Разам з Букмекерскай канторай Марафон раскажам, што цікавага можа адбыцца ў дваццатым туры чэмпіянату Беларусі па футболе. Усе меней часу застаецца да сканчэння, і ўсё больш жорсткая барацьба пачынаецца за прызавыя месцы і за выжыванне.

Калі казаць пра іншыя падзеі футбольнага свету, то барысаўскі БАТЭ, на жаль, без шанцаў саступіў у Эйндховене ПСВ (0:3), і не прабіўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. БАТЭ восенню, як і летась, прыме ўдзел у Лізе Еўропы. Лёсаванне адбудзецца ў пятніцу. Чэмпіён Беларусі, найхутчэй, будзе знаходзіцца ў трэцім кошыку. У такім выпадку два супернікі будуць мацнейшымі па рэйтынгу, а адзін — слабейшым. Пазычым нашаму клубу добрых вынікаў лёсавання.

Цяпер пераходзім да тура пад парадкавым нумарам дваццаць.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Гарадзея»

У Гарадзеі ўмеюць заўзець за сваіх. Фота з vk.com.

У Гарадзеі ўмеюць заўзець за сваіх. Фота з vk.com.

«Тарпеда-БелАЗ» у мінулым тур з «вялікай павагай», як выказаўся іх настаўнік Алег Кубараў, паставілася да «Мінска». Гульня скончылася з лікам 0:0. Жодзінцы на гэты момант займаюць шосты радок у турнірнай табліцы. Вылецець не вылецяць, але і да чагосьці істотнага не дацягнуцца. Матывацыя можа пачаць губляцца.

«Гарадзея» проста цяпер у агні. Каманда атрымала дзве сухія перамогі запар у чэмпіянаце, а таксама выйграла матч у кубку Беларусі. Згадваючы, як каманда пакутавала ў першай палове, складваецца ўражанне, што гарадзейцаў проста падмянілі. Можа, і ў матчы з фаварытам зноў атрымаецца адабраць пункты.

Прагноз «НН»: «Гарадзея» не саступіць.

«Віцебск» — «Смалявічы»

«Віцебск» працягвае прыемна ўражваць. Якую ж хвалю эмоцый выклікала гульня віцяблян у Барысаве з БАТЭ! Толькі на апошніх хвілінах барысаўцы змаглі адгуляцца дзякуючы вельмі сумнеўнаму пенальці. Спрэчкі, ці быў адзінаццаціметровы працягваюцца да гэтага часу.

У «Смалявічах» добры настрой. Яшчэ б, каманда ў мінулым туры перамагла зорнае брэсцкае «Дынама». Ды яшчэ як! Фядзянін ударыў з 30 метраў, а брамнік берасцейцаў прапусціў мяч між ног. Той яшчэ кур’ёз! Настаўнік «Смалявічаў» Аляксандр Бразевіч назваў сваю каманду «сапраўднымі мужыкамі».

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».

«Дняпро» — «Прамень»

Тыдзень таму «Дняпро» саступіў у Салігорску. Фота з афіцыйнага сайта «Дняпра».

Тыдзень таму «Дняпро» саступіў у Салігорску. Фота з афіцыйнага сайта «Дняпра».

Суперважная гульня ў барацьбе за выжыванне. Сустракаюцца каманды, якія на гэты момант займаюць пятнаццатае і шаснаццатае месцы. «Дняпро» не безнадзейны па самааддачы, але набіраць пункты не могуць. Клуб пакінуў украінскі легіянер Арцём Піліпенка, які так і не згуляў ніводнага матча. Украінская федэрацыя проста не выдала яму трансфер.

Для «Праменя» саступіць у гэтай гульні будзе роўна катастрофе. Бо далей каляндар для мінскай каманды будзе толькі цяжэйшым. Здаецца, «Прамень» не дужа прыжыўся ў вышэйшай лізе. Заўзятараў у клуба так і не з’явілася. Гараваць па такой камандзе мала хто будзе.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 1,5.

«Іслач» — «Гомель»

Справы ў «Іслачы» сапсаваліся. Каманда ўжо знаходзіцца не так далёка ад зоны вылету. У мінулым туры «ваўкі» не змаглі нічога паказаць супраць «Гарадзеі». Пакуль жа «Іслач» можа парадавацца тым, што іх абаронца Аляксандр Шагойка стаў першым у гісторыі футбалістам, які правёў без замен 400 матчаў у чэмпіянаце Беларусі. Каманда ж пакуль выношвае планы па будаўніцтве ўласнага стадыёна ў Заслаўі.

«Гомель» наадварот, на эмацыйным і гульнявым пад’ёме. Як мы і меркавалі ў мінулым аглядзе, каманда змагла адабраць пункты ў мінскага «Дынама». Трэнер «Гомеля» Аляксей Мяркулаў кажа, што нічога надзвычайнага з камандай не адбываецца. Проста планава трэніруюцца і ўсё. Варта адзначыць, што гэта таксама «драпежнае дэрбі»: «ваўкі» супраць «рысяў». Хто каго загрызе?

Прагноз «НН»: «Гомель» не саступіць.

«Дынама» (Брэст) — «Мінск»

Галоўны трэнер «Мінска» Аляксандр Лухвіч. Фота з vk.com.

Галоўны трэнер «Мінска» Аляксандр Лухвіч. Фота з vk.com.

Брэст цэлы сезон ліхаманіць. Быў адзін трэнер, потым другі, потым трэці, але ні ў каго вынікі не адрозніваліся. І вось цяжка сказаць, чаго менавіта не хапае «Дынама». Магчыма, каманднай «хіміі». Кожны хоча стаць зоркай паасобку, а не разам. Тым часам стала вядома, што каманду бліжэйшым часам можа пакінуць Дыега Марадона, які толкам так і не паспеў засвяціцца ў Беларусі.

У «Мінска» дзве запар нулявыя нічыі. Трэнер звязвае гэта з ад’ездам у мінскае «Дынама» Анцілеўскага. Выбыў да канца сезона абаронца «Мінска» Дзмітрый Зіновіч, які парваў звязкі. Уваход на гульню «Дынама» і «Мінска» зрабілі дармавым, людзей павінна быць шмат.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама-Брэст».

«Тарпеда» — «Шахцёр»

Свой першы матч ля стырна «Тарпеда» Уладзімір Нявінскі саступіў у Гродне. Цяпер першая хатняя гульня. Былы настаўнік аўтазаводцаў Леанід Лагун кажа, што звальненне, мабыць, звязана з тым, што ён мала давяраў маладым гульцам. Становішча ў «Тарпеда» вельмі складанае. І барацьба з «Прамянём» і «Дняпром» за выжыванне абяцае быць гарачай.

Калі ўсё будзе, то «Шахцёр» ужо ў гэтым туры можа нарэшце вярнуцца ў запаветную для сябе тройку. Каманда не мае праблем і з настроем, і з гульнёй. Брамнік каманды Клімовіч сказаў: «Добра, што трэнера замянілі так рана і не цягнулі з гэтым». Нападаючы «Шахцёра» Іон Нікалаэску выкліканы ў зборную Малдовы на гульні з Люксембургам і Беларуссю.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра» з розніцай, большай за 1 гол

«Слуцк» — БАТЭ

«Слуцк» радуе сваіх заўзятараў. Фота з vk.com.

«Слуцк» радуе сваіх заўзятараў. Фота з vk.com.

Цэнтральная гульня тура. Сустракаюцца каманды, якія знаходзяцца на пятым і першым радку адпаведна. «Слуцк», безумоўна, радуе сёлета сваіх заўзятараў. Так высока каманда даўно не ўзбіралася. Асабліва ж радуе форвард Яўген Шыкаўка, які з дзесяццю галамі працягвае ўзначальваць табліцу бамбардзіраў.

БАТЭ паспрабаваў гуляць у адкрыты футбол з галандскім ПСВ, за гэта быў жорстка біты. Аляксандр Глеб правёў 700-ы матч на вышэйшым узроўні. Да абсалютнага рэкорду застаецца ўсяго дзевяць матчаў. Бага здзіўляе смелымі эксперыментамі, напрыклад, тым, што ў аснове пачаў выпускаць фінскага форварда Туомінена. Лёгка БАТЭ ў «Слуцку» відавочна не будзе.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Дынама» (Мінск) — «Нёман»

Мінскае «Дынама» прыцягвае да сябе ўвагу тым, што ў каманды бліжэйшым часам можа змяніцца ўладальнік. Не выключана, што Юрый Чыж прадасць свае актывы. Каму? Пакуль невядома. Сярод магчымых новых уласнікаў называецца кампанія «Варгеймінг». Пакуль жа «Дынама» ніяк не можа адысці ад аплявухі ў Санкт-Пецярбургу.

«Нёман» быў натхнёны тым, што фанаты вярнуліся на стадыён. Калі Валерый Жукоўскі забіў пераможны мяч у браму «Тарпеда», то ён адразу пабег да 21-га сектару. Настрой у Гродне някепскі. І каманда яўна будзе нацэленае на тое, каб адабраць балы ў «Дынама».

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

Прыемнага прагляду! Каб было яшчэ цікавей сачыць за футболам, зрабі стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?