03.09.2018 / 22:31

Ці размаўляюць футбалісты зборнай па-беларуску? АПЫТАНКА 10

3 верасня на пляцоўцы ля Нацыянальнага мастацкага музея прайшла прэзентацыя новай формы зборнай Беларусі па футболе. Уся імпрэза адбывалася выключна па-беларуску. Форма таксама зробленая з нацыянальнымі матывамі.

«НН» спыталася гульцоў галоўнай каманды краіны, ці ўмеюць яны размаўляць па-беларуску і калі карысталіся нашай мовай.

Новая форма зборнай Беларусі па футболе. Фота Паўла Аксіновіча.

Іван Маеўскі («Астана», Казахстан)

«Так, я ўмею размаўляць па-беларуску. Але, на жаль, вельмі доўга не карыстаўся роднай мовай. Я некаторы час гуляў у Польшчы, таму ў маёй галаве шмат зблытана словаў. Я лічу, што мы павінны размаўляць па-беларуску. Тое, што прэзентацыя прайшла ў такім файным месцы — гэта добры знак. Калі вучыўся ў школе, то вельмі добра і размаўляў, і шмат чытаў па-беларуску. Помню з таго часу і Васіля Быкава, і Янку Купалу, і Якуба Коласа. Гэта тыя асобы, каго павінен ведаць кожны». (Адказваў па-беларуску).

Ігар Стасевіч (БАТЭ, Барысаў)

«У паўсядзённым жыцці размаўляю вельмі-вельмі рэдка, але магу. Калі замежнікі просяць нешта сказаць па-беларуску, то спакойна магу гэта зрабіць. Кола зносінаў у мяне рускамоўнае. Стаўленне да беларускай мовы выключна пазітыўна, гэта наша родная мова. Калі ты добра ведаеш беларускую мову, то яна надзвычай прыгожа гучыць. У мяне добрыя настаўнікі былі ў школе беларускай мовы». (Адказваў па-руску).

Станіслаў Драгун (БАТЭ, Барысаў)

«Троху размаўляю. Са школы яшчэ веды засталіся. У мяне выдатнае стаўленне да беларускай мовы. Гэта наша родная мова, трэба яе любіць, тым больш яна такая прыгожая». (Першая фраза па-беларуску, астатнія па-руску).

Павел Няхайчык («Дынама», Брэст)

«Калі навучаўся ў школе, то выдатна ведаў беларускую мову. Мог на ёй свабодна адказваць. Цяпер жыццё праходзіць на рускай мове. Каб сказаць нешта па-беларуску, то трэба ўспомніць словы, падумаць. Пасля школы чытаў Васіля Быкава. На жаль, шмат чаго забыўся і так лёгка, як раней, не магу на ёй размаўляць. Хаця нешта атрымліваецца (смяецца)». (Адказваў па-беларуску).

Аляксандр Мартыновіч («Краснадар», Расія)

«Так, я размаўляю па-беларуску. У школе добра вучыў мову. Помню Янку Купалу, Якуба Коласа. Гэта нашая краіна, нашая мова і яе павінен ведаць кожны». (Адказваў па-беларуску).

Антон Сарока («Локерэн», Бельгія)

«Размаўляю па-беларуску, але не вельмі добра». (Адказаў па-беларуску гэтую фразу і збег).

Юрый Кендыш («Шэрыф», Малдова)

«Я ўсё разумею, але сам не размаўляю. Я б мог паспрабаваць, але гэта будзе выглядаць недарэчна. Абсалютна нармальнае ў мяне стаўленне. Каму як зручней размаўляць. У мяне мама з бабуляй толькі па-беларуску размаўляюць. Я ўсё цудоўна разумею і стаўлюся да мовы толькі пазітыўна». (Адказваў па-руску).

Апытаў Зміцер Панкавец

4
про / Адказаць
03.09.2018 / 22:38
а сымбаль.бай да гэтага чырвона-зялёнага антуражу якім бокам і якім чынам???

пацаны ў трэндзе??((((
1
Dub / Адказаць
03.09.2018 / 22:57
A sto, Chernik peuna francuskaj movaj adkazau, tamu nicoha tut nie dali ? :))
11
Инна / Адказаць
04.09.2018 / 09:09
они не только по-белорусски говорят, но и Булгакова с Шекспиром читают, а матом-то совсем не ругаются.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру