Ноччу з 1 на 2 верасня супрацоўнікі ДАІ спыталі дакументы ў кіроўцы матацыкла «Ямаха». Але той вырашыў з’ехаць.

Міліцыянты паехалі за ім. Падчас пераследу матацыкліст выязджаў на тратуар, неаднаразова праязджаў на чырвоны сігнал святлафора, выязджаў на сустрэчную паласу.

«Рухаючыся па вуліцы Радыяльнай у кірунку Партызанскага праспекта, на скрыжаванні з вуліцай Чалюскінцаў, у выніку невыканання ПДР матацыкліст трапіў у ДТЗ. Ён атрымаў цялесныя пашкоджанні розных ступеняў цяжкасці і быў шпіталізаваны», — паведамляе міліцыя.

Кіроўцу змясцілі ў бальніцу. Яму 20 гадоў, ён нідзе не працуе. Мае багатую гісторыю парушэнняў ПДР.

Цяпер праводзіцца праверка.

Вось толькі ёсць іншыя нюансы. Парталу abw.by напісалі нібыта відавочцы ДТЗ. Па іх словах, машына даішнікаў некалькі разоў тараніла матацыкл. Маўляў, у апошні раз — удала, таму кіроўца «Ямахі» і трапіў у бальніцу. Дый моманту ДТЗ на відэа, якое выклала міліцыя, няма.

ДАІ паведаміла, што не можа ніяк пракаментаваць гэтую версію: матэрыялы справы перадалі ў Следчы камітэт. У СК пакуль нічога не адказалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?