29.08.2018 / 18:28

Пачала працу новая кіраўніца амерыканскага пасольства ў Мінску 1

29 жніўня часовую павераную ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь Джэніфэр Мур прыняў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сказалі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС.

Падставай для сустрэчы стаў пачатак яе дыпляматычнай місіі ў Беларусі.

Падчас размовы бакі абмеркавалі «стан і пэрспэктывы разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў», падкрэсьлілі ў МЗС.

Паводле дыпляматычных працэдур амбасадар спачатку ўручае копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных спраў, каб пачаць працу на новым месцы. Затым працэдура прадугледжвае ўручэньне арыгіналаў даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Але гэтыя правілы тычацца толькі амбасадараў, а для часовых павераных такія працэдуры не прадугледжаныя.

Джэніфэр Мур — кар’ерная дыпляматка

Джэніфэр Мур

Перад прыездам у Менск займала пасаду намесьніка дырэктара ўпраўленьня па справах Паўднёвай Эўропы Дзярждэпартамэнту ЗША, якое адказвае за адносіны з Турэччынай, Грэцыяй і Кіпрам, паведамляецца на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.

У яе багаты вопыт работы па эўрапейскай тэматыцы, і на працягу большай часткі сваёй кар’еры Мур спэцыялізавалася ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва і рэформаў у сфэры бясьпекі. Яна таксама працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту па міратворчай дзейнасьці, санкцыях і барацьбе з тэрарызмам, дарадцай у палітычных і эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Тыране (Альбанія), на розных пасадах у палітычным, вайскова-палітычным і эканамічным аддзелах амбасадаў ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.

Акрамя гэтага, Мур была дзяжурным супрацоўнікам апэратыўнага цэнтру Дзярждэпартамэнту і асыстэнтам памочніка дзяржсакратара ЗША ў вайскова-палітычных пытаньнях.

Дыпляматка ня раз атрымлівала найвышэйшыя ганаровыя ўзнагароды Дзярждэпартамэнту. Вывучала расейскую, турэцкую, сэрбскахарвацкую, альбанскую і інданэзійскую мовы.

Джэніфэр Мур нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналягічны інстытут штату, атрымаўшы ступень бакаляўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.

0
miserecordia / Адказаць
29.08.2018 / 22:15
NN,усе ж такі пасольства ці амбасада???
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру