«НН»: Трохі перадгісторыі для тых, хто не ў курсе вашай дзейнасці. Раскажыце, з чаго пачалася цікаўнасць да вывучэння архіўных фотаздымкаў? Як быў арганізаваны праект VEHA?
— Я даўно працую з фатаграфіяй як мастачка, для мяне гэта не толькі важны інструмент для захавання інфармацыі, але і спосаб дыялогу. Акрамя гэтага, у мяне ёсць вялікі досвед працы з сацыяльнымі праектамі. Гэта дазволіла мне зразумець праблемы, якія сёння ёсць у Беларусі, і чаго не хапае нашай супольнасці.
Леся Пчолка.
Праект VEHA — гэта сімбіёз культурнага і сацыяльнага. Важна памятаць гісторыю ХХ стагоддзя, а найлепшы спосаб расказаць чалавеку пра палітычнае і культурнае мінулае, на мой погляд, якраз праз асабістую гісторыю яго сям'і. Таму асноўная задача праекта — захаванне сямейных архіваў, актуалізацыя гэтай недаацэненай тэмы ў грамадстве.
Сёння мы ўсё менш цікавімся тым, што адбывалася з нашымі бабулямі і дзядулямі ў іх маладосці і іх гісторыі, якія раней былі вельмі каштоўнымі і перадаваліся з пакаленне ў пакаленне, паступова знікаюць. Сямейныя альбомы закідваюць на антрэсолі і адвозяць на дачы, дзе яны пакрываюцца цвіллю і псуюцца. Фатаграфіі з архіваў могуць стаць перадумовай для фарміравання культуры сямейных зносін.
Адзін з архіўных здымкаў калекцыі. 1952—1953 гг., в. Канюхі, Пінскі р-н., Брэсцкая вобл. Муж Валянціны Марвянюк з сябрамі.
«НН»: Як адбываецца працэс збору фотакалекцый? Наколькі ахвотна беларусы аддаюць вам свае сямейныя фатаграфіі?
— У першы год працы VEHA мы не адчулі адмысловага ажыятажу, з якім беларусы б адпраўлялі нам свае фатаграфіі. Таму пачалі прасіць сяброў і знаёмых падзяліцца здымкамі сваёй сям'і, рабілі запыты ў гістарычныя і этнаграфічныя музеі. Адгукнуліся Беларускі архіў вуснай гісторыі і Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Працуючы над новай калекцыяй «Вясельны вянок», мы актыўна заклікалі людзей дасылаць нам свае здымкі праз СМІ і сацыяльныя сеткі. І сітуацыя кардынальна змянілася: за год мы сабралі каля 170 фота з 54 унікальных сямейных архіваў, якія стануць асновай для экспазіцыі новай выставы ў рамках фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Так мы зразумелі, што гэтая тэма сапраўды цікавая беларусам і яе трэба развіваць.
Кожны год мы будзем выбіраць нейкую агульную тэму, якая аб'яднае простыя сямейныя архівы з усіх рэгіёнаў Беларусі.
У наступным годзе, напрыклад, будзем збіраць здымкі людзей з музычнымі інструментамі. Асаблівую ўвагу мы надаём фотаздымкам сярэдзіны ХХ стагоддзя, бо менавіта гэты перыяд з'яўляецца найменш задакументаваным: многія архівы былі згубленыя праз вайну і ў перыяд рэпрэсій.
Да працэсу стварэння калекцый мы прыцягвалі экспертак: этнографку і даследчыцу візуальнай культуры. Так кніга «Найлепшы бок» набывае навуковую каштоўнасць.
1945—1950 гг., Глыбокае, Віцебская вобл. Галіна Кіянок. Архіў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
«НН»: Як часта беларусы звяртаюцца да вас па складанне радаводаў? З якімі самымі сур'ёзнымі цяжкасцямі вы сутыкаліся ў гэтай працы?
— Мы не займаемся генеалогіяй і складаннем радаводаў, а хутчэй ствараем падмурак для іх вывучэння. Боль, з якім мы сутыкаемся, гэта няведанне многімі людзьмі элементарных рэчаў з мінулага сваёй сям'і: напрыклад, дзявоцкае прозвішча іх бабулі.
«НН»: Многія, хто разглядаў здымкі праекта «Найлепшы бок», адзначалі, што беларусы на іх вельмі стылёвыя і акуратныя, як вы думаеце, чаму цяпер у вёсках не так?
— Справа нават не ў беларусах, а ў праблеме сучаснага абясцэньвання моманту фатаграфавання. Раней да гэтага ставіліся больш сур'ёзна. Мала хто мог уявіць, што перад аб'ектывам можна стаць касматым і неахайным. Здымка была асаблівым рытуалам. Часцей за ўсё, у людзей таго перыяду былі толькі адзін-два здымкі за ўсё жыццё. У гэтым і ёсць прынцыповае адрозненне архіўных калекцый ад сучасных фотаздымкаў: сёння людзі кожны дзень знаходзяцца ў атачэнні сотняў малюнкаў, таму больш не надаюць значэнне іх каштоўнасці.
Хутчэй за ўсё, нашы продкі за ўсё жыццё праглядалі столькі фатаграфій, колькі мы бачым за дзень у інстаграме.
«НН»: Самі вы адзначаеце, што беларусы любілі фатаграфавацца на фоне расцягнутых дываноў, адкуль гэта традыцыя і як доўга яна мела месца?
— Перш за ўсё, гэта алюзія на студыйную здымку, якая была даступная толькі жыхарам гарадоў. Для вясковых жыхароў дываны былі адной з самых прыгожых рэчаў доме. Тканыя дываны былі асаблівым прадметам у беларускай хаце: своеасаблівым пасланнем жанчыны, якая яго ткала, адбіткам яе ідэалаў.
1955 г., Глыбокае, Віцебская вобл. Сям'я Фёдара Кучынскага. Архіў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Ну, і вядома не варта думаць, што фатаграфавацца на фоне дываноў — нейкае беларускае ноу-хау. Традыцыі такой здымкі ёсць амаль у кожнага народа. Асаблівым з'яўляецца толькі дыван як асобны элемент культуры.
«НН» Над якім праектам вы працуеце яшчэ?
— Цяпер наша галоўная мэта — гэта выданне кнігі. Як прыгожы фінал цэлага года працы над калекцыяй. Мы сапраўды прайшлі вялікі шлях. Ён пачаўся з арганізацыі выставы архіўных фотаздымкаў у верасні 2017-га. Пазней мы працягвалі збор тэматычных здымкаў, супрацоўнічалі з калекцыянерамі і нават арганізавалі тэматычную фотаздымку. Вясной 2018 года праект #найлепшыбок атрымаў прэмію Бюро месяца фатаграфіі ў намінацыі «Выстава/праект года». Зараз у калекцыі ўжо больш за 160 здымкаў. Таму мы і хочам аформіць іх асобным выданнем. Бо лічбавы фармат ілюзорны. Кніга ж як матэрыяльны аб'ект больш значная і можа перадавацца пакаленнямі.
Ганна Бундзелева і Леся Пчолка.
Калі краўдфандынг-кампанія скончыцца паспяхова і людзі нас падтрымаюць, мы працягнем праводзіць этнаграфічныя, гістарычныя і візуальныя даследаванні фотаздымкаў, збіраць тэматычныя калекцыі і выдаваць іх.