовы колераў кветак, лiчэньня, пасьля лацiнскiя iмёны самых расьцiн i адначасна тлумачыў, якая расьцiна на якое недамаганьне памочна, як i калi яе зьбiраць, перахоўваць i прыгатаўляць да ужытку. Вучыўся я ў дзядзькi усяго адно лета: увосень таго году бацька мой зламаў руку, i мая помач патрэбна была дома.

У 1896 гаду, калi сям'я наша, дзякуючы хваробе бацькі, дайшла да найвышэйшага недастатку, я надумаў шукаць сабе працы i, прайшоўшы 70 вёрст пяхатой да чыгункi, выехаў у Вiльню…

У 1906 гаду я быў арыштаваны за сацыялiстычную пропаганду i сядзеў некалькi месяцаў у турме…

У 1909 гаду 25.III. пераехаў у Вiльню, куды быў запрошаны А.Уласавым «вясьцi фактычна» часопiс «Наша Нiва», дзе пад тытулам сакратара Рэдакцыi працаваў да 1915 году.

У 1913 годзе сарганізаваў я «Беларускую кнiгарню ў Вiльнi» (Завальная, 7), якую вёў да 1918 году…

Будучы фактычным рэдактарам «Нашай Нiвы», я з 1909 году ня меў часу працаваць навукова, бо трэба было продукаваць тое, што вымагаў круг чытачоў i маладое беларускае адраджэньне. Пiсаў я ў гэтым часе вельмi многа; ня раз запаўняючы цэлыя нумары ад пачатку ад канца, пад рознымi псэўдонiмамi i акром гэтага вядучы яшчэ месячнiк сельскай гаспадаркi «Саху», укладаючы штогоду популярныя ў той час календары «Нашай Нiвы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0