Узяла фіктыўны шлюб дзеля навукі: гісторыя геніяльнага матэматыка Соф’і Кавалеўскай 9

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

Ды што гераічнага ў тым, каб быць матэматыкам? Жанчынай-матэматыкам? Адразу паўстае перад вачыма школьная матэматыца. Але ўявіце, што ваша жыццё абмежавана стагоддзямі традыцыі кухня-дзеці-муж-царква. І да вас ніводная жанчына яе не ламала. А калі і ламала раз на тысячагоддзе, дык была закіданая каменнем, як Гіпатыя Александрыйская.

Гісторыя Соф'і Кавалеўскай працягвае наш цыкл з «Беларускія гераіні», які мы робім разам з Samsung Galaxy S9|S9+. Раней вы бліжэй знаёміліся з Эміліяй ПлятэрВерай ХаружайЛарысай ГеніюшАлаізай ПашкевічАленай КішЖаннай КапуснікавайМарынай ЛобачЯдвігай Паплаўскай, Зінаідай Бандарэнкабеларускімі дзекабрысткамі

Нам «у добрым будучым нашым» падаецца натуральным тое, што яшчэ 150 гадоў таму было нечуваным нават для Еўропы. Напрыклад, права жанчын вучыцца і выкладаць, займацца навукай.

І першай, хто здолеў пераадолець тысячагадовую коснасць, была Соф’я Кавалеўская.

Яна паходзіла з беларускага шляхецкага роду Корвін-Крукоўскіх. Згодна з сямейным паданнем, яго пачынальнікамі былі шляхціц Крукоўскі і дачка венгерскага караля Корвіна. Але нават «каралеўскае» паходжанне не ўратавала продкаў Соф’і ад прынізлівага пацвярджэння шляхецтва ў ХІХ стагоддзі.

Бацька Соф’і, Васіль Корвін-Крукоўскі, быў вайскоўцам. Артылерыст, ветэран балканскіх войнаў, ён загадваў маскоўскім арсеналам і выйшаў у адстаўку ў чыне генерал-лейтэнанта.

Маці паходзіла з вучонай нямецкай лютэранскай сям'і, яе прадзед-багаслоў пераехаў у Расію, дзед быў астраномам, а бацька, Фёдар Шуберт, тапографам, стваральнікам той самай «трохвярстоўкі Шуберта» — падрабязнай карты Расійскай імперыі канца ХІХ стагоддзя.

Васіль Крукоўскі быў старэйшы за жонку мала не на дваццаць гадоў і ставіўся да яе як да дзіцяці, а першыя гады шлюбу меў асобнае жыццё, у якое жонка нават не магла ўмешвацца.

Так, нараджэнне Соф’і, як не без гумару ўспамінала яна, было азмрочана тым, што тата прагуляў у Англійскім клубе столькі, што давялося закладаць маміны дыяменты, каб разлічыцца.

Матэматычныя шпалеры

Успаміны Кавалеўскай малююць жывыя карціны побыту багатай шляхецкай сям'і сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Вось маёнтак Палібіна ў Віцебскай губерні (цяпер Пскоўская вобласць Расіі), куды бацькі Соф’і пераехалі пасля яе нараджэння. Вось Васіль Крукоўскі, маршалак віцебскай шляхты, збіраецца на сход у поўнай параднай форме з ордэнамі і зоркамі, і дзяцей прыводзяць у вітальню «палюбавацца на татку ў парадзе»: яны скачуць і пляскаюць у далоні ад задавальнення…

Каб не той пераезд у Палібіна, невядома, ці стала б Соф’я матэматыкам. Дакладней, паўплываў не сам пераезд, а рамонт, які перад гэтым адбываўся. На сцяну аднаго з пакояў не хапіла шпалераў, і яна доўгія гады стаяла абклееная лістамі літаграфіраваных лекцый Астраградскага пра дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнне — з часоў бацькавага навучання.

Незразумелыя знакі заварожвалі малую Соф’ю, як заварожваюць іншых дзяцей індзейскія пісьмёны. Яна магла гадзінамі стаяць перад той сцяной.

Соф'я Кавалеўская ў юнацтве.

І праз многа гадоў, калі Кавалеўская брала першы ўрок дыферэнцыяльнага злічэння, яна здзівіла настаўніка тым, наколькі хутка ўсё схапіла: «Усё гэта стаяла на памятных мне лістах».

Першую ж асэнсаваную цікавасць да матэматыкі абудзіў у Соф’і дзядзька Пятро Васільевіч. Ён уражваў дзіцячае ўяўленне: яго жонку задушыла ўласная дворня, не сцярпеўшы жорсткасці. Дзядзька ж меў у сям’і рэнамэ інфантыла і дзівака. Ён часта гасцяваў у брата і вёў з яго дзецьмі доўгія размовы.

Пятро Васільевіч жыва цікавіўся ўсімі навуковымі тэорыямі і адкрыццямі і абмяркоўваў іх з Соф’яй. Дзяўчынцы падабалася, што ён гаворыць з ёй як з дарослай. «Ад яго пачула я, напрыклад, у першы раз пра квадратуру круга, пра асімптоты, да якіх крывая пастаянна набліжаецца, ніколі іх не дасягаючы, пра іншыя рэчы», — успамінала Кавалеўская.

Зарэзаць палкоўніка Якаўлева

Падлеткавымі вачыма Кавалеўская бачыла паўстанне 1863 года. Пра тое, які маштаб яно мела нават у далёкім куце Віцебскай губерні, сведчаць яе ўспаміны: «Большасць суседніх памешчыкаў, і пераважна самыя багатыя і адукаваныя, былі палякі; многія з іх апынуліся больш ці менш сур'ёзна скампраметаванымі; у некаторых маёнткі былі канфіскаваныя; амаль усе абкладзеныя кантрыбуцый. Многія добраахвотна пакідалі сядзібы і з'ехалі за мяжу. …моладзі зусім і не відаць было ў нашых краях; яна ўся кудысьці знікла. Заставаліся толькі дзеці ды старыя, бяскрыўдныя, напалоханыя, якія баяліся ўласнага ценю, ды розны прышлы люд чыноўнікаў, купцоў і дробнамаянтковых дваран».

У словах «моладзі не было відаць» хаваецца і асабістае перажыванне Соф’і, якое згадвала ў дзённіках яе маці. Малады сусед Буйніцкі напісаў Соф’і ў альбом вершаванае прысвячэнне — і сышоў з паўстанцамі. Ён загінуў, але Соня таго не ведала, думаючы, што ён высланы ў Сібір, і мела смелыя планы яго вызвалення.

Калі да іх на вячэру меўся прыехаць палкоўнік Якаўлеў, вайсковы начальнік Віцебскай губерні, Соня збіралася ўдарыць яго нажом у сэрца, каб і яе адправілі ў Сібір, дзе яна сустрэне Буйніцкага…

Той Якаўлеў выклікаў прыхаваную пагарду, бо, у адрозненне ад іншых расійскіх афіцэраў, не ўхіляўся ад ролі ката падчас здушэння паўстання. У часе вячэры ён, жадаючы паказаць свае таленты, захацеў зрабіць малюнак у альбом Соні: той самы, дзе быў верш Буйніцкага.

Соня паслухмяна прынесла альбом, дачакалася завяршэння «шэдэўра», а пасля выдрала старонку з малюнкам і пры ўсіх расшкуматала яе. Гувернантка схапіла «паўстанку» і пацягнула з залы. Учынак дзяўчынкі палкоўніку дыпламатычна патлумачылі дзіцячай зайздрасцю да яго талентаў…

Соня і Дастаеўскі

Наш свет цесны, дзякуючы сацсеткам. Але свет ХІХ стагоддзя таксама быў цесны. І Соф’я Крукоўская была асабіста знаёмая з адным з найлепшых пісьменнікаў у расійскай літаратуры — Фёдарам Дастаеўскім.

Гэта адбылося дзякуючы яе сястры Ганне. У сваіх успамінах Соф’я з гумарам апісвае этапы юнацкага бунту сястры — ад захаплення рыцарскімі раманамі да «нігілізму».

«Нігілістамі» ў расійскай імперыі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя называлі ўсіх, хто адмаўляў погляды старэйшага пакалення, хацеў якіхсьці зменаў. Ганна, стаўшы «нігілісткай», даслала сваё апавяданне ў часопіс «Эпоха», які выдаваў Дастаеўскі, — і яго апублікавалі.

Іх перапіску знайшлі, дома быў скандал. «Сёння ты атрымліваеш ад незнаёмага мужчыны грошы за апавяданне, а што ты будзеш прадаваць за грошы заўтра?» — крычаў бацька.

Злева — сястра Соф'і Ганна. Справа — сама Соф'я.

Але з часам надышло замірэнне, бацькі, быўшы ў Пецярбургу, з Дастаеўскім пазнаёміліся і, сціснуўшы зубы, прыцярпеліся да 43-гадовага былога катаржніка і «нігіліста».

Соня ж была ім захопленая цалкам: спецыяльна развучыла на фартэпіяна яго любімую санату Бетховена і натхнёна грала, калі ён прыйшоў на кватэру. Але раптам заўважыла, што ў гэты час пісьменнік прызнаецца ў каханні яе старэйшай сястры…

Выхаванне міс Сміт

Кавалеўская часта прыгадвала, што яе дзядуля быў «нямецкі педант», ужываючы гэты выраз у станоўчым сэнсе. Нямецкія гены падмацаваліся выхаваннем, за якое ў Палібіне адказвала гувернантка-англічанка міс Сміт.

Эпізоды ўспамінаў, звязаныя з ёй, руйнуюць стэрэатыпы пра выхаванне панскіх дзяцей. Пад'ём а 7-й, абліванне халоднай вадой, паўтары гадзіны фартэпіяна ў халоднай зале, пасля сняданка, калі на двары не халадней за 10 градусаў марозу, — паўтарагадзінны шпацыр з гувернанткай. Калі мароз быў большы за мінус дзесяць — гувернантка шпацыравала адна…

Выхаванне Маргарыты Сміт заклала ў характар Соф’і тую сістэмнасць, якая дапамагла ёй пасля ў вучобе і навуковай працы. Развітанне іх было не зусім прыемнае: кансерватарка і манархістка, міс Сміт усяляк імкнулася перашкодзіць Соф’і мець зносіны з сястрой-«нігілісткай». Пасля многіх скандалаў яна ў знак пратэсту з’ехала. Соф’я плакала, асэнсаваўшы, што страціла блізкага чалавека.

«Вы новы Паскаль!»

У той час, як сястра Ганна чытала рыцарскія раманы, 11-гадовая Соф’я ўначы таемна чытала падручнік па алгебры для ўніверсітэтаў.

Пасля ёй на вочы трапілі «Пачатковыя асновы фізікі», складзеныя іх суседам па маёнтках — прафесарам Мікалаем Тыртовым. Не меўшы падрыхтоўкі, Соф’я сама разабралася ў сінусах і косінусах і пры сустрэчы пахваліла кніжку яе аўтару. «Вы ж новы Паскаль!» — здзівіўся стары прафесар і пачаў пераконваць бацьку, што Соф’і абавязкова трэба вучыцца.

Раней тое самае не раз казаў Васілю Крукоўскаму іх хатні настаўнік Малевіч, але словы імянітага суседа пераканалі бацьку канчаткова. Калі Соф’і споўнілася 16, пасля лета ў Германіі і Швейцарыі яна пачынае вучыцца ў Пецярбургу, з ёй займаецца прафесар Странналюбскі.

Фіктыўны шлюб

На фота злева — Соф'я з дачкой. Справа — першы муж Уладзімір Кавалеўскі.

Так скончыўся «беларускі перыяд» жыцця Кавалеўскай. Хоць Палібіна яна, вядома, будзе наведваць. Напрыклад, тут яна выйшла замуж за Уладзіміра Кавалеўскага, з прозвішчам якога Соф’я Корвін-Крукоўская стала вядомай на ўвесь свет.

Шлюб быў нестандартны, але ў традыцыях той эпохі. У Расіі жанчын не прымалі ва ўніверсітэты, а каб вучыцца за мяжой, трэба быў від на жыхарства, які давалі толькі замужнім. У асяродку адукаванай моладзі множыліся фіктыўныя шлюбы. Уладзімір падаўся Соф’і ідэальным кандыдатам.

Яны пазнаёміліся ў Пецярбургу на «тусоўцы» маладых інтэлектуалаў. Палеантолаг Кавалеўскі быў амаль сусед, родам з маёнтка Воркава ў Дзвінскім павеце Віцебскай губерні. Старэйшы за Соф’ю на восем гадоў, ён браў удзел у паўстанні Каліноўскага, у паходзе Гарыбальдзі, быў знаёмы з Герцэнам, Бакуніным, Дарвінам, працаваў у Сенаце, але кінуў, бо не любіў руціны.

Спачатку, дарэчы, фіктыўна ажаніцца з Уладзімірам збіралася Ганна Крукоўская, але пасля планы перамяніліся. Магчыма, адыграла ролю і надзвычайная прывабнасць 18-гадовай Соф’і, у якую ў Пецярбургу былі закаханыя ўсе знаёмыя мужчыны.

Бацькі былі катэгарычна супраць шлюбу, але Соф’я ўцякла на кватэру да Уладзіміра і заявіла, што дахаты не вернецца. Іх павянчалі ў Палібіне, у хуткім часе маладыя з’ехалі ў сталіцу, а пасля — у Вену.

Сустрэча з Веерштрасам

У тамтэйшым універсітэце Соф’ю без ніякіх праблем дапускалі слухаць лекцыі, але матэматыкі ў Аўстрыі былі слабыя. Кавалеўская скіравалася ў Гейдэльберг, у славуты ўніверсітэт з 500-гадовай гісторыяй. Цэлая камісія прафесараў вырашала, ці дапускаць яе да навучання — і Соф’я іх пераканала. Ёй дазволілі слухаць лекцыі па фізіцы і матэматыцы. Адначасова Уладзімір з Соф’яй шмат падарожнічалі па Еўропе, бывалі ў Парыжы і Лондане, сустракаліся з найцікавейшымі інтэлектуаламі свайго часу — Томасам Хакслі, Чарльзам Дарвінам, Гербертам Спенсэрам.

Але лёсавызначальнай для Соф’і была сустрэча з Карлам Веерштрасам у 1870-м. Яна марыла трапіць на лекцыі да берлінскага прафесара, чыім імем названыя тэарэмы.

Веерштрас ахвотна ўзяў яе, бо колькасць яго студэнтаў істотна паменшыла франка-пруская вайна. Аднак рада берлінскага ўніверсітэта забараніла Кавалеўскай наведваць лекцыі. І Веерштрас чатыры гады займаўся з ёй у прыватным парадку. Гэта ён зрабіў з яе навукоўца, як некалі Маргарыта Сміт — «педанта».

Чатыры гады матэматыкі

Гэтыя гады былі фізічна цяжкімі для Кавалеўскай. Яны з сяброўкай Юліяй Лермантавай здымалі кватэру, увесь час займала матэматыка. Соф’я закінула культурнае жыццё, спарадычна харчавалася, а калі і выходзіла — дык толькі да Веерштраса.

Пад яго кіраўніцтвам яна займалася тэорыяй функцый, адной з найскладанейшых галінаў матэматыкі. Хоць Веерштрас і казаў пасля, што ў яе працах ён «толькі выправіў шматлікія граматычныя памылкі».

Матэматыка дарма падаецца многім чыстай схаластыкай, пераліваннем лічбаў з пустога ў парожняе. Яна сапраўдная царыца навук: матэматык можа, не ўстаючы ад стала, шляхам разлікаў вытлумачыць любы прыродны працэс — ад руху планет у космасе да руху сокаў у найменшай травінцы.

Напрыклад, за безжыццёвай назвай «аб прывядзенні аднаго класа абэлевых інтэгралаў трэцяга рангу да інтэгралаў эліптычных» хаваецца праблема, якая мае вялізнае практычнае значэнне: як вылічыць плошчу фігуры з краямі складанай формы. Кавалеўская знайшла ёй вырашэнне.

Таксама яна змагла даказаць тэарэму існавання галаморфнага развязання сістэмы раўнанняў з частковымі вытворнымі нармальнага віду, якой паралельна займаўся французскі матэматык Агюстэн Кашы. Але Соф’я знайшла элегантнейшае і прасцейшае развязанне — і яна ўвайшла ў падручнікі як тэарэма Кашы-Кавалеўскай.

Карціна мастачкі Марыны Івановай «Кавалеўская Соф'я».

Займала яе ў той перыяд і праблема абяртання кольцаў Сатурна. Відаць, адбіліся гены «нямецкага педанта» прадзеда-астранома.

Вынікам знясільваючай чатырохгадовай працы стала тое, што ў 1874 Гетынгенскі ўніверсітэт надаў Кавалеўскай званне доктара філасофіі па матэматыцы — завочна, па сукупнасці працаў, без экзамена. Кавалеўская была адзінай у свеце жанчынай, якая ў 24 гады мела такую высокую навуковую ступень.

«І яна, і яе дачка паспеюць састарыцца»

З дачкой Соф'яй, якую сваякі ласкава называлі Фуфай.

У тым самым годзе яны з’ехаліся з Уладзімірам, фіктыўны шлюб нечакана стаў сапраўдным. Іх зблізіў побыт у рэвалюцыйным Парыжы, куды муж і жонка трапілі ў красавіку 1871-га. Там жыла сястра Соф’і Ганна, якая была замужам за адным з дзеячаў Парыжскай камуны. Там прыдаліся веды Соф’і з медыцыны — Парыж быў у аблозе, параненых было многа.

У 1878 у Соф’і і Уладзіміра нарадзілася дачка — таксама Соф’я. Але маці і ўсе навокал называлі яе Фуфа.

Атрымаўшы ступень, Кавалеўская спадзявалася прыдацца на радзіме. Але ў Пецярбургу ёй маглі прапанаваць толькі пасаду той самай «матэматыцы» — настаўніцы матэматыкі ў малодшых класах гімназіі. А расійскі міністр асветы адмовіў у магістарскім экзамене, які даваў права выкладаць у ВНУ, са словамі: «І яна, і дачка яе паспеюць састарыцца перш, чым жанчыны будуць дапушчаныя ва ўніверсітэт».

Хлараформ

У гэты ж час адбыўся крах яе сямейнага жыцця. Муж быў таленавіты навуковец-палеантолаг. Гэта ён, напрыклад, першым давёў, што будова шкілета любой істоты залежыць ад яе ладу жыцця і запачаткаваў цэлую навуку зааэкалогію. Але адной навукі яму было мала:

Уладзімір хацеў разбагацець. Ён кідаўся ў рызыкоўныя бізнэсы: будаўніцтва дамоў, вытворчасць нафтавых мінеральных аліваў… Прадпрыемствы патрабавалі інвестыцый. Нейкі час яму шанцавала, але ўрэшце ён давёў сям’ю да банкруцтва.

Фінансавы крах па-рознаму на іх адбіўся. Ва Уладзіміра пачалася дэпрэсія, а Соф’я наадварот супакоілася, пераканаўшыся, што кожны мае займацца сваёй справай.

Яна спакойна паглядзела, як распрадаюць з малатка іх маёмасць і вярнулася ў Берлін да Веерштраса — займацца праблемай пераламлення святла ў крышталях.

«Нашы натуры такія розныя, — пісала яна мужу, — што ты маеш здольнасць часам захапляць мяне, але як толькі я вольная, я вяртаюся да розуму, і абдумваючы ўсё спакойна, я знаходжу, што …самае лепшае нам пажыць асобна. Але злосці я супраць цябе не адчуваю, ні жадання ўмешвацца ў тваё жыццё. Павер, што калі толькі фінансы або адсутнасць іх не абрэжуць нам усе крылы, то я табе ні ў чым перашкодай не буду. Але яшчэ раз паўтараю, не старайся разбагацець любой цаной, ты даволі правучаны досведам. Твая Софа».

Кавалеўскі тым часам быў у Адэсе і спрабаваў разабрацца ў заблытаных фінансавых справах. Але не здолеў перажыць ганьбы і таго, што змарнаваў не толькі свае грошы, але і жончына прыданае. У 1883 ён надзеў маску з хлараформам і скончыў жыццё самагубствам.

Даведаўшыся, Соф’я зачынілася на пяць дзён у пакоі. Яна перастала есці. Урэшце страціла прытомнасць. І перажыла.

У тым жа годзе яна прыняла прапанову Стакгольмскага ўніверсітэта заняць пасаду прыват-дацэнта. Але перш, чым з’ехаць у Швецыю, яна наведала Маскву і рэабілітавала добрае імя Уладзіміра: знайшла ў яго паперах пацвярджэнне, што Кавалеўскі не быў махляром, а яго банкруцтва і растрата — вынік нешчаслівага збегу абставін.

Стакгольм: спаўненне мараў

За год у Стакгольме яна асвоіла шведскую мову настолькі, што здольная была чытаць на ёй лекцыі. Забрала да сябе Фуфу, уладкаваўшы побыт. (Першы год быў «выпрабавальным тэрмінам», заробак ёй не плацілі).

За восем гадоў працы ў Стакгольме Кавалеўская прачытала студэнтам дваццаць курсаў. Гэты час быў спаўненнем мараў: чатырох тысяч крон у год, якія яна зарабляла, хапала ім з дачкой, ва ўніверсітэце яна займала дзве прафесарскія кафедры, была літаральна нарасхоп у навуковым асяродку еўрапейскіх сталіц. І толькі для адукацыйных чыноўнікаў Расійскай імперыі па-ранейшаму заставалася «нігілісткай» і падазронай паненкай.

Калі «бабуля-цыганка брала верх над дзедам-педантам», Кавалеўская хадзіла на коўзанку. Часам кампанію ёй складаў рэктар Стакгольмскага ўніверсітэта і сусветна вядомы матэматык Магнус Гёста Мітаг-Лефлер, высокі харызматычны мужчына з ільвінай грывай валасоў.

Задача пра ваўчок

У 1886 Кавалеўская развязала задачу, якая стаяла на парадку дня матэматыкаў ХІХ стагоддзя і прынесла ёй сусветную славу. Конкурс на найлепшае вырашэнне абвясціла Парыжская акадэмія навук. Гэта была задача пра ўласцівасці авароту цвёрдага цела пад уздзеяннем сілы цяжару, калі цэнтр цяжару супадае з пунктам апоры, ці «задача пра аварот ваўчка», як яна называлася прасцей.

Ваўчок — гэта не толькі дзіцячая цацка. І гіраскоп, і снарад у палёце, і нябеснае цела — той самы ваўчок. Не дзіва, што рашэння задачы чакалі не толькі тэарэтыкі-матэматыкі, але і астраномы, інжынеры, канструктары з самых розных сфераў.

Кавалеўская думала над ёй са студэнцкіх гадоў. Яе даследаванне камісія прызнала настолькі бліскучым, што прэмія за яго склала не звычайныя тры, а пяць тысяч франкаў.

Яшчэ адзін Кавалеўскі

Соф'я і Максім Кавалеўскі, яе каханы.

Іронія лёсу: апошнім каханнем Соф’і быў чалавек таксама з прозвішчам Кавалеўскі. Яны з мужам не былі сваякамі, Максім Кавалеўскі паходзіў з Украіны, яго маці мела вялікі маёнтак пад Харкавам. Максім і Соф’я пазнаёміліся, дзякуючы кур’ёзу: ёй у Стакгольм шведская пошта пераслала кіпу лістоў, адрасаваных яму.

Кавалеўскі быў юрыстам, выкладаў нейкі час у маскоўскім універсітэце ды асабліва сябе там не стрымліваў. «Я мушу вам чытаць пра дзяржаўнае права, але паколькі ў нашай дзяржаве няма ніякага права, дык як жа я вам буду чытать?» — казаў ён студэнтам. Яго выгналі, і з таго часу Кавалеўскі чытаў лекцыі за мяжой.

У лютым 1888 ён прыехаў у Стакгольм і яны з Соф’яй «развіртуалізаваліся». Праз месяц Кавалеўскі з’ехаў, а Соф’я напісала сяброўцы: калі б Максім застаўся, ёй наўрад ці ўдалося б скончыць сваю працу: «Ён такі вялікі і займае так жудасна многа месца не толькі на канапе, але і ў думках, што мне было б немагчыма ў яго прысутнасці думаць ні аб чым іншым, акрамя яго».

Яны вандравалі разам улетку па Еўропе, ездзілі на Каўказ. Але за захапленнем прыходзіла астуджэнне: Кавалеўскі хацеў бачыць у Соф’і самаахвярную жонку. Яе заняткі матэматыкай ішлі ўразрэз з гэтым.

«Яна [Соня] адчувала заўсёды непераадольную патрэбу ў пяшчоце і сардэчнасці, патрэбу мець пастаянна каля сябе чалавека, які б усім дзяліўся з ёй, і ў той жа час яна рабіла немагчымым жыццё для чалавека, які ўступаў у такога роду блізкія адносіны да яе. Яна сама была занадта неспакойнага нораву, занадта дысгарманічная па сваёй натуры, каб на доўгі час знайсці задавальненне ў ціхім жыцці, поўным любові і пяшчоты, пра якое яна, відаць, так горача марыла. Пры гэтым яна была занадта асабістай па сваім характары, каб звяртаць дастаткова ўвагі на імкненні і схільнасці таго, хто жыў з ёй», — пісала яе сяброўка Юлія Лермантава.

Планета

Як бы там ні было, Каляды 1891-га яны сустракалі разам у Ніцы, і пасля іх Кавалеўскі паведаміў знаёмым, што Соф’я пагадзілася выйсці за яго. Яна ж, вяртаючыся з Ніцы ў Стакгольм, занядужала ў дарозе. Абвастрылася старая хвароба сэрца, наклалася запаленне лёгкіх — і Соф’і не стала 29 студзеня (10 лютага па новым стылі) 1891.

«Так многа шчасця» — былі яе апошнія словы.

Соф’я Кавалеўская пахаваная ў Стакгольме. Жалобная працэсія за ёй цягнулася праз увесь горад. Шведы развітваліся з сваёй прафесаркай, якая да канца засталася вернай дэвізу: служыць навуцы і пракладаць новы шлях жанчынам.

Цяпер Соф’я Кавалеўская ззяе ў нябёсах — у гонар яе назвалі адну з малых планет, што круцяцца між Марсам і Юпітэрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?