Аляксандр Лукашэнка анансаваў новыя кадравыя перастаноўкі, і адна з прычын — праблема п'янства, у тым ліку сярод кіраўнікоў. Пра гэта заявіў сёння, прымаючы кадравыя рашэнні, піша БелТА.

«Я працягваю маніторыць і адсочваць сітуацыю пасля абнаўлення ўрада. Хачу сказаць, што гэта яшчэ не канец. Мы яшчэ вернемся да многіх службовых асобаў, і не толькі ва ўрадзе, якія сёння не даюць вынік ці не працуюць па тых прынцыпах, якія вызначаны мной, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. —

Публічна хачу сказаць аб недапушчальнасці п'янства. Мне сорамна было пра гэта казаць, але многія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна, добра за каўнер закладвалі».

«Я ж не кантралюю вас, з кім вы выпіваеце, з кім вы ў лазню ходзіце, з кім размаўляеце. На здароўе. Вы — кіраўнікі, вы павінны ўсё гэта ўмець. Але што тычыцца п'янкі, вы павінны ведаць сваю меру, вы павінны ведаць, з кім, дзе і колькі, як у народзе кажуць. Калі вы гэта пачуццё губляеце — вы не кіраўнік. і вось па гэтай прычыне нам прыйдзецца з некаторымі ў набліжэйшы час расстацца. Яны не разумеюць, дзе яны працуюць», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

«І я гэта кажу не столькі нават для вас, а для жонак тых п'яніц, якія хутка застануцца без партфеля. Яны там усё гэта бачаць, але спыніць не могуць ці не хочуць.

А потым, калі мужы губляюць партфелі, пачынаюць галасіць. А чаго галасіць? Да мяне прэтэнзій не трэба прад'яўляць. Я адкрыта і сумленна сказаў пра свае прынцыпы і патрабаванні. Людзі гэта чулі. Прагаласавалі за прэзідэнта — будзьце добрыя прытрымлівацца гэтых прынцыпаў. П'яніца — гэта не кіраўнік. Калі ён сёння напіўся да страты пульса, і гэта праз дзень або кожны дзень, ён назаўтра не работнік. Ён ходзіць і думае, як бы дзе пахмяліцца», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў ведаць меру пры ўжыванні спіртнога.

«Вы павінны ведаць, што мы на вачах у людзей. Яны нам не даруюць, калі мы спатыкнемся нават па дробязях. Я не хацеў пра гэта раней казаць, таму што мне няёмка. Я не ўмею пра гэта казаць, бо я чалавек практычна непітушчы», — адзначыў ён.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што некаторыя выпіваюць з нагоды і без нагоды.

«І больш за ўсё без нагоды. І забываюць аб працы, — сказаў ён. — Разам з невыканальнасцю, недысцыплінаванасцю вось гэты варыянт — п'янства, ён наогул непрымальны ў кіраўніцтве. Я не кажу пра тое, што ўсе святыя і чарку не павінны ў руках трымаць. Я кажу пра п'янства і пра п'яніц. Іх у кіраўніцтве не будзе».

«І я гэта кажу тым, хто ў інтэрнэце і СМІ пачынаюць пакутаваць, стагнаць і выбудоўваць, як я часта кажу, нейкую канспіралогію з нагоды замены тых членаў урада і некаторых службовых асоб», — дадаў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0