23 студзеня 1938 скончыў жыццё палітык, навуковец, адзін з кіраўнікоў БНР. Вацлава Ластоўскага арыштавалі ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», трымалі ў турме, пасля адправілі ў высылку ў Саратаў. Там Ластоўскага ў 1937-м арыштавалі паўторна і прысудзілі да расстрэлу «як агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі».

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Вільня, 1914 год.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Вільня, 1914 год.

Прэм’ерства Ластоўскага было адзначана і падтрымкай антыпольскай беларускай партызанкі, і нотай пра прызнаньне права Літвы на Віленскі край, уручанай ім у 1922 г. старшыні Генуэскай канфэрэнцыі. За гэта Антон Луцкевіч пісьмова называе Ластоўскага «бандытам». Адносіны Ластоўскага з Луцкевічамі ніколі не былі гладкімі...

Ластоўскі і Луцкевіч

Ва ўспамінах Вацлаў Ластоўскі пісаў, што рэдакцыя «НН» была падзеленая на дзьве палаты: верхнюю, у якую ўваходзілі браты Луцкевічы і Ўласаў, і ніжнюю, дзе працавалі Купала, Антон Лявіцкі, сам Ластоўскі. Камунікацыя між палатамі адбывалася шляхам прасоўваньня пад дзьверы тэкстаў для рэдактуры.

Ластоўскі і ня мог выклікаць даверу рэдактараў, — сьцьвярджае А.Сідарэвіч. — Браты Луцкевічы, Уласаў былі ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. «Наша Ніва» на той час была штабам партыі і наагул беларускага руху. (Пакуль у 1913 г. не зьявілася газэта «Беларус» і не пачаў афармляцца хрысьціянска‑дэмакратычны рух.) Ластоўскі ж прыйшоў як чужы, як тэхнічны работнік на аклад народнага настаўніка — 25 рублёў.

Чаму Луцкевічы лічылі яго ідэйна чужым?
Бо некалькі разоў мяняў партыйнасьць — спачатку быў у Польскай партыі сацыялістычнай, у нашаніўскі пэрыяд уступіў у Грамаду. Пазьней з сацыяліста зрабіўся нацыяналістам. (БСГ стаяла на пазыцыях «краёвага» патрыятызму, надаючы больш увагі сацыяльнаму вызваленьню для насельнікаў Беларусі ўсіх нацыянальнасьцяў.) Пасьля Ластоўскі меў намер разам з баронам Казімерам Шафнагелем і князем Вінцэнтам Сьвятаполк‑Мірскім стварыць клерыкальна‑кансэрватыўную партыю, а ў 1919‑м нечакана для многіх стаў эсэрам.

Ластоўскі‑рэдактар

Нягледзячы на палемікі, канцэпцыя «Нашай Нівы» заставалася нязьменнай і выверанай, кажа гісторык Андрэй Унучак.
Пры Ўласаву было хіба больш эканамічных матэрыялаў — ён сам жыва цікавіўся эканомікай; калі фактычным кіраўніком рэдакцыі быў Ластоўскі, больш увагі зьвярталася на літаратуру, фармаваньне нацыянальнай ідэі; на Купалаву долю прыпалі цэнзурныя белыя плямы, зьвязаныя з пачаткам вайны. Ідэйнае ж і стратэгічнае рэдагаваньне газэты цягам усяго яе існаваньня ажыцьцяўляў Антон Луцкевіч. Гэтаксама Луцкевіч, ды яшчэ Францішак Аляхновіч, пісалі перадавіцы ў газэце «Гоман», што выходзіла ад 1916 г. пад нямецкай акупацыяй і рэдактарам якой амаль паўтара году быў Ластоўскі. Дзіўны факт, зьвяртае ўвагу А.Сідарэвіч, за час рэдактарства ён не напісаў, бадай, ніводнага палітычнага артыкулу. Займаўся гісторыяй, бэлетрыстыкай.

Ластоўскі і «краёўства»

Ластоўскі палемізуе на старонках «НН» з былымі аднапартыйцамі. Вядомы ягоны ліст да Антона Луцкевіча, у якім Ластоўскі рэзка выступае супраць Уласава, вінавацячы яго ў «лібэральнасьці да краёвай ідэалёгіі» (маецца на ўвазе напісаны ў 1912 г. праграмны артыкул Уласава з канцэпцыяй «краю пяці нацыяў»). Ластоўскі заклікае «абапірацца на фанатыкаў сьвятой справы» нацыянальнага адраджэньня.

Канцэпцыя «краёўства», прынятая БСГ, вырасла з сыстэмы арганічнай працы, якую стварыла мясцовая эліта пасьля паразы паўстаньня 1863 г., — кажа А.Унучак. — Падставовым прынцыпам тае сыстэмы быў прынцып легальнасьці. Пад выглядам сельскагаспадарчых таварыстваў, правядзеньня сельгасвыставаў Вайніловіч, Скірмунты стваралі сыстэму ўплыву, мясцовага самакіраваньня, незалежную ад царскіх чыноўнікаў.
Культывавалі незалежную ад расейскай дзяржавы актыўнасьць.

І Луцкевічы, і Ўласаў былі таксама носьбітамі гэтай ідэі. Паглядзіце — і «НН» выступае за земствы, самакіраваньне. Выступае за стварэньне сеткі народных школаў — гэта другі важны пункт. «НН» распаўсюджваецца праз тую самую сетку агентаў, што і шматлікія польскія газэты. Празь сетку, якая стваралася дзесяцігодзьдзямі. Дзеля пашырэньня ўплыву дзеячы БСГ ствараюць — побач з «Нашай Нівай» — газэты на польскай (Kurjer Krajowy) і расейскай («Вечерняя Газета») мовах.

Пазьней, у лютым 1918 году, Ластоўскі адзін галасуе на паседжаньні Беларускай Рады супраць стварэньня Беларуска‑літоўскай дзяржавы — на «краёвых» падставах.

Да падзелу рэдакцыі, як яго апісвае Ластоўскі, А.Унучак ставіцца скептычна: «Быў падзел невідочны, падзел у выхаваньні, адукацыйным узроўні. Луцкевічы і Ўласаў, былі носьбітамі арыстакратычнай традыцыі, Ластоўскі ж быў самавук, няхай і геніяльны, Купала таксама ў вялікай меры. Купала ў лістах зьвяртаецца да Луцкевіча «паночак». Гэта было натуральна. І якраз Луцкевічы, Уласаў імкнуліся загладзіць гэтую прорву. Знаходзілі работнікам жытло, працу, магчымасьць вучыцца, уводзілі «ў сьвет». Нават той факт, што

Ластоўскі быў у масонскай ложы, якую на ўсерасейскім узроўні прадстаўляў А.Луцкевіч, — хто іншы яго мог туды запрасіць? Хіба гэта ня сьведчаньне ўмоўнасьці падзелаў?

Ластоўскі‑масон

Што такое было масонства — «масанэрыя», як казалі ў Вільні, у пачатку ХХ стагодзьдзя? Наднацыянальная арганізацыя, што яднала прагрэсіўных людзей, якія ставілі сваёй мэтай зьвяржэньне самаўладзтва. Прадстаўнік Віленскай масонскай ложы Антон Луцкевіч на агульнарасейскіх зьездах сустракаўся, да прыкладу, зь Міхайлам Грушэўскім, Аляксандрам Керанскім, кажа Анатоль Сідарэвіч. Але нацыянальнае і сацыяльнае заўжды бярэ верх. У 1917 годзе адбыўся момант ісьціны. І

былыя масоны, калі паўстала патрэба будаваць нацыянальныя дзяржавы, сталі па розных баках барыкадаў.

Ластоўскі‑прэм’ер

Даўнія ідэалягічныя і палітычныя супярэчнасьці з А.Луцкевічам прычынілся да таго, што ў сьнежні 1919 году Ластоўскі даў згоду стаць «сьцягам» перавароту ў Радзе БНР, сплянаванага Крачэўскім і Захаркам. Яны вінавацяць А.Луцкевіча ў «палянафільскай палітыцы» за пастаянныя сустрэчы з Падэрэўскім і Пілсудзкім. Яны лічаць, што варта распачаць перамовы з бальшавікамі. А «палянафіл» Луцкевіч у той час інтэрнаваны палякамі і знаходзіцца пад фактычным арыштам у варшаўскім гатэлі. Ён, Луцкевіч, ведае, што Ластоўскі, Крачэўскі і Захарка сталі на фальшывы шлях, бо старшыня Саўнаркаму УССР Хрысьціян Ракоўскі адназначна сказаў яму, што саветы не прызнаюць БНР, нават калі БНР прыме савецкую канстытуцыю. Луцкевіч шукаў ключы ад беларускага пытаньня ў Парыжы, Бэрліне і Варшаве. Стаўленьне ж Захаду выказаў адзін з гаспадароў тагачаснага сьвету, Жорж Клемансо, ударыўшы па мапе на тым месцы, дзе месьціцца Беларусь, і прамовіўшы: «Тут будзе Расея!» Заставалася надзея на Пілсудзкага, які пэўны час быў схільны будаваць новую Рэч Паспалітую на фэдэратыўных прынцыпах. Прызнала б БНР Польшча — прызнаў бы і Захад.

Прэм’ерства Ластоўскага было адзначана і падтрымкай антыпольскай беларускай партызанкі, і нотай пра прызнаньне права Літвы на Віленскі край, уручанай ім у 1922 г. старшыні Генуэскай канфэрэнцыі. За гэта Антон Луцкевіч пісьмова называе Ластоўскага «бандытам». Навошта Ластоўскі гэта зрабіў? Мо разьлічваў здабыць падтрымку ад літоўцаў на дзейнасьць партызанкі, ны культурныя праекты. Ягоная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» выйдзе ў Літве.

Ластоўскі — геніяльны самавук, кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Пачатковая школа, няскончаная гімназія (адлічаны за няздадзены экзамэн па расейскай мове) — вось і ўся адукацыя. А стварыў піянэрскую працу «Кароткая гісторыя Беларусі» (першую напісаную беларусам па‑беларуску для беларусаў, як адзначаў прафэсар Анатоль Грыцкевіч).
«Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» заслугоўвае высокай ацэнкі нават сучасных дасьледчыкаў. Яе прэзэнтуе, да прыкладу, прафэсар Яўген Неміроўскі ў першым томе сваёй «Истории славянского кирилловского книгопечатания», што выйшла ў Маскве ў 2003 г.

Нават за савецкім часам, калі само імя Вацлава Ластоўскага нельга было станоўча згадваць у друку, ягоныя творы жылі сваім жыцьцём. Так, некалькі напісаных ім паданьняў, такіх як «Няпро і Сож», «Князь і ваявода», увайшлі пад выглядам народных у акадэмічны зборнік «Легенды і паданьні». Знаўца гісторыі нашаніўскага пэрыяду Сьцяпан Александровіч апублікаваў у 1970‑я ў «ЛіМе» нататку пра выдадзеную ў 1913 г. у Пінску кніжачку «Прыгоды Тараса і Панаса» аўтарства нейкага Арцёма Музыкі. Ці ведаў ён, што гэта псэўданім Ластоўскага? І што гэты твор пад сапраўдным імем аўтара выходзіў у мюнхенскім выданьні ягоных твораў? Напэўна ж.

Ня выключана, што і песьня «У нядзельку параненьку…» пра бітву пад Воршай належыць пяру геніяльнага стылізатара Ластоўскага.
Але гэтага мы ўжо ніколі не дазнаемся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?