22 юнакі далучыліся да галадоўкі маладафронтаўцаў. Яны патрабуюць спыненьня палітычных рэпрэсій.

Галадоўкі вяртаюцца ў палітычнае жыцьцё Беларусі. 29 траўня бестэрміновую палітычную галадоўку распачалі моладзевыя актывісты з Салігорску Максім Сяменчык, Мікола Пацкевіч, Яўген Мядзьведзеў і непаўнагадовыя браты Іван ды Ільля Шылы (ім 15 і 13 гадоў, адпаведна). 30 траўня да іх далучыўся салігорскі актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў і Крысьціна Самойлава. Шылы, Батуеў, Сяменчык удзельнічалі ў намётавым гарадку ў Менску. Сяменчыка пасьля 10-суткавай адседкі ў жодзінскай турме выгналі з ПТВ №72 «за прагулы».

Галадоўнікі патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў: за першае паўгодзьдзе крымінальныя справы за «ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях» заведзеныя на актывістаў «Маладога фронту» і «Партнэрства». Дадатковае патрабаваньне салігорцаў – аднавіць у ПТВ М.Сяменчыка. Заява актывістаў перададзеная ў салігорскую пракуратуру. Менскія актывісты 31 траўня занесьлі сваю заяву ў Генэральную пракуратуру: яны таксама патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед лідэраў «Маладога фронту» і вызваліць усіх палітвязьняў.

Салігорск стаўся іскаркай, ад якой успыхнула ўся краіна. 30–31 траўня да галадоўнікаў далучыліся хлопцы і дзяўчаты з Горадні (Яўген Скрабутан, Зьміцер Цесьлянок, Яўгенія Шасьцерыкова, Андрусь Фамін і дзесяціклясьніца Вольга Смалянчук) і Менску (Зьміцер Хведарук, Настасься Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксандра Яначка, Уладзімер Дубовік, Тацяна Анікеенка, Алена Ігнацьева). 31 траўня да галадоўкі далучыўся Ігар Шчакарэвіч у Кіеве – на момант напісаньня артыкулу агулам 22 чалавекі.

Я.Скрабутан выказаў жаданьне пераехаць у горад шахтароў: «Астатнія гарадзенцы наўрад ці здолеюць: школьнікаў не адпусьцяць бацькі, бо хочуць назіраць за імі ў такі адказны час, а студэнтам цяпер трэба здаваць сэсію». П.Батуеў кажа, што да галадоўнікаў абяцалі таксама далучыцца сябры АГП.

За выняткам салігорскіх, усе астатнія галадоўнікі пакуль трымаюцца паасоб-ку. Барыс Гарэцкі, адзін зь фігурантаў крымінальнай справы «Маладога фронту», тлумачыць гэта тым, што многія ўдзельнікі акцыі навучаюцца й мусяць акурат гэтымі днямі здаваць іспыты на сэсіі. Другая прычына разрозьненасьці галадоўнікаў – няма памяшканьня, дзе яны маглі б сабрацца разам.

Расьцяжку «Галадоўка», вывешаную салігорскімі актывістамі ў першы ж дзень на бальконе, зьнялі праз суткі з дапамогай крана работнікі ЖКГ. Цяпер яе замяніў бел-чырвона-белы сьцяг.

Найбольшую ўвагу да галадоўнікаў выяўляюць міліцыянты. 30 траўня зранку міліцыянт у форме і невядомы ў цывільным спрабавалі ўварвацца ў кватэру – давялося забарыкадаваць дзьверы. Тады міліцыянты зайшлі да суседзяў і празь пярэгарадку на бальконе маёр Мікалай Драбудзька пагражаў актывістам арыштам. Пасьля гэтага ў двары дому быў пакінуты пост з двух міліцыянтаў. З1 траўня міліцыянты зноў наведалі галадоўнікаў. «Падняўся да нас у люльцы крана чалавек у цывільным, мы яго гарбатай папаілі», – сьмяецца П.Батуеў.

Аднак улады не абмяжоўваюцца толькі міліцэйскімі візытамі. Другі дзень галадоўкі быў адзначаны зборам моладзі пад вокнамі галадоўнікаў: актывістам паведамілі, што яны «бээнэфаўцы» і «фашысты». Акрамя таго, Івану Шылу праз бацьку перадалі позву на допыт у пракуратуру: яго выклікалі як сьведку ў справе «Маладога фронту». Хлопец ісьці адмовіўся: «Мы перадалі ў пракуратуру свае патрабаваньні».

Цікавасьць да акцыі выказала і салігорская тэлевізія: здымачная група прыехала 30 траўня, калі на гаўбцы ў галадоўнікаў ужо вісеў бел-чырвона-белы сьцяг.

Сёлетняя моладзевая галадоўка – другая ў найноўшай беларускай гісторыі. Акурат год таму на знак пратэсту супраць беспадстаўных выключэньняў з навучальных установаў галадалі моладзевыя актывісты ў Жодзіне: яны пратрымаліся 11 дзён. Яўген Ваўкавец, удзельнік леташняй галадоўкі, кажа, што ганарыцца сваімі сябрамі: «Гэта крок адчаю, канечне. Але раз яны пайшлі на гэта, то цяпер павінны трымацца да апошняга. Мы раіліся зь сябрамі наконт таго, што галадоўка адбываецца ў розных месцах. Вядома, калі б былі ўсе разам, то лягчэй было б трымаць галадоўку».

Палітычныя галадоўкі ў Беларусі вядуць свой адлік з 1996 г., калі Юры Хадыка й Вячаслаў Сіўчык такім чынам дабіліся вызваленьня з турмы. Рэкордныя галадоўкі ў турме вытрымалі бізнэсоўцы Сяргей Скрабец і Мікалай Аўтуховіч, якія трапілі ў вязьніцу, паспрабаваўшы сябе ў палітыцы.

Такая масавая галадоўка моладзі ў Беларусі ладзіцца ўпершыню. Рэпрэсіі супраць яе ўдзельнікаў перад самітам «вялікай восемкі» ў Пецярбургу выклікаў бы міжнародны розгалас. Акцыя ўжо цяпер набыла маштаб, які выводзіць яе па-за межы ўласна беларускага кантэксту.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0