«Тбілісоба» кожны год задае трэнды на нацыянальныя святы ў Верхнім горадзе, здзіўляе незвычайнымі фішкамі і знаёміць аўдыторыю з традыцыйнай і сучаснай грузінскай культурай. Сёлетні фестываль не стаў выключэннем. «Баржомі» паказаў Грузію як краіну, якая натхняе спрабаваць новае. Ганаровым госцем чацвёртай «Тбілісобы» стаў Кахабер Каладзэ, мэр Тбілісі. Для экс-футбаліста «Мілана» і кіеўскага «Дынама» гэта першая паездка ў Мінск у статусе мэра.

«У гэтым годзе «Баржомі» паставіў перад сабой задачу прапанаваць беларусам максімум атракцый і новых забаў. І, як мне здаецца, нам гэта ўдалося, — распавядае Дзяніс Крупец, дырэктар IDS Borjomi Belarus і арганізатар фестывалю «Тбілісоба». - Так маштабна, смачна і энергічна яшчэ не адзначалі святы ў Верхнім горадзе. Фестываль працягваўся з 12.00 да 02.00 ночы, за гэты час яго гасцямі сталі каля 80 000 чалавек».

Суп-харчо, хінкалі з мясам, хачапуры з Аджарыі і мінеральная вада «Баржомі» — толькі невялікі спіс гастранамічных задавальненняў новага грузінскага фудкорта. На плошчы Свабоды працавалі 20 кафэ і рэстаранаў, традыцыйнае меню прапаноўвалі на верандах адразу 10 устаноў Верхняга горада, добрае грузінскае віно — у выязных барах Tamada і Teliani Valley. У спецыяльным водным бары «Баржомі» бутэлечку мінеральнай вады госці фестывалю маглі атрымаць з «рук» Rozum Robotics — партатыўнага робата.

Упершыню на фестывалі з'явіўся начны «Гастрадворык», дзе беларускія шэф-кухары гатавалі стравы ўсіх 12 рэгіёнаў Грузіі да 02.00. Для тых, хто пажадаў забраць «кавалачак» Грузіі дадому, да паўночы быў адкрыты маркет са спецыямі, чурчхелай, сувенірамі і нават шкарпэткамі з вышытымі хінкалі.

Цэнтрам фестывалю стаў парк актыўных забаў «Баржомілэнд» — каля тузіна атракцыёнаў на Зыбіцкай і набярэжнай Свіслачы. Адным з самых папулярных забаў парку стаў тралей праз Свіслач. Скочыць з 10-метровай вышыні і прамчаць на хуткасці 30 км/г над ракой маглі госці фестывалю старэйшыя за 4 гады. Узяць вышыню, але ўжо для прыгожага фота, можна было на сэлфі-вышцы. 10-метровы пад'ёмнік усталявалі ля самай Ратушы, адкуль адкрываўся цудоўны від на галоўную сцэну і ўвесь Верхні горад.

На дзіцячай зоне «Баржомілэнда» было шмат спорту і актыўных гульняў: міні-футбол, вулічная «пана», бампербол, твістар, петанк і г.д. Актыўны адпачынак для больш дарослых прапанавалі на пляцоўцы «Банкі задавальненняў Баржомі», падчас матчаў у валейбол і бадмінтон маладыя людзі знаёміліся і размаўлялі, а хтосьці нават дамовіўся пра сумесны паход на канцэрт.

Пагрузіцца ў атмасферу Старога Тбілісі можна было ў кутку дыяспары «Мамулі» на арт-тэрасе. Інтэрактыўная выстава паказала, якія касцюмы насілі і якія песні спявалі грузіны 100 гадоў таму. З новай культурай грузінскіх вуліц знаёмілі на «Дэнс-сцэне», дзе прайшлі відовішчныя батлы паміж танцорамі розных сталічных школ. Адным з самых напружаных момантаў стала «бітва» брэйкераў і грузінскіх артыстаў пад біты этна-барабанаў.

На фестывалі ўпершыню працаваў «Турбазар», дзе можна было даведацца пра сучасную Грузію і нават забраніраваць горны, вінны або іншы незвычайны тур. Сваімі гісторыямі пра тое, як скарыць Казбек, дзе пакатацца на байдарках і які маршрут выбраць — самалёт «Белавія», аўтобусны тур ці асабістае аўто — дзяліліся вандроўнікі і папулярныя блогеры.

Самыя рашучыя маглі адправіцца з беларускай «Тбілісобы» на радзіму «Баржомі» бясплатна. Для гэтага трэба было выйсці на сцэну і за адну хвіліну пераканаць журы ў тым, што падарожжа зменіць жыццё на ўсе 100. Удзельнікі спявалі, танцавалі і прызнаваліся Грузіі ў каханні. Так разыгралі тры пуцёўкі.

Вячэрняя праграма не саступала сваёй разнастайнасцю дзённай. Грузінскія кароткаметражкі паказалі ў манастырскім дворыку, у Музычным завулку «ажылі» карціны грузінскага мастака Ніко Пірасмані і яго самабытнай калегі беларускі Алены Кіш, а вулічныя музыкі «Пешаходкі» зладзілі тэатральна-музычны перфоманс у карэтным дворыку.

На галоўнай сцэне выступілі салісты аркестра «Тбілісі Біг-Бэнд», ансамбль традыцыйнай песні «Грузінскія галасы» і танцоры «Эрысіёні» — этна-калектыву са 130-ці гадовай гісторыяй. У 22:00 на сцэну выйшла Ніно Катамадзэ і гурт Insight. У гэты час на вулачках Верхняга горада запаліліся сотні яркіх лямпачак, а на плошчы Свабоды сабраліся некалькі тысяч прыхільнікаў таленавітай артысткі. Яе эмацыйны выступ, поўны імправізацыі і драйву, стаў натхняльным завяршэннем свята.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Мінгарвыканкам, Пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь, мэрыя Тбілісі, грузінскае таварыства «Мамулі» і ГМ «Баржомі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?