01.09.2018 / 11:53

Лукашэнка на лінейцы ў Александрыі падзяліўся школьнымі ўспамінамі 14

Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння святочную лінейку ў гонар Дня ведаў у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Александрыйская школа займае асаблівае месца ў яго жыцці. Калісьці і ён, яшчэ вучнем, стаяў на лінейцы ў чаканні чарговага навучальнага года.

«З тымі падзеямі звязана вялікая колькасць уражанняў, асабістых перажыванняў — самых розных. Але з часам усе яны сталі дарагімі сэрцу ўспамінамі. Так будзе і ў вас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дарослым заўсёды важна, каб дзеці ўсведамлялі каштоўнасць школьнай пары. Разумелі, што ўрокі, кантрольныя, іспыты — гэта свайго роду рэпетыцыя дарослага жыцця.

«Але каб прайсці гэты шлях годна і ўспамінаць яго з радасцю, трэба ўжо сёння шанаваць кожнае імгненне, прымаць з удзячнасцю ўсё, што дае школа. І цяжкасці ў тым ліку», — заўважыў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што менавіта яны вучаць пераадольваць сумневы і няўпэўненасць, выбудоўваць адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі.

«Гэта і ёсць той каштоўны вопыт, які стане для вас сур'ёзнай апорай у будучыні. Гэта ваш першы жыццёвы вопыт», — звярнуў увагу ён. «Тут і цяпер побач настаўнікі, якія заўсёды дадуць шанец выправіць памылкі, дапамогуць знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымаюць і накіруюць. І, як паказвае практыка, самыя патрабавальныя, але ўважлівыя і мудрыя настаўнікі назаўсёды застаюцца ў памяці сваіх вучняў. Часта з'яўляюцца для іх арыенцірам у выбары будучай прафесіі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што не заўсёды побач ёсць чалавек, які падкажа, дапаможа, возьме за руку і правядзе па жыцці. Прэзідэнт звярнуўся да педагогаў і бацькоў: «На гэты выпадак, калі з нашымі дзеткамі нікога не будзе побач, каб падказаць, вы павінны іх навучыць цяпер арыентавацца ў жыцці. І навучыць дзейнічаць, прымаць правільныя рашэнні нават у складаных, няпростых жыццёвых сітуацыях».

«Жыццё цяпер набыло каласальныя маштабы ў сваёй хуткасці. Гэта не тыя часы, калі мы з вамі стаялі тут, сядалі за парты і вучыліся. Таму трэба прымаць рашэнні хутка. І трэба навучыць нашых маленькіх беларусаў арыентавацца ў гэтым жыцці, прымаць правільныя і хуткія рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што многія выпускнікі Александрыйскай школы сталі яе настаўнікамі. Тут ужо ёсць педагагічныя дынастыі. Аляксандр Лукашэнка таксама ў свой час, атрымаўшы дыплом выкладчыка, вярнуўся сюды, каб зрабіць першыя прафесійныя крокі на малой радзіме.

«І я памятаю гэтыя ўрокі, асабліва ў дзясятым класе. Праз гады, куды б ні паклікаў доўг, ніколі не губляў сувязь з роднай зямлёй, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яна дае сілы і застаецца самай галоўнай апорай у жыцці. І я дакладна магу сказаць, што толькі ведаючы гэты шлях дадому, можна ўпэўнена рухацца наперад. Хацеў бы, каб так было і ў вас. А наперад чалавека заўсёды вядзе натуральнае жаданне быць паспяховым і шчаслівым».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што аб чым бы ні марылі сённяшнія школьнікі — усё магчыма. «І ключ да вашай упэўненай будучыні — гэта веды. Без іх нікуды. Веды не дзеля адзнакі, а дзеля дасягнення высокіх мэтаў. Не павярхоўная інфармацыя, якая даступная ў любым гаджэце, у інтэрнэце, а глыбокае вывучэнне прадметаў», — адзначыў ён.

«Так, мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій. Зазірнуўшы ў той самы гаджэт, можам імгненна атрымаць адказ на любое пытанне. Але не гэта робіць чалавека больш разумным і больш адукаваным, а лагічнае мысленне, уменне разважаць і рабіць правільныя высновы, абапіраючыся на ўласны інтэлект і эрудыцыю. Развіваць іх трэба ў школьным узросце. І лепшыя памочнікі на гэтым шляху — вашы настаўнікі і бацькі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што новы навучальны год абавязкова будзе паспяховым для школьнікаў, калі яны адразу падрыхтуюцца да сур'ёзнай працы.

«Але, сыходзячы з галавой у свет ведаў, не забывайце, што гэта важна, але гэта не адзінае, што будзе важна ў вашым жыцці. Фізічная актыўнасць — найлепшы адпачынак пасля разумовай нагрузкі. Больш кантактуйце, праводзьце вольны час на свежым паветры і абавязкова займайцеся спортам — для гэтага ў вас ёсць выключныя, унікальныя ўмовы», — параіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пажадаў вучням поспехаў і лёгкасці ў навучанні, педагогам і бацькам — разумення і мудрасці. І ў цэлым — захаваць святочны настрой першага дня на ўвесь наступны навучальны год.

* * *

Гісторыя Александрыйскай школы пачынаецца ў 1886 годзе. З 1930 года яна месцілася ў невялікай вясковай хаце, дзе і знаходзіўся клас Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер тут працуе экспазіцыя гісторыка-краязнаўчага музея. Адзін з пакояў абстаўлены ў выглядзе навучальнага класа з інтэр'ерам шасцідзясятых гадоў, у іншым памяшканні ўладкаваны ленінскі куток, лабаранцкая фізікі і хіміі, кабінет пачатковых класаў, настаўніцкая.

Новы будынак школы ўведзены ў эксплуатацыю ў 1996 годзе. У ім знаходзіцца 15 вучэбных кабінетаў, актавая зала на 100 месцаў, бібліятэка з чытальнай залай, спартыўная і трэнажорная залы, сталовая. У гэтым навучальным годзе школа прыме 206 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку 18 першакласнікаў.

nn.by

1
хамса / Адказаць
01.09.2018 / 12:13
>пераадольваць сумневы і няўпэўненасць,
а хто комплекс з нагоды роднай мовы і нянавісць да яе ўзгадаваў?
4
Лапух / Адказаць
01.09.2018 / 12:25
Майстар-балбатун дужа хваткі на выдумкі. Чаго толькі мы ад яго не чулі за 25 год.
Пара яму ўжо на адпачынак, лавіць у рацэ пешкуроў і травіць свае байкі свінням.
1
2*2=5 / Адказаць
01.09.2018 / 12:28
какой цинизм.... говорит Одно , а делает совершенно другое...
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру