У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе выстава прадметаў даўніны «Музей мясцовых старажытнасцей» з калекцыі Вацлава Федаровіча. Яна прымеркавана да 160‑годдзя з дня нараджэння беларускага краязнаўцы і калекцыянера.

У 80‑я гады XIX стагоддзя В.Федаровіч стварыў у Віцебску прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў.

У экспазіцыі «Музей мясцовых страражытнасцей» паказаны рукапісныя дакументы — дзённікі, лісты В.Федаровіча, яго нататкі, у прыватнасці, пра віцебскія замкі і знаходкі на іх тэрыторыі. Выстава знаёміць з калекцыяй археалагічных знаходак, сярод якіх — каменныя сякеры эпохі позняга неаліту і бронзавага веку, кафля, замкі і ключы XVII—XVIII стагоддзяў, цыбукі і люлькі, узоры жаночага і мужчынскага адзення, прадметы гарадскога быту XVIII—XIX стагоддзяў.

Вялікі аддзел адведзены пад масонскія знакі і кнігі, а таксама літаграфіі з масонскімі сімваламі. Дэманструюцца памятныя медалі ў гонар гістарычных падзей: 250‑годдзя заснавання Віленскага універсітэта (1828), вызвалення сялян ад прыгону (1861), 100‑годдзя заснавання Чарнаморскага флоту (1791), першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай (1793), аб\’яднання уніяцтва і праваслаўя (1839), каранацыі Мікалая I (1826) і інш.

На выставе паказаны насценныя медальёны з выявай дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Стэфана Баторыя, Яна III Сабескага, беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі і іншыя рарытэты.

* * *

Вацлаў Федаровіч нарадзіўся ў 1848 годзе ў Магілёве, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. У 1884 годзе прыехаў у Віцебск, дзе працаваў прысяжным павераным у акружным судзе. Быў віцэ‑прэзідэнтам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, членам‑карэспандэнтам таварыства краязнаўцаў у Варшаве. Памёр у Рызе ў 1911 годзе. Пахаваны ў Віцебску каля касцёла святога Антонія, які ў той час упрыгожваў горад.

Пасля рэвалюцыі калекцыя В.Федаровіча была нацыяналізавана. На яе аснове ў 1923 годзе ў Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей. Згодна з інвентарным вопісам за той год, калекцыя складалася з 1.972 назваў і ўключала больш за 7 тыс. прадметаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэтыя прадметы знаходзіліся ў Саратаве. У Віцебск была вернута толькі частка калекцыі. Цяпер у фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца больш за 200 прадметаў са збору В.Федаровіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?