03.09.2018 / 17:05

Украіна на тры гады абмежавала пастаўкі прадукцыі з трох хімзаводаў Беларусі 4

Ілюстрацыйнае фота, «Нафтан-Палімір»

Украіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» ад 1 верасьня абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і алеўма, якія традыцыйна набываліся на трох сярод найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце», піша Радыё Свабода.

Як паведамілі ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны, рашэньне аб увядзеньні квотаў у выніку антыдэмпінгавага расьсьледаваньня ўхваліла Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю.

Абмежаваныя магчымасьці

Кватаваньне беларускай прадукцыі будзе ажыцьцяўляцца на працягу трох гадоў: да 31 жніўня 2019 году Беларусь зможа паставіць ва Ўкраіну 30,769 тысяч тон прадукцыі, ад 1 верасьня 2019 да 31 жніўня 2020 — 32,307 тысяч тон і на трэцім этапе (1 верасьня 2020 да 31 жніўня 2021) — 33,923 тысяч тон.

Адначасова ўведзеныя квоты для аналягічнай расейскай прадукцыі і шэрагу краін, за выключэньнем краін Афрыкі, Азіі і СНД (Армэніі, Казахстану, Азэрбайджану ды іншых). Паводле камісіі, увядзеньне квотаў дазволіць украінскім прадпрыемствам павялічыць аб’ёмы вытворчасьці, а таксама дывэрсыфікаваць пастаўкі.

Паводле ўкраінскіх эканамістаў, частка беларускай прадукцыі на ўкраінскім рынку за апошнія чатыры гады дасягнула 99% — імпарт сернай кіслаты з 2014 года да 2017-га павялічыўся больш як утрая, а яе вартасьць была ўдвая меншай за сабекошт украінскіх вытворцаў.

Да 2014 году ўнутраны рынак Украіны сернай кіслатой у асноўным забясьпечвалі прадпрыемствы Крыму і Данбасу. Спажыўцы гэтай прадукцыі вымушаны былі павялічыць яе пастаўкі з-за мяжы з 21 тысячы да амаль 100 тысяч тон пасьля анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данбасу.

Хто за і хто супраць абмежаваньняў

У Саюзе хімікаў Украіны расцэньваюць гэты крок як падтрымку нацыянальных вытворцаў, якія вымушаныя былі скараціць выпуск сваёй прадукцыі з-за павелічэньня больш таннага імпарту.

Паводле кіраўніка арганізацыі Аляксея Голубава, далейшае ігнараваньне такога факту з боку дзяржавы магло прывесьці «да зьнішчэньня ўкраінскай вытворчасьці сернай кіслаты і поўнай імпартазалежнасьці хімічнай прамысловасьці, а таксама здабычы і абагачэньня ўранавай руды, вытворчасьці выбуховых рэчываў і боепрыпасаў, што ва ўмовах працяглага ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ёсьць пытаньнем ня толькі бізнэс-інтарэсаў, але і абароназдольнасьці дзяржавы».

Прадпрыемствы мэталюргічнай галіны, якая ёсьць адным з асноўных спажыўцоў беларускай сернай кіслаты, — менш аптымістычныя.

Прэзыдэнт аб’яднаньня прадпрыемстваў «Укрмэталюргпрам» Аляксандар Калянкоў не выключае, што пасьля ўвядзеньня імпартных квотаў зь 1 верасьня можа скласьціся дэфіцыт сернай кіслаты пры адначасовым павелічэньні яе вартасьці.

Кошт пытаньня

Сёлета ў першым паўгодзьдзі Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 25,569 тысяч тон сернай кіслаты. І хаця ў фізычным аб’ёме гэта на 2% менш за аналягічны леташні пэрыяд, у грашовым вымярэньні вартасьць сёлетніх паставак павялічылася да 1,123 мільёна з 606,9 тысяч даляраў у студзені-чэрвені 2017 году.

Серная кіслата выкарыстоўваецца ў вытворчасьці фосфарных і азотных угнаеньняў, двухвокісу тытану, выбуховых рэчываў, сынтэтычных мыйных сродкаў, а таксама для ўтылізацыі пароў аміяку, якія ўтвараюцца ў працэсе вытворчасьці коксу. У мэталюргіі і машынабудаваньні — для тручэньня мэталу ад іржы, а ў энэргетыцы — для ачысткі катлоў, трубаправодаў на ЦЭС і АЭС ад шумавіньня вады.

1
Григорий Иванович Конюхов / Адказаць
03.09.2018 / 18:56
Учитывая нашу дружбу с Алиевым уже завтра Украина будет покупать дешевую азербайджанскую серную кислоту.
6
Ляксандра / Адказаць
03.09.2018 / 19:38
Гэй,прэзідэнт!Гэта твае "браты" так дзейнічаюць,за якіх ты гарой стаіш?
9
AQUARIUS / Адказаць
03.09.2018 / 21:06
Через пару лет на Украине вообще ничего из производства не останется)))
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру