У другой палове кастрычніка ў горадзе Замбруў, што ў Падляскім ваяводзтве, пачнецца суд над грамадзянінам Беларусі. Ён абвінавачваецца ў датычнасці да аварыі з дзвюма ахвярамі.
Як паведамляе Польскае радыё, аварыя адбылася сёлета ў лютым непадалёк ад мясцовасці Старое Крэва (Старэ Кшэва), на дарозе S8 Беласток — Варшава. Тады там спыніліся дзве машыны, з іх выйшлі вадзіцелі. У іх і іхныя машыны ўрэзаўся грузавік, якім кіраваў 40-гадовы грамадзянін Беларусі. Паводле следчых, машыны спыніліся, бо паміж кіроўцамі, імаверна, узнікла сварка адносна паводзін на дарозе.
Беларус быў цьвярозы і добраахвотна пагадзіўся стаць перад судом. Пракуратура абвінавачвае яго ў неасцярожнасці, што і прывяла да няшчаснага выпадку. Беларусу пагражае турэмнае зняволенне на 1 год з адтэрміноўкай на 3 гады і штраф 3,6 тыс. злотых (каля 1 тысячы даляраў).