Старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка (у цывільным) і камандуючы памежнымі войскамі Аляксандар Паўлоўскі разам адкрывалі новы помнік Дзяржынскаму.

Фота Андрэя Лянкевіча

Нашто ім партыя, калі ў іх такое КГБ? Піша Віталь Тарас.

«Статуя Дзяржынскага, усталяваная каля Вайсковай акадэміі ў Менску – дакладная копія помніка, які да 1991 году стаяў на Лубянскай плошчы ў Маскве».

З газэт

На шляху ў савецкае мінулае нельга абысьці КПСС. Праўда, аднаўленьне яе ў Беларусі калі й магчымае, дык, напэўна, у карыкатурным выглядзе. Але хіба апошнім часам нашае жыцьцё не нагадвае суцэльную карыкатуру?

«Хай жыве КПСС...»

У 1980-я гады Камуністычная партыя Савецкага Саюзу ўжо нічым не нагадвала партыю бальшавікоў, паколькі амаль усе верныя ленінцы былі зьнішчаныя за паўстагодзьдзя да гэтага. Леанід Брэжнеў хоць і карыстаўся пэўнымі сымпатыямі насельніцтва, на ролю правадыра мала падыходзіў – прынамсі, за анэкдоты пра яго, у адрозьненьне ад анэкдотаў пра Сталіна, не саджалі. Як толькі нязгодных з генэральнай лініяй партыі перасталі расстрэльваць, яна перастала быць партыяй аднадумцаў.

«Паноўная кляса»? (Так характарызаваў камуністаў Джылас.) Хутчэй, карпарацыя, прывілеямі ў якой карысталася вяршынька партапаратчыкаў, а нізы заставаліся рабамі, як і большасьць астатняга насельніцтва. Праўда, у шараговых партыйцаў быў шанец выбіцца наверх. Але калі арганізацыя налічвае мільёны...

У гады перастройкі нехта дасьціпна параўнаў пастановы і іншыя дакумэнты ЦК КПСС з каштоўнымі паперамі. У адсутнасьць сапраўднага рынку гэтыя паперы служылі сваеасаблівымі індыкатарамі для актараў тагачаснай эканомікі: як будуць разьмяркоўвацца фінансавыя патокі, у якую галіну будуць укладацца грошы, якія тавары будуць дэфіцытнымі і г.д.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта з шэрагаў партыйных кіраўнікоў, а таксама камсамольскіх важакоў у 1990-я гады сфармавалася новая паноўная кляса ў Расеі ды іншых краінах былога СССР.

У гады перабудова высьветлілася, што на самым версе КПСС былі людзі з зусім рознымі поглядамі. З аднаго боку, напрыклад, Гарбачоў і Якаўлеў, з другога – Лігачоў, Лук’янаў, Кручкоў. Так што ні аб якім «маналітным адзінстве» ўнутры партыі не было й размовы. А тым больш – аб адзінстве партыі і народу.

Яшчэ ў 1960-я гады, напрыклад, нарадзілася вершаваная карацелька: «Мы Амэрыку нагонім па надоях малака, і па мясе мы нагналі б – ... зламаўся ў быка». Анэкдотаў пра партыю і яе правадыроў можна ўспомніць безьліч. А вяршыняй, дакладней – бліскучым фінальным акордам народнага фальклёру на гэтую тэму засталася фраза, якая нарадзілася ў красавіку 1986-га году: «Хай жыве КПСС на Чарнобыльскай АЭС!» Гэта быў прысуд камуністычнай сыстэме.

І хаця пасьля спробы путчу ў жніўні 1991 году на барыкады ў Маскве выйшла зусім няшмат людзей (у іншых сталіцах саюзных рэспублік пратэсты былі яшчэ менш маштабныя), бараніць КПСС, зьліквідаваную Ельцыным адным росчыркам пяра, ня выйшаў ніхто. Найбольш разумныя і дальнабачныя пачалі выходзіць з партыі й публічна паліць свае партбілеты яшчэ перад гэтым.

«Делать жизнь с кого? С товарища Дзержинского!»

І вось, амаль празь пятнаццаць гадоў пасьля таго, як на Лубянскай плошчы, побач з будынкам КГБ СССР, супрацоўнікі якога тады перабывалі ў шоку, быў дэмантаваны помнік Дзяржынскаму, копія гэтага помніка ўсталёўваецца ў Менску. Разам з помнікам «жалезнаму Фэліксу» на ягонай радзіме ў Дзяржынаве, а таксама бюстам у сквэры насупраць КГБ у сталіцы – гэта ўжо трэці помнік у Беларусі заснавальніку ЧК.

Тое, за што апошнія дзесяць гадоў змагаліся расейскія камуністы, ўдалося ажыцьцявіць не ў Маскве, але ў Менску. Магчыма, паміж словамі кіраўніка Беларусі аб тым, што ён ня супраць стварэньня партыі кшталту КПСС, і адкрыцьцём чарговага помніка Дзяржынскаму, якое адбылося ўсяго праз колькі дзён, няма непасрэднай сувязі. Пасьля таго – ня значыць у выніку таго. Але ж таксама як зруйнаваньне «жалезнага Фэлікса» зрабілася знакам жнівеньскай рэвалюцыі (дарэчы, адзіным рэальным яе здабыткам), гэтак і ягонае аднаўленьне ці, так бы мовіць, матэрыялізацыя ў новай гістарычнай рэчаіснасьці ёсьць знакам вяртаньня ў савецкае мінулае.

Лукашэнка ў сваім пасланьні ня проста ўпершыню дапусьціў магчымасьць стварэньня прыўладнай партыі. Згадаўшы КПСС, ён адназначна даў зразумець, якой павінна быць гэтая партыя. І акрамя таго, дакладна ўказаў, якім шляхам павінна яна стварацца – паводле ініцыятывы зьнізу. Той, хто мае вушы, той пачуе: зьнізу – гэта значыць з дапамогай Фэдэрацыі прафсаюзаў і БРСМ. Адтуль мусіць зыходзіць «народная ініцыятыва». Акрамя таго, ёсьць жа яшчэ ўсебеларускі сход.

Адкрыцьцё помніка Дзяржынскаму сталася свайго роду індыкатарам, праверкай слыху. Сыгнал зьверху быў пачуты і зразуметы адэкватна. Ўлады рапартуюць свайму вышэйшаму кіраўніку: рэстаўрацыя савецкай сыстэмы, аб якой увесь час гаварылі, у Беларусі завершаная.

Зразумела, звычка рапартаваць аб тым, што заданьне начальства выканана і перавыканана датэрмінова, таксама засталася з савецкага часу. Як заўсёды перад здачай аб’екту ў эксплюатацыю, ёсьць пакуль «асобныя недаробкі». Ня ясна, напрыклад, як будзе называцца партыя «новага тыпу» і на якой ідэалёгіі ўсё-ткі яна будзе базавацца?

Альбанская мадэль

Наўрад ці яна будзе называцца камуністычнай.

Здавалася б, самае простае – узяць КПБ ды надаць ёй ролю «паноўнай». Але кіраўнік дзяржавы не выпадкова згадаў у сваёй прамове КПСС, а не КПБ. Па-першае, Кампартыя Беларусі (у адрозьненьне, скажам, ад Кампартыі Ўкраіны, у якой заўсёды былі моцныя незалежніцкія тэндэнцыі і дзе нават было не Бюро ЦК, а Палітбюро) ніколі самастойнай ролі не адыгрывала. Да таго ж, імя адзінага вядомага і папулярнага ў народзе лідэра КПБ – Пятра Машэрава – ужо даволі даўно выклікае ў кіраўніка Беларусі няпрыязь. Год таму адбылося перайменаваньне праспэкту Машэрава ў праспэкт Пераможцаў (больш правільна, напэўна, было б казаць – Пераможцы?).

Акрамя таго, ёсьць жа яшчэ Партыя камуністаў Беларуская. Што зь ёй рабіць? Зьнішчыць? А як на гэта глядзецьмуць таварышы з КПРФ, іншых братніх кампартыяў?

Не, размова вядзецца, хутчэй за ўсё, менавіта пра КПСС. Іншымі словамі – пра адбудову мадэлі Савецкага Саюзу ў маштабах адной, асобна ўзятай дзяржавы. Ня важна, што аб’яднаньне Беларусі й Расеі ў адзіную дзяржаву – тым больш на раўнапраўнай падставе – сёньня выглядае праблематычна. У Беларусі, як сказаў яе кіраўнік, ёсьць уласная годнасьць. Выступ яго перад нацыянальным сходам вельмі нагадваў па сваім патасе выступ Пуціна. Абодва кіраўнікі сягалі ў сваіх прамовах глябальных маштабаў – так, быццам за імі стаяць рэсурсы й ваенная магутнасьць Савецкага Саюзу. Кіраўнік Беларусі як бы ўнутрана спаборнічаў са сваім расейскім калегам у праве на лідэрства. Прычым, як казаў Чапаеў у аднайменным фільме, у сусьветным маштабе.

Гэтак Кітай (нездарма Лукашэнка згадваў яго ў сваёй прамове ў якасьці прыярытэту замежнай палітыкі), Румынія, Югаславія і нават маленькая Альбанія некалі спаборнічалі з Савецкім Саюзам у праве лічыцца адзінай сапраўднай камуністычнай дзяржавай.

Яшчэ ня так даўно Беларусь параўновалі зь Югаславіяй пэрыяду «народнага сацыялізму». Цяпер, калі ад Югаславіі не засталося ўжо нічога, а Беларусь прасунулася далёка назад у параўнаньні зь ёй у справе дэмакратыі, альбанская мадэль другой паловы ХХ стагодзьдзя выглядае найбольш годнай перайманьня. Для яе былі характэрныя апора на ўласныя сілы, поўная ізаляцыя на міжнароднай арэне, ператварэньне краіны ў суцэльную вайсковую крэпасьць. І пры гэтым – крайні нацыяналізм і, вядома ж, культ правадыра партыі й народу.

КПСС ці КГБ?

Дарма аналітыкі кажуць пра стварэньне нейкай паноўнай партыі ці партыі ўлады, накшталт «Адзінай Расеі». Лукашэнка ніколі гэтай ідэі не падтрымліваў і не падтрымае. Стварэньне «партыі ўлады» мае на ўвазе існаваньне і некалькіх іншых партыяў – хай сабе дзеля дэкарацыі, як гэта было ў так званых краінах народнай дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. КПСС, паводле Канстытуцыі СССР, была «адзінай і накіроўваючай сілай» савецкага грамадзтва. (Адмена шостага пункту Канстытуцыі, які надаваў партыі бязьмежныя правы, азначала ў выніку крах камуністычнай сыстэмы.) А больш – аніякіх партыяў. Генэральны сакратар ЦК КПСС аўтаматычна станавіўся кіраўніком дзяржавы, незалежна ад таго, як гучала яго дзяржаўная пасада – старшыня Савету міністраў ці старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету.

Няцяжка здагадацца, што менавіта гэты элемэнт падаўся найбольш прывабным цяперашняму кіраўніку Беларусі. Праблема выбараў у будучыні зьнікае сама сабой. Абірае партыя, паводле прынцыпу «дэмакратычнага цэнтралізму». На ўсеагульных выбарах народу даецца права зацьвердзіць адзінага кандыдата ад блёку партыйцаў і беспартыйных...

І ўсё-ткі, у кіраўніка дзяржавы яшчэ застаюцца сумненьні. А што, калі большасьць насельніцтва маўкліва збайкатуе «ініцыятыву зьнізу» і не паваліць валам у новую партыю? Можна, вядома, загнаць у яе людзей пад прымусам, як у БРСМ. Але што гэта будзе за партыя і навошта яна ў такім выпадку патрэбная? Лепей ужо заставацца народным прэзыдэнтам.

А яшчэ можна абысьціся й бяз партыі, сіламі аднаго толькі КГБ. Геніяльна і проста. А ў якасьці сымбалю гэтай новай дзяржаўнай пабудовы нічога лепшага не прыдумаць, як постаць «суайчыньніка» беларусаў Фэлікса Дзяржынскага.

Але ж гістарычнае месца для яго ўсё адно застаецца на Лубянскай плошчы ў Маскве. У Менску ёсьць месца для іншых помнікаў, і галоўнае сярод іх – плошча Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0